Праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016 год прадугледжвае прырост ВУП Беларусі на 1,1 працэнта

- 10:41Інфармацыйная гадзіна

Праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016 год прадугледжвае прырост ВУП Беларусі на 1,1 працэнта ў параўнанні з бягучым годам. Аб гэтым на пасяджэнні прэзідыума Савета Міністраў Беларусі паведаміў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў.

“У прапанаваным прагнозе рост эканомікі плануецца на ўзроўні 101,1 працэнта за кошт прыросту дабаўленай вартасці ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, гандлі. Тэмп развіцця даволі ўмераны”, — канстатаваў кіраўнік урада. Паводле яго слоў, галоўнай крыніцай эканамічнага росту па прагнозе на наступны год павінна стаць павелічэнне экспарту тавараў і паслуг (прапануецца на ўзроўні 24 працэнтаў).
Пры гэтым, адзначыў Андрэй Кабякоў, павінна быць забяспечана збалансаванасць знешняга гандлю. Так, у прагнозе прадугледжана дадатнае сальда 0,9 працэнта ВУП.
У ліку ключавых заданняў на 2016 год Андрэй Кабякоў назваў збалансаваную эканоміку, захаванне валютнага балансу і золатавалютных рэзерваў. “У бягучым годзе мы праходзім пікавыя выплаты па дзярждоўгу без сур’ёзных наступстваў для эканомікі і ЗВР. У 2016 годзе таксама будуць значныя выплаты: з эканомікі будзе на гэтыя мэты накіравана $3,2 млрд, з іх на пагашэнне асноўнага доўгу — $2,3 млрд”, — паведаміў прэм’ер-міністр. Ён падкрэсліў, што па дзярждоўгу Беларусь будзе дзейнічаць у рамках зацверджанай стратэгіі. “Палову асноўнага доўгу плануецца пагашаць за кошт бюджэту, другую палову будзем рэфінансаваць”, — удакладніў Андрэй Кабякоў.