“ПРАФ-БУМ” на Магілёўшчыне

- 10:20Навіны рэгіёнаў

Вынікі абласнога этапу рэспубліканскага інфармацыйна-прафарыентацыйнага праекта “ПРАФ-БУМ” падвялі на Магілёўшчыне. Актыўны ўдзел у праекце прынялі дваццаць дзевяць прафесійных ліцэяў і каледжаў.

— Конкурсныя адборы праходзілі ва ўсіх установах прафесійнай адукацыі рэгіёна. Лепшыя творчыя работы навучальныя ўстановы прадставілі на другі конкурсны этап. Усяго на суд журы паступіла 56 разнастайных відэаролікаў, — расказаў начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра прафесiйнай адукацыi МДАІРА В.Г.Талсціхін.

Свае творчыя работы навучэнцы ліцэяў і каледжаў прадстаўлялі ў трох намінацыях, а менавіта: выступленне агіткаманд “Праф-траекторыя” і дэманстрацыя імідж-сэтаў “Творчая справа”. Імідж-сэты ўдзельнікі рыхтавалі як калектыўныя, так і індывідуальныя.

— Кожны відэаролік меў свае асаблівасці. Выступленні агіткаманд у творчай форме дэманстравалі перспектыўнасць сучасных рабочых спецыяльнасцей, перавагі пэўных прафесій. Характэрнымі былі і імідж-сэты. Праз харэаграфію, вакал удзель­нікі прадставілі станоўчы вобраз працоўнага чалавека, прывабны імідж рабочых прафесій, іх значнасць і каштоўнасць, — адзначыў Валерый Георгіевіч.

Усе работы былі выкананы на высокім узроўні, адрозніваліся крэатывам і арыгінальнасцю. Але пераможных дыпломаў удастоіліся толькі найбольш яркія і відовішчныя. У намінацыі агіткаманд “Праф-траекторыя” такім быў прызнаны відэаролік “Выбіраючы прафесію — выбіраем будучыню”, распрацаваны навучэнцамі Бабруйскага дзяржаўнага каледжа імя А.Я.Ларына. А лепшыя імідж-сэты стварылі навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа і навучэнцы сацыяльна-гуманітарнага каледжа ў складзе Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова.

Рэспубліканскі інфармацыйна-прафарыентацыйны праект “ПРАФ- БУМ” праводзіцца з мэтай дэманстрацыі прывабнасці рабочых прафесій з дапамогай мастацкай творчасці, прасоўвання ідэі грамадскай значнасці і каштоўнасці працоўнай дзейнасці, папулярызацыі пазітыўнага вобраза чалавека працы. Арганізатарамі праекта выступаюць Міністэрства адукацыі і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена вучэбна-метадычным цэнтрам прафесійнай адукацыі МДАІРА.