Прафарыентацыйныя ўрокі і «прафесійныя пробы»: як Пінскі аграрны тэхналагічны каледж працуе са школамі рэгіёна

- 13:15Интервью, Образование

Дэвіз Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа — “Выхаванне і адукацыя — найлепшая інвестыцыя ў будучыню”. Тут рыхтуюць не проста высокакваліфікаваных спецыялістаў, але і актыўных грамадзян краіны, расказаў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” дырэктар установы Мікалай Вакульчык.

— Мікалай Іосіфавіч, вашы выпускнікі заўсёды запатрабаваны на рынку працы дзякуючы іх практыка-арыентаванай падрыхтоўцы. Каб забяспе­чыць яе, з якімі арганізацыямі і ўстановамі даводзіцца супрацоўнічаць?

— Нашы навучэнцы атрымліваюць якасную прафесійную адукацыю, заснаваную на выкарыстанні інавацыйных тэхналогій. Штогод мы выпускаем 280 спецыялістаў сярэдняга звяна для АПК краіны па пяці запатрабаваных на рынку працы спецыяльнасцях: “Вытворчасць малочных прадуктаў”, “Вытворчасць мясной і мясазмяшчальнай прадукцыі”, “Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання харчовых вытворчасцей”, “Ветэрынарная медыцына” і “Вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання”. Па апошніх дзвюх спецыяльнасцях вядзецца набор на мэтавае навучанне.

Па запыце заказчыкаў кадраў у апошнія гады рыхтуюцца спецыялісты па новых рабочых прафесіях, такіх як фармоўшчык каўбасных вырабаў, аператар лініі ў вытворчасці харчовай прадукцыі, расфасоўшчык мясапрадуктаў, кантралёр харчовай прадукцыі. У перспектыве плануем арганізаваць навучанне і па такой прафесіі, як прыёмшчык-здатчык харчовай прадукцыі.

Сёння нашымі партнёрамі, базавымі прадпрыемствамі з’яўляюцца 16 арганізацый, яшчэ з трыма перазаключаем дагаворы аб узаемадзеянні. Два гады назад пачалі супрацоўнічаць і з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання Пінскага райвыканкама. Увогуле, заключэнне дагавораў аб узаемадзеянні дае магчымасць нашым навучэнцам набываць практычныя навыкі, працуючы на сучасным абсталяванні, выкарыстоўваючы перадавыя метады і найноўшыя тэхналогіі вытворчасці і перапрацоўкі прадукцыі жывёлагадоўлі.

Трэба сказаць, што частка практык праходзіць у цэнтры кампетэнцый па падрых­тоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў халадзільнай галіны Мінскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага каледжа, па падрыхтоўцы спецыялістаў для харчовай галіны — у Маладзечанскім дзяржаўным політэхнічным каледжы. Некаторыя вучэбныя практыкі і лабараторныя заняткі па ветэрынарнай медыцыне і вытворчасці прадукцыі жывёльнага пахо­джання праводзяцца ў вучэбным класе Пінскага мясакамбіната.

Нашы выпускнікі запатрабаваны на вядучых прадпрыемствах харчовай галіны: Пінскім, Брэсцкім, Гродзенскім і Мінскім мясакамбінатах, Бярозаўскім мясакансервавым камбінаце, Кобрынскім МСЗ, Ляхавіцкім малочным заво­дзе, СААТ “Белавежскія сыры”, ААТ “Малочны свет” і “Беллакт”, Мінскім малочным камбінаце і інш., а таксама ў сельскагаспадарчых арганізацыях Брэстчыны.

Залог паспяховай будучыні

— Навука, творчасць, спорт — абавязковыя складнікі гарманічнага і ўсебаковага развіцця асобы. Таму не магу не спытаць, як навучэнцы каледжа пряўляюць сябе ў гэтых кірунках.

— Сёння каледж стабільна развіваецца, уключаючыся ў працэс лічбавізацыі сучаснага грамадства, працуе над павышэннем якасці адукацыі. З верасня 2018 года ў нашай установе вя­дзецца інавацыйная і эксперыментальная дзейнасць на ўзроўні Мін­адукацыі. Напрыклад, зараз ідзе рэалізацыя інавацыйнага праекта “Укараненне методыкі стварэння электронных адукацыйных рэсурсаў”.

У каледжы працуюць амаль 100 педагагічных работнікаў. 84% з іх маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Усе выкладчыкі з павагай ставяцца да навучэнцаў, цэ­няць кожнага з іх і даюць магчы­масць рэалізаваць творчы патэнцыял у самых розных напрамках. Так, для зацікаўленых у навуцы створаны сем секцый пастаянна дзею­чай канферэнцыі “Даследаванне — першы крок у навуку”. Вынік такога падыходу — дастойныя выступленні і перамогі на абласных, рэспубліканскіх, міжнародных канферэнцыях. Прыкладны характар мае даследчая дзей­насць на тэхналагічным аддзяленні. Там навучэнцы разам з педагогамі распрацоўваюць новыя рэцэптуры мясных і малочных прадуктаў і гатуюць доследныя ўзоры ў нашых лабараторыях. Пасля прадстаўляюць іх на дэгустацыях, якія заўсёды праходзяць на высокім узроўні і з’яўляюцца візітнай карткай каледжа. Дарэчы, летась наш праект “Распрацоўка прадуктаў функцыянальнага харчавання (мясныя прадукты)” стаў пераможцам Рэспубліканскага конкурсу на лепшую бізнес-ідэю і сацыяльную ініцыятыву для АПК і сельскіх тэрыторый сярод навучэнцаў.

У сваю чаргу выхаванцы ветэрынарна-тэхналагічнага аддзялення ўдзельнічаюць у прафесійных конкурсах, прычым годна прадстаўляюць і вобласць на рэспубліканскім конкурсе “Аграмайстэрства”. Не магу не пахваліцца тым, што нашы навучэнцы сёлета ўзялі гран-пры рэспубліканскага арт-праекта “Галерэя кароў”, што праводзіцца медыякампаніяй “Прадукт.by” ў межах міжнароднага форуму “Беларусь аграрная. Малочная ферма”.

У тэхнічнай творчасці наймац­нейшыя навучэнцы механічнага аддзялення. Пад кіраўніцтвам педагогаў імі створаны шэраг дзеючых мадэлей абсталявання, якія выкарыстоўваюцца ў якасці наглядных дапаможнікаў на вучэбных занятках, арыгінальныя прыстасаванні, прадметы інтэр’ера, зробленыя з металічных дэталей машын і механізмаў, што выйшлі са строю. А таму наш каледж — пастаянны ўдзельнік і прызёр абласных аглядаў тэхнічнай і інавацыйнай творчасці, пераможца рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЁлка”.

Новай традыцыяй стала правядзенне ў каледжы конкурсаў прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў з запрашэннем арганізацый — заказчыкаў кадраў.

Павышаная ўвага ўдзяляецца выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце з моладдзю. З 2022 года працуюць музейны пакой “Беларуская хатка” і экспазіцыя баявой славы Пінска і Пінскага раёна. Акрамя навучэнцаў каледжа, штогод больш за 700 вучняў школ Брэсцкай вобласці наведваюць нашы тэматычныя экскурсіі.

Актыўна развіваецца і студ­атрадаўскі рух, штогод працуюць 5—9 атрадаў, якія неаднаразова станавіліся пераможцамі як абласнога фестывалю студэнцкіх атрадаў “Трэці працоўны семестр”, так і рэспубліканскага. Так, вытворчы студэнцкі атрад “Маяк” імя П.Я.Альхоўскага прызнаны ў 2024 годзе лепшым у краіне.

А яшчэ навучэнцы рэгулярна годна выступаюць у спартакіядах. На працягу сямі гадоў каманда дзяўчат па выніках абласной спартакіяды сярод навучэнцаў УССА займае 1-е агульнакаманднае месца. Самыя выніковыя для каледжа віды спорту зімовае і летняе мнагаборства “Здароўе”, лёгкаатлетычны крос, плаванне. У абласной спартакіядзе каледжаў сярод мужчынскіх каманд наша традыцыйна ўваходзіць у тройку лідараў.

Прафесійныя пробы

— Як каледж працуе ў напрамку прафарыентацыі і папулярызацыі аграрных спецыяльнасцей?

— Штогод установа выпускае амаль тры сотні спецыялістаў для айчыннага аграпрамысловага комплексу ў галіне машын і апаратаў харчовых вытворчасцей, тэхналогій захоўвання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны, заа­тэхніі і ветэрынарнай медыцыны. Праблем з наборам абіту­рыентаў і размеркаваннем маладых спецыялістаў у нас няма, дзякуючы мэтанакіраванай праф­арыентацыйнай рабоце са школамі рэгіёна і цеснаму ўзаемадзеянню з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў.

У Пінскім аграрным тэхналагічным каледжы штогод вучыцца больш за 1,1 тысячы юнакоў і дзяўчат. З іх на дзённым аддзяленні — амаль 960 навучэнцаў і на завочным — каля 200. Каледж забяспечвае 100-працэнтнае размеркаванне выпускнікоў і поўнасцю выконвае кантрольныя лічбы набору.

Да таго ж каледж — актыўны ўдзельнік розных прафарыен­тацыйных мерапрыемстваў, у тым ліку кірмашоў мэтавай пад­рыхтоўкі. Звычайна выставачная лакацыя нашай установы карыс­таецца папулярнасцю ў будучых абітурыентаў. Гвозд праграмы, як правіла, любімы гадаванец валанцёра: сабака, кот, чарапаха, дэкаратыўныя грызуны і іншыя дробныя жывёлы, птушкі. З іх дапамогай мы знаёмім з прафесіяй фельчара ветэрынарнай медыцыны. Дэгустацыя мёду далучае да прафесіі тэхніка-тэхнолага па вытворчасці прадукцыі жывёльнага паходжання. А паспрабаваць надзвычай смачны адыгейскі сыр з рознымі трава­мі, ёгурт ці напой з маслёнкі, паспытаць духмянай мясной каўбаскі з незвычайнымі натуральнымі дабаўкамі, такімі як дайкон, курага, ламінарыя, запрашаюць тэхнікі-тэхнолагі па вытворчасці малочных прадуктаў і вытворчасці мясной і мясазмяшчальнай прадукцыі, якая вырабляецца ў лабараторыях каледжа па арыгінальных рэцэптурах. Завяршаецца цыкл знаёмства з каледжам галаваломкамі або дэманстрацыяй работы розных механізмаў, якія прадстаўляюць тэхнікі-механікі па абсталяванні харчовых вытворчасцей.

Сучасных старшакласнікаў не здзівіш выступленнем агітбрыга­ды або сэлфі з роставымі лялькамі, ім падавай інтэрактыў. Таму ў нашым арсенале развіццёвыя гульні, бяспройгрышныя лата­рэі і іншыя забавы. Выкладчыкі распрацоўваюць і прымяняюць інтэр­актыўныя заданні, трэнінгі, квесты на аснове мабільных дадаткаў, прайшоўшы якія школьнікі атрымліваюць прызы. Навучэнцы каледжа ў сваю чаргу запрашаюцца на інтэлектуальна-забаўляльныя мерапрыемствы ў межах тыдняў цыклавых камісій. Гэта конкурсы прафмайстэрства “Лепшы ў прафесіі”, “Містар і міс тэхнолаг”, “Бітва тэхнолагаў”. Добрая традыцыя — спартыўныя спаборніцтвы паміж навучэнцамі і школьнікамі ў шосты школьны дзень.

Нядаўна мы пачалі право­дзіць прафарыентацыйныя ўрокі: некалькі выкладчыкаў спецыяль­ных прадметаў вядуць вучэбныя заняткі ў школьнікаў, напрыклад, “Уводзіны ў ветэрынарную хірургію”. А яшчэ напрыканцы красавіка мы прапанавалі будучым абітурыентам новую форму ўзаемадзеяння — “Прафесійныя пробы”. На іх мы паказалі сапраўдную карову — галоўны аб’ект ветэрынарыі ў сельскай гаспадарцы. Многія з дзяцей ужывую яе і не бачылі ніколі, а тут яны атрымалі магчымасць паспраба­ваць сябе ў прафесіі па-сапраўднаму: накарміць жывёлу, ацаніць якасць корму, зрабіць самыя прос­тыя ветэрынарныя маніпу­ляцыі.

Прагрэсіўны і ініцыятыўны

— Мікалай Іосіфавіч, вы ўзначальваеце каледж ужо дзявяты год. Але не проста кіруеце ўстановай, а выступаеце ідэйным натхняльнікам і арганізатарам розных спраў. Што галоўнае для вас ва ўзаема­дзеянні з калегамі і навучэнцамі?

— Маё жыццёвае крэда: “Ніколі не бойся, што ў цябе можа нешта не атрымацца, — будзь смялейшым і спрабуй. Бо, калі ты будзеш бяздзейнічаць, шансы нешта змяніць знікнуць”. У кі­раўніка павінна быць захопленасць тым, што ён робіць, у такім выпадку яго страсць перадасца калектыву, які ён узначальвае. Да таго ж я прытрымліваюся гнуткага дэмакратычнага стылю кіраўніцтва. Лічу: не трэба кантраляваць кожны крок супрацоўнікаў, бо, калі ў арганізацыі правільна падабраны штат і наладжана ўзаемадзеянне паміж работнікамі, кіраўнік можа быць засяроджаны выключна на важных задачах.

На маю думку, складнікамі поспеху кіраўніка з’яўляюцца: першае — мэтавызначэнне, дакладнае штодзённае планаванне дзеянняў з улікам работы на перспектыву; другое — інавацыі і эксперыменты, імкненне да перамен і гатоўнасць рызыкаваць; трэцяе — захаванне і шанаванне традыцый установы адукацыі; чацвёртае — стаўленне да падначаленага як да асобы, уменне чуць супрацоўніка; пятае — работа ў камандзе аднадумцаў. І ў нашай установе ўсё гэта ёсць, таму можна смела сказаць: каледж упэўнена глядзіць у будучыню і гатовы да вырашэння любых задач па пад­рыхтоўцы кваліфікаваных і канкурэнтаздольных спецыялістаў.

Дарэчы, за апошнія пяць гадоў наш каледж быў двойчы занесены на Дошку гонару Пінс­ка, двойчы — на Дошку гонару Брэсцкай вобласці, тройчы прызнаваўся лепшай установай прафесійнай адукацыі па выніках абласнога конкурсу “Лепшая ўстанова прафесійна-тэхнічнай і ся­рэдняй спецыяльнай адукацыі”.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара