Праект лічбавізацыі пачнецца ў трох рэгіёнах

- 11:37Інфармацыйная гадзіна

Мінск, Мінская і Гродзенская вобласці выбраны пілотнымі рэгіёнамі, у якіх у 2019 годзе пачнецца рэалізацыя праекта па ўкараненні электроннай аховы здароўя. Аб гэтым паведаміў загадчык сектара праграмна-інфармацыйнага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Віктар Сідарэнка.

“У плане лічбавізацыі аховы здароўя ў рэгіёнах можна вылучыць Гродзенскую вобласць, дзе рэалізоўваецца праект па тэлекансультацыях. Віцебская і Гомельская вобласці, зыходзячы са статыстыкі, таксама паспяхова ўкараняюць інфармацыйныя тэхналогіі. Наогул, Мінская і Гродзенская вобласці, а таксама Мінск па праекце лічбавізацыі краіны ўключаны ў якасці пілотных рэгіёнаў. Пачнём рэалізацыю ў наступным годзе”, — сказаў Віктар Сідарэнка.

Пілотны праект прадугледжвае, што шэраг устаноў аховы здароўя вобласці будзе інфарматызаваны — пачынаючы з пракладкі новых інжынерных сетак з падключэннем да шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт, стварэння абароненых каналаў сувязі і заканчваючы набыццём камп’ютараў і тэхнікі, забеспячэннем персаналу для работы з такімі сістэмамі.

Плануецца, што асноўная частка работ па праекце завершыцца да 2022 года. “Але гэта не значыць, што затым працэс спыніцца. Iнфармацыйныя тэхналогіі пастаянна развіваюцца, таму стварэнне новых сэрвісаў, пашырэнне спектра паслуг будзе працягвацца і далей. А праект дазволіць закласці базіс”, — адзначыў Віктар Сідарэнка.

Ён дадаў, што ў гэтай рабоце Беларусь арыентуецца на вопыт Казахстана і Расіі.