Намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін правёў першае пасяджэнне арганізацыйнага камітэта для падрыхтоўкі і правядзення 17—21 красавіка 2017 года ў Мінску XXIV Міжнароднага спецыялізаванага форуму па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях “ТІБО”.
“На форуме неабходна абмеркаваць найбольш актуальныя пытанні ўкаранення перспектыўных тэхналогій у Беларусі з улікам міжнароднага вопыту. Гэта адытыўныя тэхналогіі, 3D-друк, апрацоўка вялікіх аб’ёмаў даных, “інтэрнэт-рэчаў”. Гэта ў тым ліку і электронны ўрад, які мы ўсяляк пашыраем”, — адзначыў Анатоль Калінін.
Таксама ён паставіў задачу максімальна поўна прадставіць Парк высокіх тэхналогій. “Неабходна прадставіць ва ўсёй красе ўсё, што створана. А створана нямала. Многія замежныя госці, наведваючы гэтую пляцоўку, адзначаюць істотны рух краіны ў гэтым напрамку”, — сказаў Анатоль Калінін. Акрамя таго, віцэ-прэм’ер даручыў шырока асвятліць работу форуму ў СМІ, у тым ліку замежных.
Анатоль Калінін нагадаў, што ў апошнім рэйтынгу Міжнароднага саюза электрасувязі Беларусь заняла 31-е месца па ўзроўні развіцця ІКТ. “Мы па-ранейшаму займаем першае месца сярод краін СНД. Гэта значыць, што, з аднаго боку, нам ёсць што паказаць, з другога — ёсць да чаго імкнуцца. Па выніках ТІБО-2016 усе спецыялісты адзначылі высокі ўзровень арганізацыі праведзеных мерапрыемстваў. Лічу, што ў гэтым годзе мы павінны яшчэ вышэй падняць планку”, — сказаў ён.