Прадукцыя найвышэйшай якасці

Беларускія прадукты харчавання, якія пастаўляюцца ў Расію, — найвышэйшай якасці, заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

“Граніцу Расіі за 10 месяцаў перасякло 1,1 млн т мяса-малочных прадуктаў харчавання. Гэта каласальныя аб’ёмы паставак. Вернута службамі Рассельгаснагляду назад вытворцам 7,5 тысячы т. Гэта сведчыць аб тым, што беларускія прадукты харчавання, якія пастаўляюцца, — найвышэйшай якасці”, — адзначыў пасол.

Адносна беларускіх прадпрыемстваў, для якіх абмежаваны допуск на расійскі рынак, Аляксандр Сурыкаў лічыць іх колькасць нязначнай. Паводле яго даных, усяго 20 з 600. “Гэтая лічба таксама сведчыць аб найвышэйшай якасці беларускіх прадуктаў харчавання”, — сказаў ён.

Аляксандр Сурыкаў падкрэсліў, што 95 працэнтаў беларускіх прадуктаў харчавання, якія ідуць на экспарт, пастаўляюцца на расійскі рынак.

Што тычыцца фальсіфікату, што выяўляецца ў Расіі пад маркай беларускай прадукцыі, то Аляксандр Сурыкаў лічыць, што гэта таксама паказчык якасці беларускіх прадуктаў.