Прадпрымальнае супрацоўніцтва

- 12:25Навіны рэгіёнаў

Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі і Гродзенская абласная асацыяцыя прадпрымальніцтва падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве.

Дзве гэтыя структуры супрацоўнічаюць па пытаннях фінансавай дасведчанасці навучэнцаў і настаўнікаў не адзін год. Так, сумесна распрацавана праграма курсаў для кіраўнікоў устаноў адукацыі, куратараў вучэбных бізнес-кампаній. Навучанне на такіх курсах прайшло ўжо больш за 120 чалавек.

Старшыя выкладчыкі кафедры адукацыйных тэхналогій Ігар Анатольевіч і Алена Уладзіміраўна Слінко атрымалі сертыфікаты выкладчыкаў бізнес-дысцыплін і з’яўляюцца міжнароднымі трэнерамі па фінансавай адукацыі насельніцтва. Са снежня 2017 па чэрвень 2018 года Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі сумесна з Рэспубліканскім мікрафінансавым цэнтрам (Беларусь) арганізоўваў семінары-трэнінгі па міжнароднай праграме фінансавай адукацыі “Плануй сваю будучыню”, накіраваныя на павышэнне фінансавай дасведчанасці, атрыманне насельніцтвам Беларусі ведаў і навыкаў у галіне фінансаў. Семінары-трэнінгі былі праведзены для слухачоў з Дзятлаўскага, Лідскага і Ашмянскага раёнаў.

— Лічу, што інстытут робіць правільны крок, выходзячы на новы этап супрацоўніцтва з абласной асацыяцыяй прадпрымальніцтва, — гаворыць рэктар ГрАІРА Святлана Антонаўна Сяргейка. — Укараненне і развіццё ў рэгіёне інавацыйнага якаснага падыходу да бізнес-адукацыі дзяцей і моладзі павінны ажыццяўляцца пры комплекснай падтрымцы і суправаджэнні спецыялістаў інстытута.

Як адзначае А.У.Слінко, пагадненне аб супрацоўніцтве дазволіць рэалізоўваць новыя сумесныя праграмы навуковых даследаванняў, выконваць навукова-даследчыя праграмы і творчыя праекты, узаемадзейнічаць у галіне падрыхтоўкі педагогаў да дзейнасці ў сферы эканамічнага навучання, арганізоўваць сумесныя лекцыі, трэнінгі, канферэнцыі.

У гэтым упэўнены і Ігар Уладзіміравіч Чарнякоў, старшыня Гродзенскай абласной асацыяцыі прадпрымальніцтва, заснавальнік клуба маладых прадпрымальнікаў і школьнай бізнес-кампаніі. Ён выказаў падзяку інстытуту за супрацоўніцтва, якое накіравана на развіццё рэгіянальнага прадпрымальніцтва праз адукацыйныя працэсы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.