Праект «Інжынерная школа»: паспяховы вопыт на прыкладзе СШ № 52 Мінска

- 14:09Образование

“Давайце прыбяром з нашага жыцця ўсё, да чаго прыклалі руку інжынеры, і паглядзім, ці лёгка нам будзе жыць у такім свеце!” — так пачынаюць свае заняткі настаўнікі сталічнай сярэдняй школы № 52, у якой ужо больш за два гады паспяхова рэалізуецца праект “Інжынерная школа”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Арганізацыя даўніверсітэцкай інжынернай падрыхтоўкі ахоплівае ўсе ступені адукацыі з 1 па 11 клас. Самыя юныя інжынеры пачынаюць сваё паглыбленне ў прафесію з заняткаў у дзіцячым STEM-цэнтры. З 1 па 4 клас навучэнцы паэтапна, з улікам узроставых асаблівасцей, выконваюць свае першыя праекты, рашаюць даследчыя задачы, вывучаюць робататэхнічнае канструяванне, праграмаванне і мейкерства. З дапамогай неабходнага абсталявання і распрацаваных методык работы створаны ўмовы для фарміравання ў малодшых школьнікаў універсальных вучэбных дзеянняў. Заняткі стымулююць творчасць, павыша­юць матывацыю і пазнавальную актыўнасць дзяцей. Такое асяроддзе забяспечвае інтэграцыю розных відаў дзейнасці навучэнцаў, скрыжаванне гульнявых і тэматычных зон, даступнасць абсталявання для самастойнай дзейнасці, магчымасць дэманстрацыі вынікаў, прадукцыйную камунікацыю паміж навучэнцамі.

На II ступені дзеці пераходзяць на новы ўзровень інжынернай пад­рыхтоўкі. Яе асновай выступаюць інфармацыйныя тэхналогіі. У школе створана лічбавая фаблаб-лабараторыя (school digital fablab) — новая форма дадатковай адукацыі для навучэнцаў і метадычнай падтрымкі педагогаў, якая забяспечвае больш даступную і якасную адукацыю на стыку інжынерыі і IT-тэхналогій, заснавана на рэалізацыі адытыўных тэхналогій. Стрыжнем работы лічбавай лабараторыі з’яўляецца камп’ютарнае мадэляванне і рэалізацыя мадэлей з дапамогай тэхналогіі 3D-друку. Камп’ютарныя мадэлі ў рэальнасці сітуацыі служаць асновай сучаснай вытворчасці. 3D-мадэлі з’яўляюцца прататыпам гатовага вырабу. На іх праводзяць віртуальныя выпрабаванні і аптымізацыю канструкцый — ад найпростых дэталей да складаных машын. Больш высокім узроўнем інжынернай творчасці з’яўляецца стварэнне ў рамках школьнай лабараторыі гурткоў робататэхнікі, у якіх, акрамя ма­дэлявання, навучэнцы знаёмяцца з будовай сістэм кіравання і праграмаваннем тэхнічных аб’ектаў.  

Для арганізацыі метадычнай падтрымкі педагогаў, павышэння іх прафесійнага майстэрства арганізуюцца семінары, круглыя сталы, майстар-класы як у вочнай форме, так і ў рэжыме анлайн. Прадугледжаны і індывідуальныя заняткі, анлайн-кансультацыі.

— Сёння ў школе рэалізавана больш за 20 розных праектаў, якія штогод з поспехам прадстаўляюцца на міжнароднай выставе ТІВО, — адзначае дырэктар школы Аксана Цуран. — Так, у рамках праекта “Дзеці дзецям” навучэнцы інжынерных класаў пад кіраўніцтвам настаўнікаў распрацоўваюць дапаможнікі для дзяцей, прадметы інтэр’ера для стварэння гарманічнага і камфортнага асяроддзя ў нашай школе.

Распрацаваны таксама праекты па стварэнні адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя для дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра. У холе пачатковых класаў з’явілася незвычайнае дрэва. З дапамогай спалучэння інжынерыі і ІТ-тэхналогій былі створаны ўмовы, дзе сенсорныя асаблівасці аўтычнага дзіцяці знаходзяць ра­зуменне і падтрымку. Тым самым памяншаюцца праб­лемы ў паво­дзінах такіх навучэнцаў і павышаецца адаптацыя да сацыяльных правіл. Асноўныя дэталі дрэва выкананы на ўроках працоўнага навучання навучэнцамі 7—9 класаў. Лісткі і птушкі спраектаваны на занятках па 3D-мадэляванні.

Ідэя настаўнікаў-дэфектолагаў аб эфектыўным навучанні дзяцей з АПФР грамаце і чытанню знайшла ўвасабленне ў распрацоўцы логапланшэта. Сам планшэт быў выкананы з фанеры. Асноўная частка была выразана з дапамогай лазернага ЛПУ гравіравальнага станка і прымацавана да асновы. Напаўненне (літары, лічбы) планшэта часткова былі распрацаваны на занятках па інфарматыцы і надрукаваны пры дапамозе 3D-прынтара, часткова выкананы з фанеры пры дапамозе гравіроўкі і лазернай рэзкі. Такі дапаможнік прызначаны для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні, з расстройствамі аўтыстычнага спектра, з інтэлектуальнай недастатковасцю.

На III ступені адукацыі (10—11 класы) паспяхова дзейнічае факультатыў “У свеце тэхнікі і тэхналогіі: выбіраем інжынерную прафесію”. Яго мэтай з’яўляецца фарміраванне ў вучняў тэхналагічнай культуры, пазітыўнага стаўлення да інжынернай дзейнасці, гатоўнасці да ўсвядомленага выбару інжынернага кірунку для працягу адукацыі, азнаямленне навучэнцаў з усім спектрам інжынерных спецыяльнасцей, пад­рыхтоўка па якіх ажыццяўляецца ва УВА нашай краіны.

— Структура модулей праграмы (інфармацыйны, экскурсійны, прафарыентацыйны, практычны, праектны) дазваляе навучэнцам як пашырыць свой кругагляд і эрудыцыю, так і набыць пачатковыя навыкі праектнай дзейнасці. Галоўная задача — паказаць рэальную насычанасць любой інжынернай працы ІТ-тэхналогіямі, — падкрэслівае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Юлія Бакун. — У рамках інфармацыйнага блока навучэнцы знаёмяцца з тэарэтычнымі асновамі энергетыкі, машынабудавання, прыборабудавання і іншых напрамкаў інжынерыі. Падчас экскурсій ва ўніверсітэты і на вытворчасці старшакласнікі знаёмяцца з ўмовамі навучання ў тэхнічнай УВА і прафесійнай дзейнасці ў рэальным сектары эканомікі. Прафарыентацыя дазваляе ўбачыць спецыфіку работы спецыялістаў у розных інжынерных галінах. Знаёмства са зместам інжынернай дзейнасці адбываецца праз ра­шэнне практычных заданняў. Увасабленне творчых ідэй навучэнцаў магчыма ў рамках праектнай дзейнасці напрыканцы вывучэння кожнага модуля.

І хоць у 52-й школе не ставілі задачу максімальнага ахопу ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі гэтай дзейнасцю ў бягучым навучальным годзе, аднак пазітыўны вопыт рэалізацыі праекта “Інжынерная школа”, які актыўна трансліруецца, лёг у аснову стварэння профільных інжынерных класаў прафесійнай накіраванасці. Больш ніякага сумнага сядзення за партай, зубрэння і адсутнасці цікавасці да заняткаў!

Наталля КАЛЯДЗІЧ