Сярод педагогаў існуе выказванне: “Педагог — гэта не прафесія, а лад жыцця”. Часцей за ўсё гэта азначае, што не толькі на рабоце, але і дома педагог застаецца педагогам, гэта значыць ацэньвае, вучыць дамашніх і родных. І гэта дакладны сімптом таго, што ў псіхалогіі называецца прафесійнай дэфармацыяй асобы: пасля выхаду чалавека з прафесійнай сітуацыі не адбываецца яго натуральнага “выпраўлення”, таму нават у асабістым жыцці чалавек працягвае несці на сабе “дэфармуючы адбітак” сваёй прафесіі.
Як адзначаюць спецыялісты, адна з самых частых прычын прафесійнай дэфармацыі — спецыфіка найбліжэйшага асяроддзя, з якім вымушаны мець зносіны спецыяліст, і яго дзейнасць. Другая — раздзяленне працы і ўсё больш вузкая спецыялізацыя. Прафесійнае выгаранне — працэс паступовы. У ім можна вылучыць тры стадыі. Першая стадыя — умераныя, нядоўгія, выпадковыя прыметы працэсу. Усе прыметы і сімптомы праяўляюцца ў лёгкай форме, выяўляюцца ў клопаце пра сябе, напрыклад, шляхам расслаблення і арганізацыі перапынкаў на рабоце. Праяўляецца на ўзроўні адвольных паводзін: забыванне нейкіх момантаў, гаворачы бытавой мовай, правалы ў памяці. Звычайна на гэтыя першапачатковыя сімптомы мала хто звяртае ўвагу, называючы іх жартам дзявочай памяццю або склерозам. У залежнасці ад характару дзейнасці, велічыні нервова-псіхічных нагрузак і асаблівасцей спецыяліста першая стадыя можа фарміравацца на працягу трох-пяці гадоў. Другая стадыя — зніжэнне цікавасці да работы, патрэбы ў зносінах: не хочацца бачыць тых, з кім спецыяліст мае зносіны па характары дзейнасці; у чацвер адчуванне, што ўжо пятніца; тыдзень цягнецца бясконца; нарастанне апатыі да канца тыдня; з’яўленне ўстойлівых саматычных сімптомаў (галаўныя болі па вечарах, павелічэнне колькасці прастудных захворванняў); павышаная зласлівасць. Сімптомы праяўляюцца больш рэгулярна, носяць зацяжны характар і цяжэй паддаюцца карэкцыі. Час фарміравання гэтай стадыі — ад пяці да пятнаццаці гадоў. Трэцяя стадыя — уласна асобаснае выгаранне. Хранічныя прыметы і сімптомы. Характэрна поўная страта цікавасці да работы і да жыцця ўвогуле, эмацыянальная абыякавасць, атупенне, адчуванне пастаяннай адсутнасці сіл. Чалавек імкнецца да адасобленасці. На гэтай стадыі яму прыемней мець зносіны з жывёламі і прыродай, чым з людзьмі. Магчыма развіццё трывожнага, дэпрэсіўнага расстройства, залежнасцей ад псіхаактыўных рэчываў. Стадыя можа фарміравацца ад дзесяці да пятнаццаці гадоў.
Чалавек шукае своеасаблівыя шляхі абароны ад дэфармацыі. Адным са спосабаў такой псіхалагічнай абароны з’яўляецца сіндром эмацыянальнага выгарання — гэта адмоўнае ўздзеянне прафесійнай дзейнасці ў сферы “чалавек — чалавек”, якое праяўляецца ў выглядзе пэўных змяненняў у паводзінах і стане чалавека.
Л.А.Панько вылучае наступныя праяўленні сіндрому: адыход ад кантактаў, эмацыянальнае знясіленне, псіхасаматычнае недамаганне, страчваецца вастрыня пачуццяў, страчваецца ўяўленне пра каштоўнасць жыцця, праяўляюцца агрэсіўнасць, негатыўныя адносіны да навакольных і да сваёй работы, упадніцкі настрой і г.д. У выніку прафесійнай дзейнасці чалавек можа атрымаць пазітыўныя (асобасны рост) або негатыўныя наступствы (прафесійная дэфармацыя).
На мой погляд, асноўнымі прычынамі ўзнікнення сіндрому эмацыянальнага выгарання ў педагагічнай дзейнасці з’яўляюцца: высокая эмацыянальная ўключанасць у дзейнасць; жорсткія часавыя рамкі (заняткі, навучальны год); адсутнасць усведамлення зваротнай сувязі паміж працэсам навучання і вынікам, які атрымліваецца, неадпаведнасць вынікаў затрачаным сілам; кантроль з боку адміністрацыі і адказнасць перад бацькамі і грамадствам у цэлым за вынік сваёй дзейнасці; неадрэгуляванасць арганізацыйных момантаў (нагрузка, маральнае і матэрыяльнае стымуляванне).
З мэтай прафілактыкі і прадухілення сіндрому эмацыянальнага выгарання ў нашай дашкольнай установе я як педагог-псіхолаг праводжу з педагагічным калектывам мерапрыемствы тэарэтычнага і практычнага характару. Мерапрыемствы тэарэтычнага характару дазваляюць увесці педагогаў у сэнсавае поле праблемы, інфармаваць па гэтай тэме (кансультацыі “Сіндром эмацыянальнага выгарання”, “Стадыі прафесійнага выгарання”, памяткі “Антыстрэсавая рэлаксацыя”, “Прыметы эмацыянальнага выгарання асобы педагога”, інтэрактыўныя гутаркі “Майстэрства ўладарыць сабой” і інш.). Мерапрыемствы практычнага характару накіраваны на навучанне педагогаў метадам зняцця псіхаэмацыянальнага напружання, прыёмам самарэгуляцыі псіхічных станаў (заняткі з элементамі трэнінгу па прафілактыцы псіхаэмацыянальнага стану, псіхалагічнай зарадкі, распрацоўка рэкамендацый па прафілактыцы эмацыянальнага выгарання, семінары-практыкумы “Прафілактыка і пераадоленне прафесійных стрэсаў”).
Вышэйназваныя мерапрыемствы рэалізоўваю як праз традыцыйныя формы дзейнасці (кансультацыі, рознага роду семінары, псіхаасветніцкія і інтэрактыўныя гутаркі, трэнінгавыя заняткі), так і нетрадыцыйныя (псіхалагічныя зарадкі, рэлаксацыя, візуалізацыя, работа з метафарычнымі картамі). Хацелася б больш падрабязна спыніцца на апошніх.
Псіхалагічныя зарадкі спрыяюць павышэнню энергетычнага патэнцыялу педагогаў, авалоданню прыёмамі рэлаксацыі і канцэнтрацыі, зняццю псіхаэмацыянальнага напружання. Праводзяцца ў выглядзе комплексаў. Кожнае практыкаванне паўтараецца ад 3 да 5 разоў.
Комплекс 1
1. Пагладжваючы сябе левай рукой па патыліцы, паўтараць: “Я адабраю сябе”.
2. Паціраючы далонь аб далонь, паўтарыць: “Я прывабліваю ўдачу, з кожным днём станаўлюся багацейшым”.
3. Паклаўшы на лоб левую далонь, потым правую, паўтарыць: “Я рашаю любыя задачы, са мной заўсёды любоў і ўдача”.
4. Склаўшы рукі ў замок, робячы глыбокі ўдых: “Сусвет мне ўсміхаецца”, — глыбокі выдых: “Усё ў мяне атрымліваецца”.
5. Масажуючы мочкі вушэй, зажмурваючы папераменна левае і правае вока, паўтарыць: “Будучыня цудоўная”.
6. Правай рукой (потым левай), пагладжваючы локаць, паўтарыць: “Я любімая”.
7. Сціснуўшы кулакі, робячы кручэнні рукамі: “На шляху ў мяне няма перашкоды, усё атрымліваецца так, як трэба”.
Метафарычныя карты — гэта візуальны стымул для праекцыі ўнутраных феноменаў асобы чалавека. Работу з картамі я ўводжу ў трэнінгавыя заняткі на розных этапах. Напрыклад, у пачатку заняткаў педагогам прапаноўваю ўзяць усляпую па адной карце. Расказаць, як адлюстраванае на карце суадносіцца з іх настроем і чаканнямі ад заняткаў. У канцы заняткаў — узяць усляпую па адной карце. Расказаць, як адлюстраванае на карце суадносіцца з іх настроем зараз. Што змянілася, у які бок? Пры такім падыходзе ўжо намячаецца глыбокая работа з праекцыяй, калі чалавек убачанае на карце суадносіць са сваімі ўнутранымі адчуваннямі і перакананнямі.
Візуалізацыя павышае энергетычны патэнцыял педагогаў, знімае псіхаэмацыянальнае напружанне.
Напрыклад, “Стары горад”. Педагог-псіхолаг: “Сядзьце, калі ласка, зручней. Расслабцеся, заплюшчыце вочы. Уявіце сабе горад, якія ў ім вуліцы: шырокія або вузкія, доўгія або кароткія? Якія дамы і якога колеру? Уявіце, якая пара года зараз, які час сутак. Паглядзіце па баках: вы адзін або вас акружаюць людзі? Прыслухайцеся, што вы чуеце? Спевы птушак, шум ветру, рып форткі або навокал цішыня? Як вы сябе адчуваеце? Запомніце гэтае пачуццё. А цяпер давайце прагуляемся. Вось і гарадская плошча. Якая яна? У цэнтры знаходзіцца фантан. Працуе ён ці не, вялікі ён ці маленькі, круглы ці квадратны? Якія пачуцці ён у вас выклікае? На другім баку плошчы вы заўважаеце магазін. Давайце падыдзем да яго, уважліва разгледзім вітрыну. Якая яна? Яркая, маляўнічая або простая, непрыметная? Давайце зойдзем унутр. Вазьміце, калі ласка, дзвярную ручку і пацягніце на сябе. Лёгка ці цяжка адчыняюцца дзверы? Заходзьце. Як вам магазін, у які вы прыйшлі? Выберыце сабе рэч, якая больш за ўсё вам падабаецца. Чым яна вас прывабіла? Раптам у магазіне пачало гаснуць святло, і вы адчулі, што стаміліся. У кутку вы бачыце крэсла, падыдзіце і прысядзьце ў яго. Адчуйце, як вам стала добра. Вы засынаеце… Але раптам вы прачынаецеся, устаяце з крэсла і выходзіце з магазіна. Халодны ветрык абвявае вас. Вы расплюшчваеце вочы і аказваецеся ў нас у пакоі”.
Інтэрпрэтацыя: Уяўленне горада і ўсяго, што ёсць у ім, — гэта тое, як чалавек бачыць сваё жыццё. Фантан — эмоцыі чалавека, іх праяўленне і кантроль. Вітрына магазіна — гэта тое, як бачаць чалавека іншыя, як ён можа сябе падаць. Дзверы магазіна — уваход ва ўнутраны свет (лёгка ці цяжка адчыняецца). Магазін (унутры) — унутраны свет чалавека. Рэч — патрэба чалавека. Для дыягностыкі сіндрому эмацыянальнага выгарання выкарыстоўваю наступныя дыягнастычныя методыкі: шкалу самаацэнкі Ч.Д.Спілберга, Ю.Л.Ханіна, апытальнік на выгаранне МВІ, методыку дыягностыкі ўзроўню эмацыянальнага выгарання В.В.Бойкі, методыку вывучэння сіндрому эмацыянальнага выгарання асобы педагога (К.Маслач і С.Джэксан).
Маніторынг па вывучэнні ўзроўню эмацыянальнага выгарання праводжу штогод у студзені, стараючыся ўцягнуць у абследаванне ўвесь педагагічны калектыў дашкольнай установы. Каб прадухіліць узнікненне гэтага сіндрому ў нашым калектыве, я як педагог-псіхолаг прапаноўваю педагогам прытрымлівацца наступных рэкамендацый:
1. Вызначаць кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя мэты. Гэта забяспечвае не толькі зваротную сувязь, якая сведчыць пра тое, што чалавек знаходзіцца на правільным шляху, але і павышае доўгатэрміновую матывацыю. Дасягненне кароткатэрміновых мэт — поспех, які павышае ступень самавыхавання.
2. Выкарыстоўваць тайм-аўты. Для забеспячэння псіхічнага і фізічнага дабрабыту вельмі важны адпачынак ад работы і іншых нагрузак. Часам неабходна збегчы ад жыццёвых праблем і развеяцца, трэба знайсці захапляльны і прыемны занятак.
3. Авалодаць уменнямі і навыкамі самарэгуляцыі. Рэлаксацыя, станоўчая ўнутраная гаворка спрыяюць зніжэнню ўзроўню стрэсу. Напрыклад, вызначэнне рэальных мэт дапамагае збалансаваць прафесійную дзейнасць і асабістае жыццё.
4. Прафесійна развівацца і самаўдасканальвацца. Адным са спосабаў прадухіліць сіндром эмацыянальнага выгарання з’яўляецца абмен прафесійнай інфармацыяй з прадстаўнікамі іншых службаў. Увогуле, супрацоўніцтва дае адчуванне больш шырокага свету. Для гэтага існуюць розныя курсы павышэння кваліфікацыі, канферэнцыі, дзе сустракаюцца людзі з вопытам, якія працуюць у іншых сістэмах, дзе можна пагаварыць, у тым ліку на адцягненыя тэмы.
5. Пазбягаць непатрэбнай канкурэнцыі. У жыцці шмат сітуацый, калі мы не можам пазбегнуць канкурэнцыі. Вельмі вялікае імкненне да выйгравання стварае напружанне і трывогу, робіць чалавека празмерна агрэсіўным.
6. Імкнуцца да эмацыянальных зносін. Калі педагог аналізуе свае пачуцці і адчуванні і дзеліцца імі з іншымі, то верагоднасць выгарання значна зніжаецца або гэты працэс не так яўна выяўлены.
7. Падтрымліваць добрую спартыўную форму. Паміж целам і розумам існуе цесная ўзаемасувязь. Хранічны стрэс уздзейнічае на чалавека, таму вельмі важна падтрымліваць добрую спартыўную форму з дапамогай фізічных практыкаванняў і рацыянальнага харчавання. Няправільнае харчаванне, злоўжыванне спіртнымі напіткамі, тытунем, змяншэнне або празмернае павышэнне масы цела ўзмацняюць праяўленне сіндрому эмацыянальнага выгарання.
Работа па прафілактыцы эмацыянальнага выгарання асобы педагога, якую я праводжу ў нашай дашкольнай установе, дазваляе знімаць псіхаэмацыянальнае напружанне, павышаць узровень псіхасаматычнага здароўя педагогаў, фарміраваць адэкватныя адносіны да ўласнага здароўя як адной з вышэйшых жыццёвых каштоўнасцей, набываць унутраную стабільнасць, упэўненасць у сабе, пазітыўнае мысленне. А гэта, у сваю чаргу, станоўча ўплывае на адукацыйны працэс.
Людміла КІРКАЛАВА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 53 Магілёва.