Праект, які здольны аб’яднаць моладзь агульнай мэтай: паказаць прыгажосць Беларусі ўсяму свету

На II Еўрапейскіх гульнях будуць працаваць 8 тысяч валанцёраў, паведаміў дырэктар фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года” Георгій Катулін.

“Маладыя людзі праяўляюць вялікую цікавасць да значных для краіны мерапрыемстваў, гатовы прыкладаць свае веды, энтузіязм і здольнасці. Паступілі ўжо заяўкі, будуць задзейнічаны больш за 8 тысяч валанцёраў. Мы распрацавалі для іх спецыяльны план навучальных мерапрыемстваў. Спачатку плануем падрыхтаваць трэнераў, якія будуць праводзіць мэтавае навучанне астатніх валанцёраў. Бо іх дзейнасць будзе адрознівацца: нехта будзе сустракаць гасцей, нехта — дапамагаць медработнікам і забяспеч-ваць грамадскі парадак”, — расказаў Георгій Катулін.

Паводле яго слоў, II Еўрапейскія гульні — гэта праект, які здольны аб’яднаць моладзь агульнай мэтай: паказаць прыгажосць Беларусі, любоў яе людзей да спорту і адкрытасць не толькі Еўропе, але і ўсяму свету. “Гэта магчымасць стаць часткай маштабнага праекта, у які будуць уключаны прадстаўнікі 50 краін, сачыць за якім будуць больш як у 160 краінах”, — падкрэсліў Георгій Катулін.

Фонд “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года” і ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, якое накіравана на папулярызацыю спорту і здаровага ладу жыцця, прыцягненне ўвагі грамадскасці да маючай адбыцца спартыўнай падзеі. “БРСМ ужо даўно зарэкамендаваў сябе як надзейны партнёр пры арганізацыі правядзення вялікіх спартыўных падзей, напрыклад, чэмпіянату свету па хакеі з шайбай у 2014 годзе. Гэта дае магчымасць быць упэўненымі ў поспеху нават самых маштабных і амбіцыйных праектаў, якімі, несумненна, стануць II Еўрапейскія гульні — найбуйнейшы мультыспартыўны форум у гісторыі суверэннай Беларусі”, — дадаў дырэктар фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года”.

II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску 21—30 чэрвеня 2019 года на 12 спартыўных аб’ектах. Больш за 4 тысячы атлетаў з 50 краін разыграюць каля 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту. Спаборніцтвы ў 10 відах спорту стануць кваліфікацыйнымі да XXXII Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа (Японія).