Прадукцыя беларускай абаронкі зацікавіла азербайджанскага лідара

- 11:02Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў азнаёміўся з найноўшымі распрацоўкамі прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу Беларусі на III Міжнароднай выставе абароннай прамысловасці ADEX-2018 у Баку. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Дзяржкамваенпрама.

Выстава адкрылася 25 верасня. У першы дзень яе работы нацыянальную беларускую экспазіцыю наведаў Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў. “Ён азнаёміўся з экспазіцыяй і сустрэўся з кіраўніком беларускай дэлегацыі, старшынёй Дзяржкамваенпрама Раманам Галоўчанкам, які грунтоўна праінфармаваў лідара азербайджанскай дзяржавы аб магчымасцях і перспектывах беларускай абаронкі”, — расказалі ў прэс-службе.

Старшыня Дзяржкамваенпрама таксама правёў сустрэчу з міністрам абароны Азербайджана Закірам Гасанавым. “Бакі абмеркавалі розныя пытанні ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва”, — адзначылі ў прэс-службе.

Удзельнікамі ADEX-2018 сталі 224 кампаніі з амаль 30 краін свету. Да гэтага часу выставу наведалі больш за 40 афіцыйных дэлегацый. Самыя маштабныя нацыянальныя экспазіцыі арганізавалі Турцыя, Расія, Ізраіль і Беларусь.

Найноўшыя распрацоўкі на выставе прэзентавалі больш за 10 прадпрыемстваў беларускага ваенна-прамысловага комплексу. У беларускай экспазіцыі прадстаўлены шырокі спектр новай і перспектыўнай прадукцыі, створанай з прымяненнем сучасных інавацыйных тэхналогій. Гэта маштабныя і макетныя ўзоры робатызаванай тэхнікі наземнага і паветранага базіравання, сістэмы агнявога паражэння, баявыя геаінфармацыйныя сістэмы, у тым ліку мабільныя сродкі радыёсувязі, прадукцыя аптычнага і оптыка-электроннага прыборабудавання, сродкі рухомасці, інавацыйныя распрацоўкі ў галіне сістэм радыёлакацыі і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, бартавыя комплексы абароны і індывідуальнай абароны рухомых і пляцоўных аб’ектаў, а таксама магчымасці прадпрыемстваў па вытворчасці, мадэрнізацыі, рамонце і тэхнічным абслугоўванні ўзбраення і ваеннай тэхнікі.