Прадпрымальныя канікулы

Падчас восеньскіх канікул у сярэдняй школе № 2 Мсціслава было шумна і весела. Тут сабраліся педагогі і навучэнцы Мсціслаўскага раёна на трэнінгі “Маладзёжнае прадпрымальніцтва”, якія былі нацэлены на выяўленне і развіццё прадпрымальніцкіх здольнасцяў школьнікаў.

Трэнінгі былі арганізаваны з мэтай дапамагчы навучэнцам, якім трэба будзе стаць вытворцамі, прадаўцамі, спажыўцамі, інвестарамі, больш даведацца пра бізнес, а таксама пазнаёміць іх з такой формай арганізацыі бізнесу, як школьная кампанія.

За час канікул навучэнцы даведаліся пра асноўныя паняцці эканомікі, абмеркавалі, якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, які хоча стаць прадпрымальнікам. Было праведзена анкетаванне для выяўлення прадпрымальніцкіх здольнасцей. Вынікі тэсціравання па бізнес-арыентацыі выклікалі вялікую цікавасць у моладзі. Падлеткі таксама даведаліся, якія існуюць бізнес-камунікацыі, патрабаванні да арганізацыі вытворчасці, як проста, зразумела, цікава і хутка падрыхтаваць бізнес-план. Разгледзелі, што такое стартап-рух і якія існуюць формы падтрымкі моладзевага прадпрымальніцтва ў Беларусі.

Разбіўшыся на некалькі каманд, дзеці паспрабавалі арганізаваць вытворчасць тавараў і паслуг. Прааналізавалі, якія пры гэтым патрэбныя рэсурсы для дасягнення максімальных бізнес-вынікаў. Разгледзелі пытанні аптымальнага забеспячэння: закупка, дастаўка, прыёмка і захоўванне сыравіны. Вызначалі патрэбнасць у інвестыцыях і іх крыніцы, рабілі кароткую прэзентацыю сваіх праектаў.

Усе трэнінгі арганізаваны з прымяненнем інтэрактыўных метадаў навучання. Дзякуючы гэтаму навучэнцы змаглі рэальна паглыбіцца ў сацыяльныя і эканамічныя праблемы рэгіёна. Трэнінгі былі арганізаваны ў рамках рэалізацыі праграмы развіцця ПРААН “Садзейнічанне занятасці і самазанятасці насельніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Рэспублікі Беларусь”. Гэты праект накіраваны на развіццё занятасці, стымуляванне прадпрымальніцкай ініцыятывы ў сферы малога і сярэдняга бізнесу. У цэлым гэта павінна спрыяць стварэнню новых працоўных месцаў і павышэнню дабрабыту насельніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Рэспублікі Беларусь.

Аляксандр СЯМЁНАЎ,
настаўнік інфарматыкі Ходасаўскай сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.