Прадуктыўны ўрок

- 11:56Адукацыйная прастора

“У сучасных умовах педагог павінен не толькі даваць трывалыя веды сваім вучням, але і фарміраваць здольнасць самастойна мысліць, здабываць і прымяняць веды ў нестандартнай сітуацыі, прымаць абдуманыя рашэнні і дакладна планаваць наступныя дзеянні, быць адкрытымі для новых кантактаў і ўмець творча ўзаемадзейнічаць з навакольным светам. І ўсё гэта трэба паспець зрабіць у рамках вучэбных заняткаў — за 45 хвілін”, — упэўнена настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 35 Мінска Наталля Віктараўна Аніковіч.

Навучыць старшакласнікаў прымяняць засвоеныя веды на практыцы педагогу дазваляюць элементы тэхналогіі прадуктыўнага навучання. За абагульненне вопыту па выкарыстанні гэтай тэхналогіі ў снежні Наталля Віктараўна адзначана прэміяй Мінгарвыканкама.

— Тое, што я стану настаўніцай, у мяне не выклікала ніякіх сумненняў ужо з 1 класа, — расказвае Н.В.Аніковіч. — Пераканана, што асобу педагога фарміруе яшчэ адна творчая асоба. Для мяне гэта была мая першая настаўніца Надзея Мікалаеўна Прароўская. Усе мае гульні, мае мары на той час былі звязаны толькі з настаўніцкай работай. Ды і сама я з педагагічнай сям’і. Мой дзядуля, стрыечныя сёстры і брат, цёткі і дзяцька — педагогі, большасць з іх — філолагі. Праўда, перад паступленнем вагалася паміж матэматыкай і беларускай мовай. Аднак усё ж такі ў душы я філолаг, і выбар быў зроблены на карысць беларускай мовы. Яе мілагучнасць, таямнічасць гучання больш прываблівала і кранала.

Пасля заканчэння БДПУ імя Максіма Танка Наталля Віктараўна прыйшла працаваць у родную школу. Менавіта тут мацнела ўпэўненасць маладой настаўніцы, што яна зрабіла правільны выбар. Сёлета спаўняецца 20 гадоў яе педагагічнай дзейнасці.

— Калі я прыйшла ў школу, мне адразу далі класнае кіраўніцтва ў 10 класе. Розніца з вучнямі ў мяне была 6—7 гадоў. Было сапраўды няпроста, але я змагла наладзіць з дзецьмі кантакт. Мае выхаванцы адразу паверылі мне як даросламу чалавеку і як настаўніку. Хаця і навучылі ўсяму: паважаць вучня, ставіцца да яго як да роўнага, , імкнуцца зразумець. На мой погляд, сапраўдны настаўнік — той, хто здольны спачатку стаць на ўзровень вучня, а пасля разам з ім зрабіць узыходжанне. І гэта я зразумела са сваіх першых крокаў у педагогіцы. У зносінах з дзецьмі я раскрываю ім свае светаўспрыманне і сістэму каштоўнасцей, адносіны да ўсяго, што адбываецца вакол, і любы фальш дзеці заўважаюць. Часам ён здольны расчараваць, і даверу ў вучняў пасля ўжо не будзе. Таму гэтага важна пазбягаць. Трэба любіць дзяцей так, каб адчуваць іх душэўны стан, і яны за гэта будуць табе вельмі ўдзячны. Важна зачапіць душу дзіцяці, для кожнага вызначыць індывідуальны кірунак развіцця, бо аднаму патрэбна навуковая работа, другому — алімпіядны рух, трэцяму — добры атэстат, чацвёртаму — вершы, якія ён раптам пачынае пісаць, пятаму — проста рух душы на ўроках, калі ён працуе, хвалюецца і калі з расчараваннем вымаўляе: “Што, ужо званок?”

Настаўніца пераканана: паспяхова працаваць можна толькі ў зладжаным і творчым калектыве. І ёй сапраўды пашчасціла на прафесіяналаў. У 35-й гімназіі выкладаюць чатыры настаўніцы беларускай мовы і літаратуры пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Валянціны Рыгораўны Петрыкевіч. Педагогі вучацца адна ў адной, падтрымліваюць адна адну, радуюцца і сумуюць разам, таму і прафесійны вопыт, і поспех павялічваецца ў некалькі разоў.

На сваіх уроках Н.В.Аніковіч выкарыстоўвае элементы розных методык і тэхналогій: праблемнага навучання, тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, рознаўзроўневага навучання, інфармацыйных тэхналогій і інш. Аднак апошнім часам педагог працуе з прымяненнем тэхналогіі прадуктыўнага навучання і лічыць яе найбольш эфектыўнай.

— Тыповая праблема вучняў заключаецца ў тым, што яны добра валодаюць наборам тэарэтычных ведаў, але маюць значныя цяжкасці ў практычнай дзейнасці: здабываць галоўнае з прачытанага або праслуханага, дакладна фармуляваць свае думкі, супрацоўнічаць з іншымі пры выкананні агульнага задання, планаваць свае дзеянні, ацэньваць атрыманы вынік, прапаноўваць розныя варыянты рашэння задачы і выбіраць найлепшыя, самаарганізоўвацца і г.д. Гэта і з’явілася прычынай звароту да тэхналогіі прадуктыўнага навучання, якая дазваляе дасягаць больш высокага выніку хутчэй і з меншымі выдаткамі ў параўнанні з метадамі і прыёмамі, якія прымяняліся раней, — працягвае Н.В.Аніковіч. — Калі вызначаць сутнасць згаданай тэхналогіі, то прадуктыўнымі можна назваць веды, уменні, валодаючы якімі, вучань набывае трывалую апору для свайго будучага жыцця. Прадуктыўныя — значыць неабходныя, трывалыя, пастаянна актуальныя. Менавіта такія прадукты школы будуць запатрабаваны жыццём. Асноўная мэта тэхналогіі — павелічэнне часу актыўнай трэніровачнай работы кожнага вучня.

Новыя веды не даюцца вучням у гатовым выглядзе. Дзеці адкрываюць іх падчас самастойнай дзейнасці. Яны становяцца маленькімі навукоўцамі, якія робяць уласнае адкрыццё. Задача настаўніка пры ўвядзенні новага матэрыялу не ў тым, каб наглядна і даступна ўсё растлумачыць, паказаць і расказаць. Педагог павінен арганізаваць работу дзяцей так, каб яны самі дадумаліся да вырашэння праблемы ўрока і самі патлумачылі, як трэба дзейнічаць у новых умовах.

Найбольш прадуктыўнымі на ўроках беларускай мовы і літаратуры ў Наталлі Віктараўны з’яўляюцца тлумачальна-ілюстрацыйны, індуктыўны, часткова-пошукавы, праблемны метады, выкарыстанне структурна-лагічных схем (СЛС). На ўроках педагог практыкуе работу ў парах і групах, індывідуальныя творчыя заданні, віктарыны, крыжаванкі, работу з тэкстам, самастойную работу з падручнікам і дадатковай літаратурай. Заданні для работы ў пары ці групе Наталля Віктараўна падбірае так, каб задзейнічаны былі ўсе навучэнцы. Напрыклад: “Уявіце, што адзін з вас пабываў на экскурсіі ў музеі, а другі яшчэ не быў. Задача другога — распытаць пра музей, высветліць, ці варта ў яго ісці. Задача першага — угаварыць суразмоўцу пайсці ў музей”. Любяць навучэнцы Наталлі Віктараўны выконваць і творчыя заданні: складаць вершы па прапанаванай рыфме, рабіць пераказы-мініяцюры, выбарачныя пераказы, пісаць водгукі, складаць тэксты на любую літару алфавіта і інш.

Усе этапы тэхналогіі прадуктыўнага навучання будуюцца такім чынам, каб вучні працавалі самастойна — ад пастаноўкі мэты і задач урока да падвядзення яго вынікаў. Безумоўна, вялікая папярэдняя работа праводзіцца педагогам пры падрыхтоўцы да заняткаў. Калі на традыцыйным уроку яна паведамляе вучням, якую работу яны павінны выканаць, каб дасягнуць пэўнай мэты, то на прадуктыўным дзеці самі праводзяць планаванне і вызначаюць спосабы дасягнення мэт урока. На традыцыйным уроку практычная дзейнасць навучэнцаў адбываецца пад кіраўніцтвам настаўніка: дзеці выконваюць заданні, і часцей за ўсё гэта франтальная форма работы. На прадуктыўным уроку навучэнцы займаюцца па вызначаным плане (групавая і індывідуальная форма работы). На традыцыйным уроку звычайна кантроль ажыццяўляе настаўнік, а на прадуктыўным яго праводзяць навучэнцы. На ўроку абавязкова павінна прысутнічаць рэфлексія. Старшакласнікі расказваюць, на якім узроўні яны знаходзяцца, што і як засвоілі і што трэба зрабіць, каб ліквідаваць прабелы. Звычайна на прадуктыўным уроку педагог прапаноўвае рознаўзроўневае дамашняе заданне з улікам магчымасцей дзяцей (скласці верш, правесці міні-даследаванне, напісаць эсэ і інш.).

Відазмяняюцца ў прадуктыўным навучанні і заданні, якія часта сустракаюцца ў вучэбных дапаможніках. “Добра ўсім знаёмыя заданні (спішы, адкажы, назаві і г.д.) хоць і патрабуюць ад навучэнцаў пэўных уменняў і навыкаў і спрыяюць дасягненню мэт урока, але не ў поўнай меры, бо прадугледжваюць або механічнае запамінанне, або аднатыпнасць дзеянняў і зусім не садзейнічаюць развіццю творчых здольнасцей, самастойнай дзейнасці, і тым больш не застаюцца надоўга ў памяці. Крыху відазмяніўшы такія заданні, можна зрабіць іх прадуктыўнымі, — заўважае настаўніца. — Напрыклад, традыцыйнае “Вывучы правіла” замяняецца на “Параўнай два спосабы запісу інфармацыі. Які больш зручны для запамінання? Чаму?” або традыцыйнае “Назавіце дзеясловы, якія адносяцца да 1 і 2 спражэння” — на прадуктыўнае “Што трэба зрабіць, каб вызначыць, да якога спражэння адносяцца дзеясловы?”.

Мадэль урока па прадуктыўнай тэхналогіі ўключае восем этапаў. Першы — прапедэўтычная практыка (накіравана на праверку ведаў, набытых на папярэдніх занятках). Звычайна настаўніца прапаноўвае вучням кароткія заданні (тэст, умоўныя коды, перфакарты, лічбавы дыктант і інш.).

Другі этап — арыентацыя, дзе задаюцца межы вучэбных заняткаў. На гэтым этапе для пастаноўкі мэт і задач урока Наталля Віктараўна прымяняе рабочыя лісты, на якіх навучэнцы, адказваючы на пастаўленыя пытанні, у першай калонцы ставяць толькі знакі “+”, “-“, “?”. Дзе стаіць “?”, там, адпаведна, і праблема, якую трэба вырашыць на ўроку. Гэты рабочы ліст выкарыстоўваецца потым і пры падвядзенні вынікаў работы. Навучэнцы зноў адказваюць на тыя ж пытанні, толькі ставяць пэўныя сімвалы ў іншай калонцы. Адразу становіцца зразумела, наколькі былі дасягнуты мэты і дзе вызначыліся праблемы. Пытанні, што прапаноўваюцца, могуць быць каверзнымі, няправільна сфармуляванымі, і гэта павінны заўважыць навучэнцы.

На трэцім этапе вучэбных заняткаў даюцца новыя веды. Матэрыял разбіваецца на маленькія блокі, вывучаецца паступова, крок за крокам, па кожным блоку прыводзіцца дастатковая колькасць прыкладаў. Галоўнае тут — вызначыць, ці гатовы дзеці пачаць практычную апрабацыю вучэбнага матэрыялу. Напрыклад, пры тлумачэнні новага матэрыялу па тэме “Знакі прыпынку пры аднародных членах сказа” (5 клас) трэба ісці не ад правіла да ведаў, а ад назіранняў да ведаў. Заданне можа быць наступным: “Вывучыце схемы аднародных членаў і падбярыце да іх адпаведныя сказы. Раскажыце, у якіх выпадках паміж аднароднымі членамі ставяцца коскі”.

На чацвёртым этапе ажыццяўляецца практыка на прыкладах. На ўроку па беларускай літаратуры ў 9 класе па тэме “В.Дунін-Марцінкевіч “Пінская шляхта”, каб ахарактарызаваць вобразы шляхты, Наталля Віктараўна стварае праблемную сітуацыю: якую карысць Беларусі прынеслі прадстаўнікі сапраўднай беларускай інтэлігенцыі і “засцянковай шляхты”?

На пятым этапе вучэбных заняткаў адбываецца кіраўніцкая практыка (праводзіцца пад кіраўніцтвам настаўніка, які выступае як індывідуальны памочнік, абыходзячы ўсіх вучняў).

Шосты этап прадугледжвае самастойную практыку ў класе. Навучэнцы выконваюць практыкаванні без дапамогі настаўніка, карыстаючыся прапанаваным алгарытмам дзеяння.

На сёмым этапе падводзяцца вынікі і адбываецца рэфлексія. Навучэнцы суадносяць пастаўленыя мэты ўрока з вынікамі, робячы адпаведныя высновы і рыхтуючыся да ўсведамлення дамашняга задання (восьмы этап).

Сістэма работы Н.В.Аніковіч прыносіць свой плён. З кожным навучальным годам пасіўнасць навучэнцаў змяняецца актыўнай дзейнасцю, старшакласнікі вучацца працаваць самастойна, творча, планаваць сваю дзейнасць, атрымліваюць перамогі ў конкурсах і алімпіядах. Так, вынікам працы настаўніцы сталі перамогі яе навучэнцаў у гарадской інтэрнэт-алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. Сёлета дыплом І ступені заваявала Аксана Будзько, дыплома ІІІ ступені ўдастоена Кацярына Раўлушэвіч. На гарадскім этапе рэспубліканскай алімпіяды дыплом ІІ ступені — у Настассі Чагарэўскай. Дыпломы пераможцаў заваёўваюць выхаванцы Наталлі Віктараўны і на адкрытых літаратурных чытаннях навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія праводзяцца на базе гімназіі. І штогод колькасць тых, хто жадае паўдзельнічаць у мерапрыемстве, узрастае.

У планах Н.В.Аніковіч — працягваць работу з выкарыстаннем элементаў прадуктыўнай тэхналогіі, актыўна прымяняць на занятках інтэрактыўную дошку і дзяліцца сваім вопытам з калегамі. Дарэчы, у хуткім часе пабачыць свет дапаможнік “Беларуская мова. Планы-канспекты ўрокаў. 9 клас”, аўтарам якога з’яўляецца Наталля Віктараўна.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.