Прафарыентацыйны патэнцыял школьнай суботы

- 11:44Адукацыйная прастора

На базе сярэдняй школы № 1 Жабінкі, Кобрынскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання і Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа прайшоў абласны семінар-нарада, прысвечаны ўзаемадзеянню ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі па ўдасканаленні арганізацыі шостага школьнага дня. Удзельнікамі мерапрыемства, арганізаванага ўпраўленнем адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, сталі начальнікі рай(гар)аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, а таксама кіраўнікі ПТНУ і ССНУ.

— Арганізаваць максімальную занятасць вучняў у школьную суботу з мэтай іх прафарыентацыі — адна з актуальных праблем сённяшняга часу, — адзначыў першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі А.Ф.Жук. — Вырашыць гэтую праблему можна дзякуючы арганізацыі эфектыўнага ўзаемадзеяння школ, ПТНУ і ССНУ, якое заключаецца ў правядзенні сумесных прафарыентацыйных мерапрыемстваў. Сёння паміж многімі ўстановамі агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі вобласці заключаны дамовы аб супрацоўніцтве. У рамках гэтых дамоў вучні 9—11 класаў праходзяць прафесійныя пробы на базе школ, ПТНУ і ССНУ. Школьнікі знаёмяцца з прафесіямі, спрабуюць сілы ў пэўным відзе працоўнай дзейнасці, фарміруюць першасныя прафесійныя навыкі. Важна, што гэта дапамагае многім дзецям вызначыцца з будучай прафесіяй і адэкватна ацаніць уласныя схільнасці і здольнасці, неабходныя для яе атрымання. Хацелася б, каб партнёрамі ў прафарыентацыйнай рабоце былі не толькі школы, ПТНУ і ССНУ, але і прадпрыемствы, якія маглі забяспечыць другасную занятасць старшакласнікаў, арганізаваць працоўныя лагеры.

На прыкладзе Жабінкі ўдзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з арганізацыяй прафарыентацыйнага ўзаемадзеяння школ, ПТНУ і ССНУ пры адсутнасці ў рэгіёне ўстаноў прафесійнай адукацыі, а на прыкладзе Кобрына — пры іх наяўнасці.

На базе наведаных устаноў працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі ў форме майстар-класаў па розных прафесіях. У сярэдняй школе № 1 Жабінкі іх праводзілі ўстановы прафесійнай адукацыі Брэста: гандлёва-тэхналагічны каледж, каледж сферы абслугоўвання, прафесійна-тэхнічны каледж прыборабудавання, прафесійныя ліцэі лёгкай прамысловасці і будаўнікоў. Гэтыя ПТНУ і ССНУ ладзяць рэгулярныя выязныя прафарыентацыйныя мерапрыемствы ў школах раёна, падчас якіх вучні асвойваюць прафесіі кухара, кандытара, афіцыянта, цырульніка, электраманцёра, слесара-рамонтніка, швачкі, краўца, закройшчыка, муляра, тынкоўшчыка і абліцоўшчыка-плітачніка.

Установы прафесійнай адукацыі Кобрына паказалі, якім чынам арганізавана прафарыентацыйнае ўзаемадзеянне са школамі раёна па суботах. У гэты дзень вучні наведваюць ПТНУ і ССНУ горада, якія праводзяць для іх майстар-класы па прафесіях афіцыянта, кухара, прадаўца, швачкі, краўца, цырульніка, камплектоўшчыка дэталей цацак, электрагазазваршчыка, выканаўцы мастацка-афарміцельскіх работ, мастака роспісу па дрэве і інш. Для школьнікаў праводзяцца культурна-масавыя і пазнавальныя мерапрыемствы, экскурсіі, выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, фота- і відэавыставы аб прафесіях і дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах, дні адкрытых дзвярэй і спартыўна-аздараўленчыя спаборніцтвы.

У Кобрынскім дзяржаўным політэхнічным каледжы ўдзельнікі семінара-нарады наведалі сучасны рэсурсны цэнтр, які дазваляе рыхтаваць спецыялістаў па санітарна-тэхнічным абсталяванні будынкаў і эксплуатацыі абсталявання і тэхналогіі дрэваапрацоўчых вытворчасцей. База рэсурсных цэнтраў актыўна задзейнічана і ў прафарыентацыі школьнікаў.

— У школах Кобрыншчыны выкарыстоўваюцца розныя формы прафарыентацыі: класныя і інфармацыйныя гадзіны, бацькоўскія сходы, трэнінгі, сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій, экскурсіі на прадпрыемствы, — расказала начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Г.У.Радковіч. — Акрамя таго, у прафарыентацыі задзейнічаны магчымасці вучэбных прадметаў, факультатыўных заняткаў і аб’яднанняў па інтарэсах. Так, у бягучым навучальным годзе факультатывы прафесійнага напрамку арганізаваны ў 18 школах раёна. У рамках супрацоўніцтва з ПТНУ, ССНУ і УВА праводзяцца прафарыентацыйныя сустрэчы з вучнямі 9-х і 11-х класаў.

Па словах Г.У.Радковіч, вялікім прафарыентацыйным патэнцыялам валодае шосты школьны дзень. У адпаведнасці з дамовамі паміж раённым аддзелам адукацыі, спорту і турызму, Кобрынскім дзяржаўным прафесійным ліцэем сферы абслугоўвання і Кобрынскім дзяржаўным політэхнічным каледжам праходзяць прафарыентацыйныя мерапрыемствы, накіраваныя на прафесійнае самавызначэнне школьнікаў і авалоданне імі першаснымі працоўнымі навыкамі і ўменнямі. Найбольшую цікавасць у вучняў выклікаюць майстар-класы, якія дапамагаюць набыць практычныя веды па спецыяльнасцях.

— У рамках штогадовага месячніка па прафарыентацыі вывучаюцца прафесійныя намеры дзевяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў, праводзяцца трэнінгі, канферэнцыі, конкурсы і экскурсіі на прадпрыемствы раёна, — адзначыла Г.У.Радковіч. — Каб прафарыентацыя прыносіла плён, яна павінна не толькі быць сістэмнай і бесперапыннай, але і ахопліваць усіх педагогаў і бацькоў.

— Прафарыентацыя школьнікаў у нашай установе ажыццяўляецца ў рэжыме пазавучэбнай дзейнасці, — расказала дырэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання С.У.Шышына. — Паміж каледжам і школамі заключаны 17 дагавораў аб супрацоўніцтве. Распрацаваны планы сумесных прафарыентацыйных мерапрыемстваў з вучнямі, якія праводзяцца па суботах. Сярод іх: кансультацыі і практычныя заняткі па прафесійным самавызначэнні з педагогам-псіхолагам, практыкумы па рабоце на швейным абсталяванні, заняткі ў творчай лабараторыі на вышывальным абсталяванні і аб’яднаннях па інтарэсах “Студыя выяўленчага мастацтва” і “Дызайн-студыя”, практычныя заняткі па манікюры, зборцы дзіцячага абутку і г.д. У бягучым навучальным годзе ў прафарыентацыйных мерапрыемствах удзельнічалі 110 школьнікаў. Улічваючы іх нізкую актыўнасць, агітбрыгада каледжа наведвае з прафарыентацыйнай праграмай школы горада, раёна і іншых абласцей.

Па словах С.У.Шышынай, старшакласнікі, як правіла, матываваны на паступленне ва УВА. Школам неабходна ўзмацніць інфармацыйную работу сярод бацькоў аб значнасці атрымання прафесійнай адукацыі і прапаноўваць ім наведваць ПТНУ і ССНУ. Асаблівую ўвагу варта ўдзяляць інфармацыйнаму напаўненню школьных сайтаў. На думку С.У.Шышынай, мэтазгоднай з’яўляецца арганізацыя на базе ПТНУ і ССНУ гурткоў прафесійнага напрамку для дапрофільнай адукацыі вучняў 8—10 класаў.

Праблему павышэння прыцягальнасці сельскагаспадарчых прафесій закрануў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Камянецкага райвыканкама В.М.Грыцук. Віктар Мікалаевіч упэўнены, што прафарыентацыйная работа ў гэтым напрамку без актыўнага ўдзелу бацькоў бесперспектыўная.

— У прафарыентацыі вельмі важна прапаноўваць вучням варыятыўныя віды карыснай дзейнасці, — адзначыў А.Ф.Жук. — Установы прафесійнай адукацыі — гэта не музеі для прафарыентацыйных экскурсій, а пляцоўкі для атрымання і замацавання працоўных навыкаў школьнікаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.