Праект па вырабе прысмакаў з хваёвых шышак распрацавалі педагогі і навучэнцы школы № 8 Крычава 

- 10:22Новости

Незвычайна, смачна і карысна: праект па вырабе прысмакаў з хваёвых шышак распрацавалі педагогі і навучэнцы сярэдняй школы № 8 Крычава. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Даследаванне, якое стала сапраўднай бізнес-ідэяй, праводзілі навучэнцы 10 класа Мікіта Барысенка і Цімафей Ласіцкі. Курыравалі работу дзяцей настаўніца біялогіі Ірына Кісялёва і настаўніца хіміі Інга Іўкіна. Педагогі даўно працуюць у творчым тандэме і далучаюць вучняў да праектнай дзейнасці.

— Штогод распрацоўваем не­шта цікавае, арыгінальнае, крэатыўнае. Падставай для даследаванняў часта становяцца звычайныя пытанні ад навучэнцаў. Летась дзеці знайшлі інфармацыю аб унікальных уласцівасцях маладых хваёвых шышак. Яны ўтрымліваюць шмат вітамінаў і антыаксідантаў, маюць супрацьвірусны эфект і істотна ўмацоўваюць імунітэт. Гэта стала асновай даследчай работы. Ра­зам з вучнямі вырашылі вырабіць з шышак карысныя прадукты. Першапачаткова хацелі стварыць эфірнае масла, але працэс аказаўся працаёмкім. Тады ўзнікла ідэя з прысмакамі. Мы ведалі, што з шышак хвоі вараць варэнне, і падумалі: а чаму б не паспрабаваць зрабіць цукеркі? — паведаміла Ірына Кісялёва.

Праект “Цукеркі лесу” навучэнцы і педагогі рэалізоўвалі на працягу года. Метадам проб і памылак шукалі ідэальную рэцэптуру, каб захаваць у прысмаках усю прыродную карысць хваёвых шышак.

—  У выніку спыніліся на некалькіх варыянтах. Звараныя шышкі акунаем у горкі шакалад і ізамальт. Робім цукеркі рознай формы. Самі прыдумалі і ўпакоўку. Яшчэ ў ходзе работы прыйшла ідэя нетрадыцыйнага выкарыстання хваёвых іголак. Падвяргаем іх спе­цыяльнай апрацоўцы, праварваем у цукровым сіропе, здрабняем і выкарыс­тоўваем у якасці дабаўкі да шакаладу. І цукеркі, і шакалад атрымліваюцца вельмі смачнымі. Менавіта такі вердыкт пачулі падчас правядзення дэгустацыі ў сценах школы, — расказала Інга Іўкіна.

Свой праект Мікіта і Цімафей сумесна з педагогамі прэзентуюць на рэс­публіканскім конкурсе “100 ідэй для Беларусі”. Адметныя прысмакі ўжо высока ацаніла журы занальнага этапу спаборніцтва. Зараз навучэнцы рыхтуюцца да выступлення на ўзроўні вобласці і спадзяюцца, што іх ініцыятыва будзе заўважана. У перспектыве юнакі бачаць такія цукеркі ў масавай вытворчасці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі