Прадухіліць размяшчэнне ракет сярэдняй і меншай далёкасці на еўрапейскім кантыненце

Беларусь заклікае прыкласці максімум намаганняў для прадухілення размяшчэння ракет сярэдняй і меншай далёкасці на еўрапейскім кантыненце. Аб гэтым гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Беларусі ў сувязі з выхадам ЗША з Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці, паведамілі ў прэс-службе МЗС.

“Рэспубліка Беларусь са шкадаваннем успрыняла выхад ЗША з Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД), што вядзе да спынення яго дзеяння, — гаворыцца ў заяве МЗС. — ДРСМД быў адным з найважнейшых элементаў сучаснай раззбраенчай архітэктуры. Дагавор унёс істотны ўклад у зніжэнне напружанасці і ўмацаванне даверу на еўрапейскім кантыненце праз забарону цэлага класа крылатых і балістычных ракет і фактычна паклаў пачатак практычным крокам у галіне ядзернага раззбраення”.

Спыненне дзеяння ДРСМД наносіць сур’ёзны ўрон міжнароднай бяспецы і стратэгічнай стабільнасці, ствараючы перадумовы для гонкі ўзбраенняў у розных рэгіёнах свету, у першую чаргу ў Еўропе.

“Будучы адказным і паслядоўным бокам ДРСМД, Беларусь была гатова ўдзельнічаць у любых канструктыўных намаганнях па захаванні яго жыццяздольнасці. Мы неаднаразова прапаноўвалі вырашаць праблемныя пытанні праз прафесійны і ўзаемапаважлівы дыялог у рамках прадугледжаных дагаворам механізмаў. На жаль, нашы прапановы засталіся без адказу”, — адзначаецца з заяве МЗС Беларусі.

Беларускі бок у такой сітуацыі заклікае ўсе зацікаўленыя дзяржавы па абодва бакі Атлантыкі прыкласці максімум намаганняў, каб прадухіліць размяшчэнне ракет сярэдняй і меншай далёкасці на еўрапейскім кантыненце. Беларусь гатова да канструктыўнай і мэтанакіраванай работы для дасягнення гэтай мэты.