Праекты сацыяльныя — мэты інклюзіўныя

- 10:32Спецыяльная адукацыя

Дапаможная школа Брэста ў 2018 годзе прызнана лепшай у краіне сярод устаноў спецыяльнай адукацыі. Яе дырэктар Людміла Рыгораўна Дзенісевіч занесена на абласную Дошку гонару. На працягу 5 гадоў тут дзейнічае гарадскі рэсурсны цэнтр па рабоце з дзецьмі з абмежаваннямі. Хутка з’явіцца рэсурсны цэнтр па аказанні комплекснай дапамогі дзецям з аўтыстычнымі парушэннямі, іх бацькам і педагогам. Навучэнцы ўстановы ўдзельнічаюць і перамагаюць у розных конкурсах згодна са сваімі захапленнямі і магчымасцямі. Педагогі з’яўляюцца рэцэнзентамі і аўтарамі вучэбных дапаможнікаў і праграм, праводзяць іх экспертную ацэнку. Наша актуальная размова з дырэктарам установы. 

— Людміла Рыгораўна, раскажыце, калі ласка, пра свой прафесійны выбар.

— Доўга не магла вызначыцца з выбарам прафесіі, але бацькі падказалі, што ў вёсцы, дзе мы жылі, — Даманава Івацэвіцкага раёна — адзін малады чалавек пайшоў вучыцца на лагапеда, што гэта вельмі цікава. У той час быў вялікі дэфіцыт такіх спецыялістаў. Доўга не думаючы, я вырашыла паступаць у БДПУ імя Максіма Танка на спецыяль­насць “Алігафрэнапедагогіка. Лагапедыя”. Пасля заканчэння ўніверсітэта па размеркаванні трапіла ў Брэст і два гады працавала ў сярэдняй школе № 18 настаўнікам-дэфектолагам. У 1999 годзе мне прапанавалі курыраваць работу спецыяльных класаў для дзяцей з інтэ­лектуальнай недастатковасцю на пасадзе намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. У 2003 годзе была адкрыта дапаможная школа Брэста і мяне прызначылі яе кіраўніком.

Калі мы толькі пачыналі працаваць, у нас вучыліся 77 вучняў. Сёння ў школе займаюцца 136 вучняў у 16 класах-камплектах, з іх 96 дзяцей з інваліднасцю. Пяць выхаванцаў старэй за 18 гадоў. Створана 12 класаў 1-га аддзялення (для навучэнцаў з лёгкай інтэлектуальнай недастатковасцю) і 4 класы 2-га аддзялення (для навучэнцаў з умеранай, цяжкай інтэлектуальнай недастатковасцю), якія скамплектаваны з вучняў рознага ўзросту і году навучання. Для 13 вучняў па медыцынскіх паказчыках арганізавана навучанне дома. Усе нашы выхаванцы пражываюць у Брэсце і Брэсцкім раёне.

— Ці былі вы з самага пачатку маральна гатовы працаваць з дзецьмі з АПФР?

— Пасля ўніверсітэта я ў прынцыпе была гатова да ўзаемадзеяння з дзецьмі з інтэлектуальнай недастатковасцю. Яшчэ на 5 курсе я працавала выхавальніцай у дапаможнай школе-інтэрнаце. Калі ты прыходзіш да дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці, самае галоўнае, не паддацца залішнім эмоцыям, жалю да іх. Прычыны ўзнікнення парушэнняў у дзяцей вельмі розныя, не заўсёды звязаны з ладам жыцця іх бацькоў. Неабходна пры­няць такіх дзяцей і зразумець, што ім у першую чаргу патрэбна. Гэта дапамога, увага, клопат і любоў. Нашы выхаванцы, магчыма, значна дабрэйшыя, яны не памятаюць крыўды, не робяць нешта на злосць. Калі і дзейніча­юць не па правілах, то з-за сваіх асаблівасцей развіцця. Дзеці з інтэлектуальнай недастатковасцю вельмі ўразлівыя, нават у 30 гадоў яны, па сутнасці, маленькія дзеці, якім складана жыць у свеце, што ўвесь час мяняецца, бо любая нестандартная сітуацыя можа ператварыць іх жыццё ў хаос. Яны своеасабліва ўспрымаюць свет, на многія рэчы рэагуюць не так, як большасць, што незвычайна і нязвыкла для іншых. Калі звычайнае дзіця да 7 гадоў можа кантраляваць свае паводзіны розумам, то для нашых выхаванцаў, на жаль, гэта недасягальна. Эмоцыі ў іх прэвалююць.  

За час работы школы мы выпусцілі 215 навучэнцаў. Каля 30% нашых выпускнікоў працуюць, замацаваліся на працоўных месцах. Як правіла, гэта дзеці з сем’яў, у якіх яны маюць вельмі моцную падтрымку з боку родных і блізкіх. Многія выпускнікі лічаць сваім абавязкам прыйсці ў школу і расказаць педагогам пра свае дасягненні, перажыванні. Аднойчы завітаў да мяне малады чалавек з кветкай у руцэ. Падумала, што ён вырашыў падарыць кветку мне. А ён узрадавана паведаміў: “Паглядзіце, мне ўручылі кветку, далі грамату і прэмію”. Працуе малады чалавек у “Зелянбудзе”, а прыйшоў у школу расказаць аб сваіх пачуццях, ведаючы, што тут яго заў­сёды падтрымаюць і пахваляць.

— Ці могуць вашы вучні атрымаць прафесійную адукацыю ў сценах школы?

— Пасля 10 класа нашы вучні і­дуць на МРЭК, дзе вырашаецца, ці могуць яны атрымаць адукацыю па той ці іншай прафесіі. Тым, каму гэта дазваляецца, могуць, напрыклад, праця­гнуць навучанне ў Івацэвіцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці, дзе адкрыты спецыяльныя групы для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю. У выніку рэалізацыі эксперыментальнага праекта “Апрабацыя новага вучэбнага плана і праграм паглыбленай сацыяльнай, прафесійнай падрыхтоўкі і арганізацыйна-зместавых кампанентаў профільнага навучання ў спецыяльных установах для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця” ў нашай школе былі адкрыты 11—12 класы паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі, дзе навучэнцы атрымліваюць спецыяльнасць “Рабочы зялёнага будаўніцтва. Кветкавод”. Вучэбныя прадметы, якія там выкладаюцца, маюць сацыяльную накіраванасць. Нават праграмай па рускай мове і матэматыцы прадугледжана вывучэнне бытавых і прафесійных сітуацый. Дзеці вучацца, напрыклад, разлічваць норму прадуктаў для гатавання патрэбнай колькасці ежы, колькасць фарбы для таго, каб пафарбаваць плот пэўнай плошчы.

— Які ўдзел прымаюць бацькі ў фарміраванні важных для іх дзяцей жыццёвых навыкаў?

—  Для нашых вучняў самае галоўнае — сацыялізацыя. Задача педагогаў і бацькоў — увесці дзяцей у свет іншых людзей, даць ім назапасіць пэўны сацыяльны вопыт. Бацькі нашых выхаванцаў вельмі добрыя, яны любяць сваіх дзяцей, часам настолькі моцна, што даводзіцца рабіць ім заўвагі, бо з-за гіперапекі іх дзіця не можа самастойна спасцігаць жыццё, рыхтавацца да магчымых складаных сітуацый, атрымліваць сацыяльнае загартоўванне. Школа, вядома, ву­чыць важным уменням і навыкам, але адпрацоў­ваць і замацоўваць іх неабходна ў сям’і. Найперш, у штодзённым жыцці пераймаецца правільны ўзор сямейных узаемаадносін, асвойваюцца важныя бытавыя навыкі. Працуем у тандэме з бацькамі, заклікаем, каб дома яны замацоўвалі тое, што пройдзена дзецьмі на ўроках, каб давалі ім дамашнія даручэнні, якія патрабуюць актуалізацыі атрыманых навыкаў.

— Якія метады і тэхналогіі вы прымяняеце з мэтай паспяховай сацыялізацыі сваіх навучэнцаў?

— Наш педагагічны калектыў выпрабаваў шмат метадаў, тэхналогій. Найбольш дзейснымі, на наш погляд, з’яўляюцца адукацыйныя праекты. Яны могуць выра­шаць пытанні сацыяльнай адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі, талерантнага стаўлення да іх, развіцця пэўных навыкаў і г.д. Адукацыйны праект “Сацыяльнае развіццё навучэнцаў з інтэлектуальнай недастатковасцю з дапамогай інтэрактыўных гульняў” дапамог нам атрымаць дыплом І ступені ў рэспубліканскім конкурсе “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі”. Гульня “Дзень прадпрымальніка” вучыць дзяцей стварэнню ўласных прадпрыемстваў па вытворчасці прадукцыі або паслуг. У дзень, калі праходзіць гульня, кожны клас адкрывае сваё прадпрыемства, атрымлівае неабходную ліцэнзію. Выкары­стоўваючы школьныя грошы “фуфлікі”, вучні набываюць пэўныя тавары. Вызначаецца лідар — клас, які зарабіў больш за ўсё грошай. Гульня “Парад літаратурных герояў” накіравана на фарміраванне камунікацыі, развіццё творчых здольнасцей. Клас робіць тэатралізаваную пастаноўку па пэўнай тэме. Лепшая пастаноўка атрымлівае “Оскар”. У працэсе гульні “Працоўны квест” хлопчыкі і дзяўчынкі замацоўваюць пэўныя працоўныя навыкі (работы на зямлі, рукадзелля і г.д.). Па ходзе гульні яны атрымліваюць балы, а затым праходзіць аўкцыён, дзе балы можна памяняць на гульні і цацкі, якія спадабаліся. 

Ідэя адукацыйнага праекта “Выкарыстанне канструктараў LEGO Education для аказання карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дзецям з інтэлектуальнай недастатковасцю мало­дшага школьнага ўзросту” выношвалася доўга. Мы знайшлі спонсара, набылі неабходныя камплекты канструктараў, падрыхтавалі спецыялістаў. Зараз педагогі распрацоўваюць заняткі, апісваюць прыёмы работы з дзецьмі па развіцці пазнавальнай дзейнасці. Такім чынам, у рамках метадычнай работы ствараецца праблемнае поле для педагогаў, а гэта і работа над павышэннем кваліфікацыі, і публікацыі, і ўдзе­л у конкурсах, і ўпэўненасць ва ўласных сілах. Зараз мара бацькоў і педагогаў нашай школы — стварэнне і рэалізацыя праекта па развіцці фізічных магчымасцей дзяцей і ўдзел у параалімпійскіх спаборніцтвах. Фізкультура і спорт для дзяцей з асаблівасцямі — гэта якасць іх жыцця: магчы­масць наліць у кубак гарбаты, не праліўшы ваду, утры­маць швабру ў руках і прывесці ў парадак сваё жыллё, самастойна надзець абутак і вопратку, прынесці пакет прадуктаў з магазіна і г.д.

— Сёння шмат гавораць аб інклюзіі — уключэнні дзяцей з парушэннямі ў асяроддзе дзяцей, якія нармальна развіваюцца.

— Дзеці павінны ўмець узаемадзейні­чаць, але любыя зносіны павінны быць прыемныя або, як мінімум, не абцяжарваць. Ці можна пабудаваць зносіны, калі табе не зразумелы чалавек, яго ўчынкі? Трапляючы ў агульнаадукацыйную ўстанову, дзіця з нестандартнымі паводзінамі або знешнасцю прыцягвае да сябе шмат увагі. Іншыя дзеці, а часам і педагогі, не разумеюць, што з гэтым рабіць, пачынаюць цурацца, узнікае некаторая ізаляцыя незвычайнага дзіцяці. Наш сумесны сацыяльны праект з педагогамі і навучэнцамі сярэдняй школы № 18 Брэста “Руйнуючы бар’еры” быў спробай раска­заць пра дзяцей з асаблівасцямі, паказаць іх у звычайным школьным асяроддзі. Для вучняў масавай школы многае стала адкрыццём, напрыклад, што дзеці з сіндромам Даўна ўмеюць сябраваць, маляваць, гуляць. У рамках праекта праводзіліся творчыя май­стэрні.

Раскажу аб сумесным праекце з ГА “БелАДДІіМІ” па стварэнні сацыяльна-вучэбнай пляцоўкі “Сувеніры ўсёй сям’ёй” у рамках праекта “Мастацтва за інклюзію лю­дзей з інваліднасцю”, які стартаваў 1 верасня 2020 года і будзе доўжыцца 3 месяцы. Яго бюджэт — 3000 долараў. Сутнасць ініцыятывы заключаецца ў тым, што бацькі сумесна з дзецьмі ўдзельнічаюць у майстар-класах па вырабе сувеніраў, а псіхолаг пасля право­дзіць заняткі і псіхалагічныя трэнінгі з бацькамі. Праект дазволіць падрыхтаваць дзяцей і іх бацькоў да самазанятасці ў будучыні — гэта адна з самых складаных праблем выпускнікоў з інтэлектуальнай недастатковасцю. Пакуль яны вучацца ў школе, у вучылішчы яны запатрабаваныя. Заканчваецца навучанне, яны адпрацоўваюць год і іх, як правіла, звальняюць, бо яны неканкурэнтаздольныя на рынку працы, марудлівыя, не могуць хутка пераключыцца з аднаго віду працы на іншы, няўважлівыя. І ў выніку нашы незанятыя нідзе выпускнікі ідуць на вуліцу, могуць парушаць парадак, весці асацыяльны лад жыцця. Стварэнне спецыяльных прад­прыемстваў або працоўных месцаў для такіх людзей, няхай на няпоўную стаўку, дазволіць ім быць добрапрыстойнымі жыхарамі нашага горада. У Брэсце, напрыклад, ёсць прадпрыемства “КерамАрт” па вырабе сувеніраў, створанае на базе грамадскай арганізацыі “Інвалід і асяроддзе”.

— Ваша школа прызнана лепшай установай спецыяльнай адукацыі ў краіне, значыць, і педагогі ў вас лепшыя?

— Лічу, што так і ёсць. Іх праца — заўсёды тандэм, сумесная творчасць і ідэі. Разам з настаўніцай матэматыкі Інай Іванаўнай Навасёлавай мы пісалі праграму “Фізіка, хімія ў быце”, па якой зараз працуюць 11—12-я класы дапаможных школ краіны. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніца біялогіі Лілія Аляксандраўна Кавальчук рэцэнзуе ўсе падручнікі па біялогіі для дапаможных школ. Педагогі Вольга Рыгораўна Дзенісевіч, Алена Леанідаўна Вайсковая і Вікторыя Віктараўна Пашук удзельнічалі ў конкурсе “Сучасныя педагагічныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі” з работай па развіцці эмацыянальна-валявой сферы ў дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю — такі прадмет выкладаецца ў 1—5 класах першага аддзялення нашай школы. Яны распрацавалі праект адпаведнай праграмы, якая стала асновай той праграмы, якой сёння карыстаюцца педагогі Беларусі. Мне пашчасціла с­таць суаўтарам Антаніны Міхайлаўны Змушко ў складанні вучэбных дапаможнікаў па беларускай мове для дапаможных школ (дапаможных школ-інтэрнатаў) з беларускай мовай навучання.

З 2003 года ў школе працуе тэатральны гурток “Жалейка”, якім зараз кіруе Аляксей Вячаслававіч Хенсэ (раней рэжысёр тэатра — А.А.Шаўкун). Навучэнцы гуртка штогод прымаюць удзел і становяцца дыпламантамі Міжнароднага фестывалю асаблівых тэатраў “Непратаптаны шлях”, выступаюць з тэатралізаванымі пастаноўкамі па-за школай, у тым ліку за мяжой. За ўдзел у ХІ Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” у 2015/2016 навучальным годзе тэатр “Жалейка” быў адзначаны дыпломам за ўдзел і пахвальным водзывам у намінацыі “Лепшы тэатральны калектыў”. Штогод нашы навучэнцы прымаюць удзел у раённым фестывалі “Сонца ў кожным” з інтэграванымі танцавальнымі і музычнымі нумарамі, а таксама ў аднайменным фестывалі, які праводзіцца ў Бяла-Падлясцы ў Польшчы.

— Над якой тэмай (праектам) вы працуеце зараз?

— Апошні час расце колькасць дзяцей з аўтызмам. Кожны год мы набіраем у 1 клас па 8—10 дзяцей, з іх 3—5 вучняў з аўтызмам або з РАС. Паколькі нашы педагогі не зусім падрыхтаваны да работы з такімі дзецьмі, мы шукалі аналагічны вопыт у сваіх калег, у тым ліку за мяжой. Па прапанове польскіх калег мы сумесна прынялі ўдзел у конкурсе праграмы ТМС “Польшча—Беларусь—Украіна 2014—2020”. Вынікам гэтага супрацоўніцтва стаў праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Развіццё прыгранічнага супрацоўніцтва ў аказанні дапамогі людзям з аўтызмам на польска-беларускай мяжы”, які рэалізуецца з 1 лістапада 2019 года. Дагавор заключаны паміж упраўленнем па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста і Асацыяцыяй дапамогі аўтычным дзецям і моладзі, а таксама моладзі і дзецям з падобнымі парушэннямі Wspolny Swiat (“Агульны свет”) Бяла- Падляска. Мэта праекта, які разлічаны на 2 гады, — стварэнне ў нашай школе рэсурснага цэнтра комплекснай дапамогі дзецям з РАС і дзецям з падобнымі парушэннямі, інфармацыйнай дапамогі баць­кам і метадычнай дапамогі педагогам. Агульны бюджэт праекта  — 2 309 222€, з іх 75 працэнтаў — польскаму боку, а 25 працэнтаў — беларускаму. Фінансуецца праект ЕС у памеры 90%. 10 працэнтаў ад сродкаў выдзеленых беларускаму боку — гэта сродкі гарадскога бюджэту Брэста, якія будуць накіраваны на капітальны рамонт будынка рэсурснага цэнтра, што знаходзіцца побач са школай, на аснашчэнне яго ўсім неабходным. Стварэнне рэсурснага цэнтра дазволіць у комплексе аказваць карэкцыйна-педагагічную дапамогу дзецям з РАС, стварыць вучэбны цэнтр для падрыхтоўкі спецыялістаў, якія з імі працуюць, кансультацыйны цэнтр для бацькоў. Бу­дзе набыта спецыяльнае абсталяванне для карэкцыі парушэнняў дзяцей з РАС, пройдуць мерапрыемствы, якія спрыяюць распаўсюджванню інфармацыі аб аўтызме, рэалізаваны праекты па сацыяльнай адаптацыі дзяцей з аўтызмам (экскурсіі, інтэграцыя ў соцыум). Заняткі ў рэсурсным цэнтры павінны пачацца ў наступным навучальным годзе.

Надзея ЦЕРАХАВА.