Праекты ў асобах

Урачыстае адкрыццё чацвёртага сезона фотавыставы “Праекты ў асобах” адбылося ў Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага на набярэжнай каля цэнтральнага ўваходу. На выставе прадэманстраваны ініцыятывы, што рэалізуюцца пры падтрымцы прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі. Яе адкрыла кіраўнік прадстаўніцтва пасол Андрэа Віктарын.

Вынікі праектаў размешчаны на стэндах. З аднаго боку кожнага стэнда знаходзіцца інфаграфіка, у якой наглядна прадстаўлены механізм і важныя характарыстыкі праекта, а з другога — фотаздымкі людзей, якія змянілі сваё жыццё да лепшага і змаглі аказаць станоўчы ўплыў на сваё асяроддзе. Іх аўтар фотамастачка Юлія Мацкевіч.

Упершыню фотавыстава “Праекты ў асобах” была адкрыта 1 ліпеня 2015 года. З таго часу выстава пабывала ў 23 вялікіх і малых гарадах Беларусі. Тэматыка сёлетняга сезона — зялёная эканоміка, развіццё сельскіх тэрыторый, адукацыя, турызм, культура, бізнес, інклюзіўныя распрацоўкі.

У прывітальным слове кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь пасол Андрэа Віктарын адзначыла: “На фотавыставе вы ўбачыце 29 гісторый людзей з новымі цікавымі ідэямі, якія прыклалі намаганні, знайшлі ў сабе смеласць зрабіць усё для таго, каб гэтыя ідэі ўвасобіць у жыццё, каб рэалізаваць свае мары. Прадстаўленыя праекты — толькі невялікая частка таго, што мы ажыццяўляем у Беларусі разам з вашай грамадзянскай супольнасцю, мясцовымі ўладамі, асобнымі людзьмі для таго, каб зрабіць вашу краіну яшчэ больш прыгожай і ўмацаваць яе дабрабыт.

На адкрыцці выставы прысутнічае навучэнец Данііл Савёнак, які прыехаў разам з бацькамі з Наваполацка. У школе, дзе ён вучыцца, цяпер ёсць ліфт, што дазваляе юнаку без перашкод дабірацца да свайго класа. Я жадаю беларускім школам стаць інклюзіўнымі і даступнымі для ўсіх дзяцей. Спадзяюся, што з часам вашы гарады стануць даступнымі для перамяшчэння людзей з абмежаваннямі. Але перш за ўсё важна змяніць менталітэт беларусаў, каб яны разумелі, што ўсе людзі, незалежна ад іх парушэнняў — фізічных або псіхічных, маюць аднолькавыя правы і жадаюць быць інтэграванымі ў грамадства. Усе еўрапейскія краіны імкнуцца забяспечваць правы людзей з інваліднасцю. Шмат робіцца для распаўсюджвання ідэй інклюзіі ў скандынаўскіх краінах. У Германіі, маёй роднай краіне, гэта тэма таксама даўно на слыху”.

“Мы знаёмімся з удзельнікамі праектаў, за кожным з якіх — гісторыя поспеху, якая можа зацікавіць многіх людзей у Беларусі, — гаворыць намеснік начальніка ўпраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітрый Ермалюк. — Дэлегацыя Еўрапейскага саюза, Міністэрства замежных спраў, мясцовыя органы ўлады і іншыя арганізацыі гатовы сёння дапамагаць беларусам у рэалізацыі іх ініцыятыў. Нядаўна Беларусь разам з іншымі краінамі-суседзямі і партнёрамі з Еўрапейскага саюза, краінамі—членамі ЕС падпісала дэкларацыю саміту “Усходняга партнёрства”. Адным з найважнейшых пасылаў дэкларацыі з’яўляецца папулярызацыя ведаў, распаўсюджанне інфармацыі аб тым, як Еўрасаюз дапамагае іншым краінам, што сабой уяўляюць краіны-суседзі і партнёры Еўрасаюза, а таксама аб тым, якія дзеянні яны прадпрымаюць у рэалізацыі сумесных планаў. Сённяшні наш праект — яркі прыклад увасаблення такога пасылу.

Беларусь дзейнічае ў духу дасягнутых з ЕС дамоўленасцей. Паміж нашымі краінамі шмат карысных пачынанняў і важных праектаў. Напрыклад, праект “Мост” або “Твінінг” і “Сігма”. Не так даўно Беларусь адкрыла ў Бруселі першы карпункт канала АНТ, які пачаў знаёміць беларусаў з тым, што адбываецца ў ЕС, расказваць аб узаемаадносінах паміж нашымі краінамі. Беларусы ўсё больш цікавяцца тым, што ўяўляе сабой Еўрасаюз, жадаюць зрабіць яго больш блізкім і зразумелым”.

Адзін з герояў фотавыставы Данііл Савёнак, вучань 9 класа сярэдняй школы № 8 Наваполацка. Яго праект мае назву “Наваполацк: ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада”.

“Я звычайны падлетак, толькі ў адрозненне ад іншых перамяшчаюся на калясцы, — гаворыць Данііл. — Праектам, з якім я выступіў, прадугледжваецца пабудова ліфта і спартыўнай пляцоўкі на тэрыторыі сярэдняй школы № 8, якую я наведваю. Паколькі школа наша трохпавярховая, адкрыццё ліфта было незабыўнай і доўгачаканай падзеяй не толькі для мяне, але і для іншых дзяцей і нават для дарослых. Цяпер у вучняў з абмежаванымі магчымасцямі ёсць усе ўмовы для навучання побач са звычайнымі дзецьмі. Акрамя таго, вучні з інваліднасцю атрымалі магчымасць наведваць заняткі ў гарадскім Палацы дзяцей і моладзі, дзе з гэтай мэтай быў зроблены пандус, адаптаваны цэнтральны ўваход, памяшканне музычнага тэатра і зала для заняткаў харэаграфіяй, актавая зала і туалет.

Паколькі я прыхільнік актыўнага ладу жыцця, то вельмі чакаю, калі ў школе пабудуюць спартыўную пляцоўку, на якой я таксама змагу займацца. Яшчэ жадаю, каб асяроддзе майго роднага Наваполацка станавілася больш даступным для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, каб усе гараджане адносіліся да іх, як да роўных. Гэта мая самая вялікая мара”.

Фотавыстава “Праекты ў асобах” будзе адкрыта ў Мінску да 10 чэрвеня, затым пабывае яшчэ ў 13 гарадах Беларусі.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *