Прадпрымальніцтва з чалавечым абліччам і нават… душой

Платная адукацыя (як у дзяржаўных, так і ў прыватных ВНУ) у большай ступені арыентавана на задавальненне патрэб асобы, чым бюджэтная, якая працуе на дзяржзаказ. Мяркуецца, што калі чалавек вучыцца за ўласны кошт, то далей толькі ён вырашае, як распарадзіцца дыпломам. У Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці імкнуцца зрабіць так, каб выпускнікі не толькі выкарыстоўвалі сваю адукацыю па прызначэнні, але і фарміравалі новы сацыяльны слой прадпрымальнікаў, сацыяльна адказных і скіраваных на стварэнне айчынных вытворчасцей. Гэтая думка нават адлюстравана ў місіі інстытута (на гэты момант ІПД — адзіная прыватная ВНУ, якая мае сертыфікаваную сістэму менеджменту якасці).

— Прадпрымальнасць і прадпрымальніка трэба разглядаць як адну з характэрных рыс нашага часу. Гэтыя паняцці прыйшлі на змену тэрмінам ХХ стагоддзя “камерцыя” і “камерсант”, якія зводзіліся да прымітыўнага гандлю, — лічыць рэктар ІПД Віктар Леанідавіч ЦЫБОЎСКІ. — Мэта камерсанта — танна купіць і дорага перапрадаць, прадпрымальнік жа мае на мэце стварэнне новага прадукту, заснаванага на ўласнай ідэі. Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці ў тым і бачыць адну са сваіх місій — рыхтаваць спецыялістаў для малога і сярэдняга бізнесу, якія змогуць самі пачаць сваю справу, весці яе ад ідэі да рэалізацыі, прычым у самых розных галінах — у гандлі, медыцыне, адукацыі, інфармацыйных і сучасных навукаёмістых тэхналогіях. Такім чынам мы робім свой уклад у фарміраванне новага сацыяльнага слоя прадпрымальнікаў, якія будуць ствараць наш беларускі прадукт і экспартаваць яго.

Прадпрымальніку ўласцівы павышаная камунікатыўнасць, здольнасць хутка рэагаваць на змену абставін, смеласць, рызыкоўнасць. На такіх людзях неўзабаве будзе трымацца эканоміка.

— Малы бізнес адносна нядаўна атрымаў належную ацэнку з боку дзяржавы, тым не менш доля гэтага сектара эканомікі пакуль вельмі нязначная. У той жа час ІПД працуе ўжо 20 гадоў. Наколькі былі запатрабаваны ў моладзі спецыяльнасці, арыентаваныя на прадпрымальніцкую дзейнасць, ва ўмовах такога недаацэньвання?

— Інстытут у свой час адкрываў акадэмік Сяргей Сяргеевіч Атаеў, які быў вельмі дальнабачным, вопытным чалавекам. Ужо ў 90-я гады ён разумеў, што рана ці позна дзяржава адыдзе ад абсалютнага планавання ў эканоміцы. Зараз мы гэта і назіраем. Сённяшняе планаванне мае ўжо зусім іншы выгляд. У межах тых макрапараметраў, якія кожнае прадпрыемства павінна выконваць, ёсць даволі шырокая зона свабодных дзеянняў.

Сярод моладзі і 90-х, і цяперашняй, ёсць даволі высокі працэнт людзей, здольных да праяўлення актыўнасці ў любой прафесійнай дзейнасці. Пагадзіцеся, што людзі, якія могуць быць толькі выканальнікамі і якія гатовы да самастойных дзеянняў, адрозніваюцца. Гэта некалі ацаніў заснавальнік Інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці. І практыка паказала, што інстытут быў створаны недарма. Канечне, не ўсе нашы студэнты ў поўнай меры валодаюць уласцівасцямі, якія я назваў, але мы спрабуем іх развіваць.

Акрамя таго, мы імкнёмся фарміраваць сацыяльную адказнасць, чалавечае аблічча ў нашых будучых прадпрымальнікаў. Паўтару, што камерсант вельмі моцна адрозніваецца ад прадпрымальніка. Першы імкнецца атрымаць максімальны прыбытак праз лёгкія намаганні, а другі стварае прадукт не толькі для ўласнага ўзба гачэння, але і для грамадскай карысці. Ёсць значны пласт камерсантаў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія паразітуюць на эканоміцы, не плацяць падаткі, таму задача ўсіх ВНУ, якія рыхтуюць эканамістаў, — падрыхтаваць такіх спецыялістаў, якія будуць працаваць не на стварэнне асабістага капіталу, а на інтарэсы грамадства. Калі і далей мы будзем гэта рабіць, то праз некалькі гадоў прадпрымальнікі выціснуць камерсантаў у шматлікіх напрамках эканамічнай дзейнасці.

— 2011 год быў аб’яўлены Годам прадпрымальнасці. Ці змянілася што-небудзь у дзейнасці інстытута, у сферы прадпрымальніцтва, у грамадскай думцы адносна прадпрымальнікаў, рэпутацыю якіх істотна сапсавалі тыя самыя камерсанты?

— Хачу сказаць, што інстытут яшчэ раней адчуў увагу з боку дзяржавы. Напрыклад, у 2010 годзе ІПД атрымаў дыплом Мінгарвыканкама як лепшая структура, што аказвае інфармацыйную падтрымку малому і сярэдняму бізнесу. За апошнія гады ўзнікла некалькі саюзаў прадпрымальнікаў, у прыватнасці — Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і работадаўцаў, які з’яўляецца партнёрам інстытута. Змяніліся падыходы да падатку на прыбытак, у тым ліку і для ўстаноў адукацыі. У цэлым у краіне сфарміравана бізнес-платформа, якая адстойвае свае інтарэсы, з аднаго боку, а з другога — фарміруе адносіны грамадства да бізнесу. Той факт, што на гэты час у Мінску 30 працэнтаў ВУП фарміруюць менавіта малыя прадпрыемствы, гаворыць аб тым, што яны працуюць празрыста, адкрыта, плацяць падаткі — значыць, іх дзейнасць прыносіць карысць. Думаю, праз некалькі гадоў мы ўбачым больш выразныя пазітыўныя зрухі.

— Скажыце, калі ласка, ці арыентуюцца вашы абітурыенты ў гэтых працэсах? Чаму інстытут вырашыў займацца эканамічным лікбезам школьнікаў?

— Мы ўвесь час памятаем аб матывацыі абітурыентаў. Калі інстытут арганізоўваў эканамічны клуб “Юны прадпрымальнік” і “Школу бізнесу” для навучэнцаў каледжаў, мы сутыкнуліся з тым, што ў школах дзяцей вучаць агульнаадукацыйным прадметам, але не матывуюць на выбар віду дзейнасці. Так, школы робяць сваю галоўную справу, але, на жаль, не глядзяць на перспектыву.

У кожную эпоху былі папулярнымі розныя навуковыя дысцыпліны і галіны ведаў: у 60-я гэта былі фізіка і матэматыка; напрыканцы ХХ стагоддзя востра стала пытанне камерцыялізацыі дасягненняў прагрэсу і ўзнікла патрэба ў эканамічных ведах. Аказалася, сістэма адукацыі не ўлічыла таго, што новая эпоха патрабуе іншага чалавека. Эканамічныя веды сёння — гэта як веданне алфавіта ці роднай мовы. У дзейнасці спецыяліста з любой сферы ёсць эканамічны складнік. Нават калі б я быў хімікам, я эканоміку вывучыў бы толькі за тое, што з яе дапамогай трэба адаптавацца ў навакольным свеце.

У ІПД часам пераводзяцца студэнты з еўрапейскіх ВНУ, і ў іх дакументах гаворыцца, што яны вывучалі курс “Эканоміка сям’і”. Як правільна распараджацца сямейным бюджэтам, як планаваць выдаткі, карыстацца паслугамі банка і г.д. — беларускія дзеці і студэнты абсалютна адарваны ад гэтых працэсаў. Таму ў эканамічным клубе для школьнікаў мы паставілі дзве задачы: даць абітурыентам азы эканомікі і, акрамя таго, паказаць, наколькі ўвогуле ім цікава эканоміка ў якасці будучай прафесіі.

На мой погляд, нашы дзеці сёння жывуць у даволі камфортных умовах. Што можа іх прымусіць падумаць аб сваёй будучыні? Ды і нават калі ўзяць дарослых — ці ўсе з нас усур’ёз плануюць сваё жыццё? Часта дзеці думаюць, што ім дапамогуць бацькі, школа, грамадства. З-за гэтага бывае вельмі шмат няўдач у выбары прафесіі і цэлая серыя непрыемных наступстваў. Работа з абітурыентамі ў ІПД накіравана на тое, каб засцерагчы дзяцей ад такіх памылак. Дарэчы, навучэнцы каледжаў, якія наведваюць нашу “Школу бізнесу”, істотна адрозніваюцца ад школьнікаў найперш па ўзроў ні матывацыі, бо яны раней трапілі ў прафесійнае асяроддзе, паспелі ўжо сутыкнуцца з жыццёвымі праблемамі. Звычайна такія маладыя людзі становяцца і больш паспяховымі студэнтамі.

Як паказвае практыка, эканамічная асвета — справа вельмі складаная. Мяркуйце самі: каб вывучыць тэму “Дзяржаўны бюджэт”, трэба прачытаць кнігу ў 600 старонак, эканамічная тэорыя выкладзена на 1000 старонках! А дысцыплін вялізная колькасць. Дзіцяці лёгка заблукаць у такім аб’ёме інфармацыі. Больш за тое, эканамічныя веды бясконца мяняюцца, эканоміка вельмі непрадказальная, як надвор’е. Тым не менш мы спрабуем выступаць своеасаблівым навігатарам для абітурыентаў. Важна паказаць дзецям, якія наступствы могуць мець няправільныя эканамічныя паводзіны і, наадварот, што правільнае маніпуліраванне сваімі наяўнымі сродкамі і магчымасцямі можа прывесці да дабрабыту. Трэба, каб гэтае разуменне прыйшло як мага раней, бо калі яно прыйдзе пасля 40 гадоў, то поспеху дабіцца будзе складана.

— Кажучы мовай менеджменту якасці, якія яшчэ ўваходныя параметры ўласцівы вашым абітурыентам, акрамя нізкай матывацыі? Які ён, новы абітурыент, з якога вы спрабуеце “ляпіць” сучаснага прадпрымальніка?

— Большасць сучасных школьнікаў не прызвычаіліся працаваць, яны не ведаюць, што такое асалода ад фізічнай працы, спорту, інтэлектуальнай нагрузкі. У іх нізкая пазнавальная актыўнасць, лянота, сфарміраваная камфортнымі ўмовамі жыцця. У выніку яны недаатрымліваюць веды ў школе. Аналіз паказвае, што сярэдні бал атэстата нашых першакурснікаў складае 73, але калі глядзець на балы ЦТ па матэматыцы, то гэта 16—20, па мове — 27, што значна ніжэй, чым адзнакі па гэтых прадметах у атэстаце. Таму для студэнтаў 1 курса мы ўвялі факультатыў па вышэйшай матэматыцы, многім ён дапамагае. Такім чынам, я раблю выснову: наш абітурыент мае творчы, інтэлектуальны патэнцыял, але выпешчаны сацыяльнымі ўмовамі і бацькамі. Мы абавязаны яго дарасціць да стандарту — і мы гэта робім. Хаця да 30 працэнтаў студэнтаў адлічваем.

— Віктар Леанідавіч, каму вы рэкамендавалі б паступаць у Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці, а каму — не?

— Я рэкамендаваў бы выбіраць гэты шлях тым маладым людзям, якія маюць гуманітарную скіраванасць мыслення. Прадпрымальнік — гэта не глыбокі індывідуал, які дзейнічае выключна ў сваіх інтарэсах, а гуманітарый, які бачыць праблемы грамадства і настроены на іх вырашэнне. Важны акцэнт — гэта чалавек, які не толькі зарабляе для сябе, але рэалізоўваецца ў цікавым бізнесе і гатоў аддаць частку сваіх даходаў у фонд соцыуму. Нам патрэбен прадпрымальнік з чалавечым абліччам і чалавечай душой, які будзе дзяліцца сваімі дасягненнямі.

Іна НІКІЦЕНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.


© Сайт арыгіналу Абітурыент, 2012.
Тэгі: , , ,

 

Feed enhanced by Better Feed from Ozh