Прафарыентацыйныя даследаванні школьнікаў

- 10:26Навіны рэгіёнаў

Два актуальныя напрамкі работы — прафарыентацыя і даследчая дзейнасць — спалучыліся на карысць школьнікаў падчас правядзення ў Крупках раённага фестывалю “Асоба і прафесія”.

Чым больш малады чалавек ведае аб прафесіі, тым лягчэй прымераць яе на сябе і зрабіць правільны і ўсвядомлены выбар. Таму мерапрыемствы, якія даюць інфармацыю аб розных прафесіях, заўсёды будуць актуальныя. Фестываль даследчых работ прафарыентацыйнай накіраванасці “Асоба і прафесія” быў цікавы і карысны для яго ўдзельнікаў і гледачоў.

— У выбары прафесіі дзіцяці дапамагаюць бацькі, сябры, школьныя педагогі, асабістыя прафесійныя планы і, безумоўна, людзі, чыя праца становіцца прыкладам для пераймання. Іх асобы і прафесія заслугоўваюць павышанай увагі. Гэтаму быў прысвечаны фестываль “Асоба і прафесія”, мэтай якога з’яўляецца фарміраванне ў школьнікаў цікавасці да складання асабістага прафесійнага плана, пашырэнне ўяўленняў аб сучасных прафесіях з дапамогай уключэння вучняў у грамадска значную прафарыентацыйную дзейнасць, — расказвае метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Уладзімір Іванавіч Рогаў.

У фестывалі бралі ўдзел 16 навучэнцаў 10—11 класаў з 12 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Крупскага раёна. У сваіх работах падлеткі ўсебакова даследавалі пэўную прафесію: чым займаюцца яе прадстаўнікі, якія ўстановы адукацыі ажыццяўляюць падрыхтоўку, якімі якасцямі неабходна валодаць, каб дасягнуць у гэтай справе поспеху, які ўплыў аказвае выбраная прафесія на асобу, хто дасягнуў высокіх вынікаў у гэтай сферы дзейнасці. Атрымаліся глыбокія, змястоўныя даследаванні. Адметна, што школьнікі стараліся паказаць невядомыя бакі прафесій, расказаць незвычайныя факты.

Абарона даследчых работ праходзіла ў форме творчай прэзентацыі, да якой удзельнікі добра падрыхтаваліся: аформілі стэнды, прынеслі відэа- і аўдыяматэрыялы, рэквізіт.

Такім чынам, удзельнікі фестывалю ўкаранілі свае даследчыя навыкі, а таксама шмат даведаліся аб розных прафесіях, падзяліліся сваімі ведамі з аднагодкамі, якія сталі гасцямі фестывалю.

Па выніках выступленняў журы прысудзіла гран-пры фестывалю стваральнікам 8 работ. Адразу некалькі даследаванняў былі прысвечаны прафесіі настаўніка. І хоць школьнікі сустракаюцца з педагогамі амаль кожны дзень, даследчыкам было што расказаць. Навучэнцы правялі інтэрв’ю з настаўнікамі, педагогамі-ветэранамі, прысвячалі работы сваім класным кіраўнікам і расказвалі аб педагагічных дынастыях. Уладальнікамі гран-пры фестывалю сталі Яна Швед, навучэнка Ухвальскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя А.С.Лукашэвіча, з работай “Настаўнік — гэта прызванне ці стан душы…”; Хрысціна Драгун, навучэнка Крупскай раённай гімназіі, з даследаваннем “Настаўнік — прафесія далёкага дзеяння, галоўная на Зямлі”; Таццяна Алексяёнак, вучаніца Хацюхоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя У.В.Кавалёнка, якая вывучала якасці сапраўднага настаўніка; і Аляксандра Смірнягіна, навучэнка сярэдняй школы № 1 імя У.Н.Марцінкевіча Крупак, з работай “Прафесія настаўніка: учора, сёння, заўтра”.

Аб прафесіях сваіх родных расказалі ўладальнікі гран-пры, навучэнцы Худавецкага ясляў-сада — сярэдняй школы Крупскага раёна Раман Бараноўскі і Яна Рабчынская, а таксама навучэнка Крупскай раённай гімназіі Лізавета Ціханавецкая. Рома і Яна прадставілі работу “Аб людзях гераічнай прафесіі”, прысвечаную ратавальнікам. Работа Лізаветы “Мастацтва выратавання жыцця” расказвала аб прафесіі ўрача.

Таксама ўзнагароды фестывалю атрымалі школьнікі, якія даследавалі прафесію, якую ўжо выбралі для сябе: Ангеліна Белая, навучэнка Нацкай сярэдняй школы імя М.Д.Шастакова Крупскага раёна, за работу “Мая будучая прафесія — ветэрынарны ўрач” і Ксенія Ляшкова, якая вучыцца ў Коласаўскай сярэдняй школе Крупскага раёна і збіраецца стаць фармацэўтам.

Падарунак для пераможцаў арганізатары падрыхтавалі адпаведны: школьнікі возьмуць удзел у прафарыентацыйным мерапрыемстве з удзелам спецыялістаў Крупскага раёна, якія дасягнулі высокіх вынікаў у прафесійнай дзейнасці.

Дар’я РЭВА.