Прадстаўляем акватроніку

Уладзіслаў Савіцкі, навучэнец Маладзечанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, філіяла РІПА, будзе ўдзельнічаць у Міжнародным чэмпіянаце WorldSkills у Казані ў прафесійнай кампетэнцыі “Акватроніка”. Яна ўпершыню ўнесена ў пералік кампетэнцый, па якіх будзе выступаць нацыянальная зборная Беларусі.

Галоўным экспертам новай кампетэнцыі з’яўляецца Д.Л.Грыбаў, вядучы спецыяліст па аўтаматызацыі замежнага ўнітарнага прадпрыемства “ФЕСТО”. Дзмітрый Леанідавіч уваходзіць у эксперт­ную супольнасць з самага пачатку руху WorldSkills у нашай краіне.

Акватроніка — прафесія, звязаная з цыркуляцыяй і сістэмамі ачысткі вады, сёння набывае ўсё большую знач­насць з улікам аховы навакольнага асяроддзя. Спецыялісты-акватронікі займаюцца маніторынгам і кіраваннем аб’ектаў водазабеспячэння. Ад іх патрабуюцца не толькі глыбокія тэарэтычныя веды і практычныя навыкі, але і ўменне чытаць тэхнічныя схемы і чарцяжы, згодна з якімі вядзецца эксплуатацыя адпаведнага ачышчальнага абсталявання.

У перыяд падрыхтоўкі да выступлення ў Казані Уладзіслаў прыняў удзел у Міжнародным конкурсе прафесійнага майстэр­ства “Адзін пояс — адзін шлях” у Кітаі. На спаборніцтва прыехалі прадстаўнікі больш як 10 краін з розных кантынентаў, у тым ліку Рэспублікі Беларусь.

Па ўмовах конкурсу, на працягу двух дзён Уладзіслаў выконваў заданне па ачыстцы замутнёнай вады з дапамогай адпаведных рэактываў. Другое заданне — разборка і зборка гідрапомпы. Па выніках конкурсу Уладзіслаў заняў 3-е месца.

Навучэнец расказаў, што цяпер ён старанна рыхтуецца да спаборніцтваў у Казані. Ён вывучае адпаведныя тэмы па хіміі, прымяненні рэактываў, праводзіць хімічныя даследаванні. Хлопцу спатрэбяцца веды па мехатроніцы (ён вучыцца па гэтай спецыяльнасці), а таксама веданне англійскай мовы для тэхнічнага ўжывання. Атрымаўшы добры вынік на міжнародным спаборніцтве ў Кітаі, Уладзіслаў хоча ўдала выступіць і ў Казані. Мяркуючы па цвёрдым характары і мэтанакіраванасці навучэнца, будзем спадзявацца, што ў яго ўсё атрымаецца, як і ў іншых удзельнікаў нашай каманды.

Ала КЛЮЙКО.