Праект “Моладзь за ўраджай!”: паспаборнічалі камбайнеры і вадзіцелі

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

Маладыя вадзіцелі перавезлі больш за 472 тысячы тон збожжа, паведаміў афіцыйны прадстаўнік Цэнтральнага камітэта БРСМ кіраўнік праекта “Моладзь за ўраджай!” Уладзіслаў Дубіцкі.

“Маладзёжныя экіпажы падчас уборачнай кампаніі намалацілі 687 280 т збожжа, а маладыя вадзіцелі перавезлі 472 295 т”, — расказаў Уладзіслаў Дубіцкі.

Паводле яго слоў, усяго ва ўборачнай кампаніі было задзейнічана 819 мала­дзёжных экіпажаў. З іх вызначыліся 224 тысячнікі, 13 двухтысячнікаў, два трохтысячнікі, — адзначыў афіцыйны прадстаўнік ЦК БРСМ. — Акрамя таго, на ўборцы працавалі 586 маладых ва­дзіцеляў. З іх 186 перавезлі па 1 тысячы т і больш намалочанага збожжа, 40 — больш як па 2 тысячы т, 10 — больш як па 3 тысячы т, 2 — больш як па 4 тысячы т збожжа”.

На палях у кожным рэгіёне падчас уборачнай кампаніі ўшаноўвалі маладых лідараў, уручалі ім дыпломы і вымпелы. Тэрытарыяльныя арганізацыі БРСМ таксама накіроўвалі бацькам маладых лю­дзей падзячныя пісьмы.

Рэспубліканскі праект “Моладзь за ўраджай!” стартаваў 12 ліпеня. Гэта своеасаблівыя спаборніцтвы паміж маладымі камбайнерамі і вадзіцелямі, занятымі на ўборцы збожжа і зернебабовых культур. Традыцыйна праект уключае дзве намінацыі — “Маладзёжны экіпаж камбайнераў, які дасягнуў найбольшага намалоту” і “Маладзёжны экіпаж, які перавёз найвышэйшую колькасць збожжа”. Прадугле­джана комплексная інфармацыйная кампанія на афіцыйных інтэрнэт-рэсурсах БРСМ, у групах маладзёжнай арганізацыі і сацыяльных сетках пад хэштэгамі #молодежьзаурожай, #жатвабеларуси2021 і #роднаенароднае.

Маладзёжны праект рэалізуецца БРСМ пры падтрымцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і іншых зацікаўленых. Ён садзейнічае павышэнню нацыянальнай харчовай бяспекі, папулярызацыі сельскагаспадарчай працы і прафесій аграрнага профілю, замацаванню моладзі ў вёсцы.