Прадпрымальнік — чалавек будучыні

- 11:18Вышэйшая школа

Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт чарговы раз гасцінна расчыніў свае дзверы. На базе ўстановы прайшоў рэспубліканскі стартап-форум “Моладзь у прадпрымальніцтве”.

Гэты праект — з’ява даволі новая, бо сёлета праводзіцца толькі другі раз. Аднак вялікая колькасць удзельнікаў даказвае, што студэнтам мерапрыемства падабаецца і яны гатовы генерыраваць новыя ідэі і выносіць іх на абмеркаванне.

Стартап-форум адкрываў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, які заўважыў, што такога роду мерапрыемствы прывучаюць моладзь да прадпрымальніцтва і інавацый. “Калі з усёй разнастайнасці праектаў з’явяцца такія, што можна будзе рэалізаваць у жыцці, — будзе вельмі здорава. Мы вучымся разам з вамі”, — сказаў Міхаіл Анатольевіч.

У размове са студэнтамі ён таксама адзначыў, што галоўнае ў справе прадпрымальніцтва — розум і талент. Міністр заклікаў студэнтаў не баяцца дзяліцца сваімі ідэямі з іншымі людзьмі, якія, магчыма, змогуць дапамагчы іх рэалізаваць, і не баяцца крытыкі ў свой бок. “Вельмі важна не толькі абмалёўваць ідэю, але і прапаноўваць варыянты яе развіцця”, — выказаў меркаванне Міхаіл Жураўкоў.

З прывітальным словам да прысутных звярнулася таксама старшыня Цэнтральнай кантрольнай камісіі БРСМ Алеся Віннік, якая запрасіла хлопцаў і дзяўчат прымаць удзел у праекце “100 ідэй для Беларусі”. Паводле прыведзеных ёй звестак, толькі ў 7% дарослага насельніцтва ёсць схільнасць і здольнасці да прадпрымальніцкай дзейнасці, а моладзь па гэтых паказчыках пераўзыходзіць старэйшае пакаленне ў два разы.

Перад маладымі распрацоўшчыкамі выступілі эксперты. Таксама шмат новых ведаў яны атрымалі падчас круглага стала “Падтрымка і развіццё маладзёжнага прадпрымальніцтва”, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства эканомікі, Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, Інфармацыйна-асветніцкай установы “Новая Еўразія” і інш.

Для ўдзельнікаў форуму былі арганізаваны дзве стартап-майстэрні —“Падрыхтоўка прэзентацыі стартапа” і “Узважаны падыход у стварэнні IT-стартапа”, якія праводзілі адзін з заснавальнікаў стартап-руху ў нашай краіне Канстанцін Уладзіміраў-Жураўскі і прадстаўнік адіміністрацыі бізнес-інкубатара ПВТ Уладзіслаў Жураўлёў. Апошні прамоўца расказаў, якіх памылак трэба пазбягаць пры стварэнні стартапа, растлумачыў, што такое SWOT-аналіз (strength (моцныя бакі), weaknesses (слабыя бакі), opportunities (магчымасці), threats (пагрозы) і якіх пунктаў неабходна прытрымлівацца, каб стартап меў поспех.

У другой палове дня адбылася галоўная падзея форуму — конкурс бізнес-ідэй і праектаў. 37 каманд з усёй Беларусі прадставілі работы ў чатырох напрамках: “Паслугі”, “ІТ-праекты”, “Вытворчасць” і “Сацыяльныя праекты”, якія ацэньвала прафесійнае журы. Па выніках конкурсу з кожнай галіны вылучаліся дзве каманды ўдзельнікаў: “Лепшы бізнес-праект” і “Лепшая бізнес-ідэя”.

Паколькі сацыяльная сфера лічыцца самай багатай на попыт, тут разгарнулася вялікая канкурэнцыя. Праекты вызначаліся разнастайнасцю. Напрыклад, праект SHC (Student help cooperation) быў накіраваны на дапамогу людзям (па доме ці ў нейкіх іншых справах), у праекце “Зялёныя дахі” прапаноўвалася выкарыстоўваць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі ў жылых комплексах Мінска і г.д.

Па словах удзельнікаў, ідэі нараджаліся як пасля доўгіх абмеркаванняў і разлікаў, так і выпадкова, пры жарце ў студэнцкай кампаніі. Студэнткі БНТУ Настасся Калмагорава, Дар’я Гардзяеня, Кацярына Фралова і Юлія Капітонава расказалі, што іх ідэя вывучэння гісторыі шляхам пракладвання маршрутаў і рэканструявання гістарычных падзей “Класная гісторыя” пабачыла свет пасля аповеду выкладчыцы пра тое, што яе дзеці не цікавяцца гісторыяй. Студэнткі зразумелі, што такія праблемы існуюць паўсюль, і распрацавалі новую канцэпцыю падачы гістарычнага матэрыялу. Студэнты з Брэста Марыя Коласава і Мацвей Мацвееў, якія прапанавалі ідэю пракладання турыстычных маршрутаў для адпачынку, сказалі, што гэта было выклікана любоўю да падарожжаў. “Калі вандруеш, звычайна цяжка знайсці адразу той варыянт, які табе падыдзе. Трэба вывучыць мноства сайтаў. Нават калі з гэтым няма праблем, то яны абавязкова з’явяцца тады, калі трэба дзе-небудзь спыніцца. Мы прапаноўваем спрасціць пошук, максімальна ўлічыўшы запыты тых, хто збіраецца ў падарожжа”, — адзначылі студэнты.

Удзельнікам стартап-форуму было цікава пачуць экспертнае меркаванyе дырэктара Цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва ТАА “Стартап тэхналогіі” Аляксея Шаблоўскага, пасля чаго былі аб’яўлены пераможцы конкурсу бізнес-ідэй.

Узнагароды размеркаваліся наступным чынам: у сферы паслуг лепшай бізнес-ідэяй стала “Кавярня маркетынгавых даследаванняў”, а лепшым бізнес-праектам — інтэрактыўны квест “Праект 213” (абодва належаць студэнтам БДЭУ). Секцыя “Вытворчасць” пакарылася студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту з праектам “З’еш мяне” і плывучай выспе “На вёслах”, якую прыдумалі студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.

У галіне сацыяльных праектаў журы пакарылі ідэя “Інтэрактыўны музей навуковай думкі” студэнтаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна і праект “ЭкаБУМ”, распрацаваны студэнтамі БНТУ. У напрамку “IT-праекты” перамогу святкавалі студэнты БДЭУ з праектамі FastWork і “Разумны палац SmartLock”.Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы, а пераможцы — настольныя бізнес-гульні, памятныя сувеніры і салодкія падарункі.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.