Праект Кодэкса аб культуры самы маштабны

- 13:21Суразмоўца

Традыцыйна 2 кастрычніка ў парламенце нашай краіны пачынаецца чарговая, на гэты раз восьмая, сесія пятага склікання. Што новага адбудзецца ў заканатворчай дзейнасці дэпутатаў, над чым будзе працаваць Пастаянная камісія па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, нашым чытачам расказвае намеснік старшыні гэтай камісіі Н.Г.КУЧЫНСКАЯ.

— Наталля Генадзьеўна, віншуем вас з пачаткам сесіі. Якім будзе партфель законапраектаў, вынесеных на абмеркаванне дэпутатаў?
— Чарговая восеньская сесія будзе для заканатворцаў, як і папярэднія, шматграннай і напружанай. Партфель восьмай сесіі ўжо актыўна напаўняецца законапраектамі, якія накіраваны на рэгуляванне прававых адносін у самых розных галінах.
Напрыклад, да разгляду ў першым чытанні падрыхтаваны праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве”, нормы якога паспрыяюць павышэнню ўзроўню жыцця чалавека, стварэнню ўмоў для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны. Узаемакарыснае інвестыцыйнае супрацоўніцтва дзяржаўных органаў і юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў, замежных арганізацый прадугледжваецца і ў сферах адукацыі, культуры, аховы здароўя. Так, прыватны інвестар, які выбіраецца па конкурсе, бярэ на сябе абавязкі па будаўніцтве аб’екта, укладвае свае грошы, гарантуе якасць і аптымальны кошт аб’екта. Дзяржава бярэ на сябе ўскаладзеныя абавязацельствы, вядзе прыёмку аб’екта і пасля ўводу яго ў эксплуатацыю ажыццяўляе фіксаваныя плацяжы з бюджэту. Па такой сучаснай схеме працуюць ва ўсім свеце.

— Над якімі законапраектамі працуе ваша камісія?
— У Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы на разглядзе тры законапраекты. Самым маштабным з іх з’яўляецца праект Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры. Праект паступіў у Палату прадстаўнікоў у маі і ўжо амаль што падрыхтаваны да разгляду ў першым чытанні. Зараз дакумент накіраваны на ўзгадненне ў зацікаўленыя дзяржаўныя органы. Плануем разгледзець яго ў лістападзе.
У снежні чакаем, што ў камісію паступіць законапраект, які ўдасканальвае Кодэкс аб адукацыі зыходзячы з правапрымяняльнай практыкі. Не так даўно правялі пашыранае пасяджэнне камісіі, на якім дэпутаты разам з супрацоўнікамі Міністэрства адукацыі абмяркоўвалі прапануемыя нормы.
Разглядаем законапраект па пытаннях арганізацыі і правядзення дзяржаўнай навуковай і навукова-тэхнічнай экспертызы, які ўдакладняе функцыі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях і Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.

— Ці хутка з’явіцца Кодэкс аб культуры? Чым цікавы гэты дакумент?
— На працягу года я з’яўлялася членам рабочай групы пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь па распрацоўцы норм названага дакумента (менавіта Савет Міністраў выступае суб’ектам заканадаўчай ініцыятывы па распрацоўцы Кодэкса аб культуры). І зараз у Палаце прадстаўнікоў курырую гэты законапраект, узначальваю групу экспертаў, якія аналізуюць яго палажэнні і нормы. Працавалі ўсе летнія месяцы, не зважаючы на адпускныя кампаніі, сустракаліся на пасяджэннях штотыднёва. Па выніках пасяджэнняў у праект дакумента ўнесены шэраг удакладненняў і паправак. На маю думку, гэтыя папраўкі зрабілі кодэкс больш дасканалым і больш жыццёвым.
Самы значны плюс гэтага дакумента — яго комплекснасць і сістэмнасць.
Праект кодэкса складаецца з 5 раздзелаў і 258 артыкулаў, уключае ў сябе больш за шэсцьдзясят нарматыўных актаў рознай юрыдычнай сілы, у тым ліку ўсе сем законаў, якія рэгулююць адносіны ў сферы культуры сёння. Пры гэтым кодэкс — не простая кампіляцыя існуючых нарматыўных палажэнняў, у яго ўключаны ўстойлівыя нормы, пацверджаныя жыццём, дабаўлены сучасныя палажэнні, выключаны шэраг устарэлых і неактуальных норм.

— Пазнаёмце з некаторымі навацыямі Кодэкса аб культуры.
— Адно з першых удакладненняў, якое ўнесла наша рабочая група, датычыцца прэамбулы будучага кодэкса. Першапачаткова там адзначалася: Кодэкс аб культуры накіраваны на рэгуляванне грамадскіх адносін у сферы культуры і на ўстанаўленне прававых, арганізацыйных і сацыяльна-эканамічных асноў культурнай дзейнасці па захаванні і выкарыстанні культурных каштоўнасцей. Рабочая група дадала, што кодэкс таксама мае на мэце развіццё арганізацый культуры, забеспячэнне агульнай даступнасці культурных даброт.
Дэфініцыя “культурныя даброты” новая. А ў жыцці гэта тыя каштоўнасці, работы і паслугі, якія аказваюць нам з вамі арганізацыі культуры ці грамадзяне для задавальнення нашых духоўных патрэб, дзеля развіцця чалавека як асобы. Асаблівая ўвага ўдзяляецца людзям, якія маюць слабае фізічнае здароўе, інвалідам — культурныя даброты павінны быць даступныя кожнаму.
Ключавое паняцце “культура” ў праекце кодэкса даецца праз два складнікі: сукупнасць культурных каштоўнасцей і культурную дзейнасць. Культурная дзейнасць уключае ў сябе больш за дзесяць напрамкаў: і ахову гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны, і музейную, бібліятэчную справу, і кінематаграфічную дзейнасць, дзейнасць творчых саюзаў, і арганізацыю вольнага часу насельніцтва і г.д. Таму і самы вялікі раздзел дакумента прысвечаны арганізацыі культурнай дзейнасці.
У кодэксе вызначаецца прызнанне культуры ў якасці галоўнага фактару самабытнасці беларускага народа. Да суб’ектаў культурнай дзейнасці дабавілі спонсараў і мецэнатаў. Праект кодэкса прадугледжвае ўдзел грамадства ў развіцці культуры — праз стварэнне рад, камісій, экспертных і кансультацыйных саветаў. Важная навацыя, што ў праект кодэкса ўпершыню ўключана рэгуляванне пытанняў археалагічнай спадчыны. Дагэтуль ахова археалагічных помнікаў не была асобна прапісана ў заканадаўчых актах, а зараз чорным капальнікам будзе пастаўлены сур’ёзны прававы бар’ер.

— Для стварэння такіх грунтоўных актаў заканадаўства праблемы сферы трэба ведаць знутры…
— Безумоўна, вы маеце рацыю. Наша камісія пагрузілася ў пытанні развіцця сферы культуры зусім не фармальна. Мы супрацоўнічаем з нацыянальнымі музеямі — мастацкім і гістарычным, унеслі свой уклад у аднаўленне будаўнічых работ на музейным квартале. Зараз на парадку дня — праблема будаўніцтва рэспубліканскага дэпазітарыя для зберажэння і захоўвання музейных калекцый і культурных каштоўнасцей.
Што асабіста да мяне, то, па-першае, абавязкова прысутнічаю на выніковых пасяджэннях калегіі Міністэрства культуры. Па-другое, супрацоўнічаю са спецыялістамі ў акрузе і ў сталіцы. Па-трэцяе, чытаю і цікаўлюся, наведваю прэм’еры. Па-чацвёртае, арганізоўваю культурныя праекты ў акрузе.
З апошніх: у жніўні, напрыклад, у Ашмянскім краязнаўчым музеі адбылася выстава і майстар-класы для дзяцей мастачкі Марыны Эльяшэвіч. Мае падапечныя з дамоў сямейнага тыпу наведалі музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Падарункам Ашмянскаму аддзелу адукацыі, спорту і турызму за добрасумленную працу былі запрашальныя білеты ў Беларускі акадэмічны музычны тэатр.
Як дэпутату, які курыраваў удакладненне заканадаўства аб бібліятэчнай справе, мне прыемна адзначыць добрае супрацоўніцтва паміж Іўеўскай раённай і Прэзідэнцкай бібліятэкамі. Яно пачалося падчас семінара, які я арганізавала для спецыялістаў бібліятэчнай справы Іўеўшчыны, з наведваннем парламента і знаёмствам з напрамкамі дзейнасці Прэзідэнцкай бібліятэкі. Удзячна дырэктару бібліятэкі Сяргею Квачану за сумеснае правядзенне акцыі “Лета з кнігай”, дзякуючы якой больш за шэсцьдзясят энцыклапедый атрымала Іўеўская пачатковая школа, а таксама былі ўручаны кнігі выхаванцам дзіцячага сацыяльнага прытулку і Іўеўскага цэнтра развіцця дзіцяці.

— Наталля Генадзьеўна, вы прадстаўляеце нашу педагагічную грамадскасць у дэпутацкім корпусе і, безумоўна, будзеце адзначаць свята настаўніка. Шчырыя віншаванні вам ад нашай газеты. Што хацелі б пажадаць сваім калегам-педагогам?
— Шчыра віншую паважаных калег з надыходзячым прафесійным святам. Шаноўныя настаўнікі, выкладчыкі, выхавальнікі, будзьце шчаслівыя дома і на працы. Настаўнік — прафесія місіянерская: несці святло і дабрыню, даваць першапачатковыя веды і вучыць вучыцца ўсё жыццё вельмі адказна. Гэта справа сапраўднага настаўніка, чалавека высокай духоўнасці і культуры. Жадаю нашым педагогам аптымізму, прафесійнага задавальнення, сямейнага дабрабыту.

Інтэрв’ю падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.