Прафарыентацыя для асаблівых выпускнікоў

У нашай школе вучыліся як дзеці з інтэлектуальнай недастатковасцю, так і з цяжкасцямі ў вучобе і выхаванні. Зыходзячы з гэтага, я як педагог-псіхолаг будую сваю дзейнасць сумесна з настаўнікамі-прадметнікамі, настаўнікамі-дэфектолагамі і класнымі кіраўнікамі. Каардынатарамі нашай работы з’яўляюцца намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Іванаўна Атбаканава і Мар’яна Віктараўна Уласік, а таксама намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аксана Уладзіміраўна Ціхая.

Прафарыентацыйная работа пачынаецца з планавання, забеспячэння інфармацыйна-метадычнай базы і непасрэдна арганізацыйных мерапрыемстваў. Арганізацыйная работа праводзіцца сумесна з класнымі кіраўнікамі, настаўнікамі-дэфектолагамі, сацыяльным педагогам на працягу ўсяго навучальнага года. Асноўныя мерапрыемствы выпадаюць на сакавік, калі ў нашай школе праходзіць месячнік па прафарыентацыі.

Нашы вучні класаў інтэграванага навучання і выхавання актыўна наведваюць прафарыентацыйныя мерапрыемствы, асабліва непасрэдна перад паступленнем. Праўда, ступень зацікаўленасці залежыць ад спецыялізацыі ўстановы. Так, ВНУ энтузіязму не выклікалі (вучні рэальна ацэньвалі свае магчымасці), а вось каледжы і ліцэі — наадварот.

Але гэтым работа нашых педагогаў не абмяжоўваецца. Найбольш важнай яе часткай у святле дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў з АПФР, на мой погляд, з’яўляецца працоўнае выхаванне. Гэтаму садзейнічаюць як урокі працы, так і арганізацыя другаснай занятасці школьнікаў. Вучні старшых класаў з задавальненнем наведваюць гэтыя заняткі і актыўна ўжываюць на практыцы атрыманыя веды. Перыядычна вучаць мяне, як трэба даглядаць кветкі, дапамагаюць паліваць і перасаджваць расліны. Ды і сваю будучыню некаторыя з іх звязваюць менавіта з тым відам працоўнай дзейнасці, любоў да якой прывіла школа. Высветліць гэта мне дапамаглі гутаркі з вучнямі і іх прафкарты, якія запаўняюцца кожны год усімі вучнямі нашай школы з 7 па 11 клас. Пакуль толькі два вучні з АПФР трапілі ў гэтую ўзроставую групу.

Я стараюся дапамагчы вучням з АПФР усебакова вывучыць сябе, свае прафесійныя інтарэсы і схільнасці, асаблівасці. Каб дапамагчы дзецям у прафесійным самавызначэнні, мы праводзім прафарыентацыйныя гульні: “Мяч + прафесія”, “Хто ёсць хто”, “Прадаўцы — пакупнікі”, “Страла жыцця” і інш. Варта адзначыць, што гэтым вучням часта цяжка абстрагавацца, таму ім асабліва патрабуецца накіроўваючая і тлумачальная дапамога псіхолага. У рамках псіхалагічнай асветы мы праводзім гутаркі (“Будучыня маімі вачыма”, “Рынак працы Беларусі”, “Пуцёўка ў жыццё”), семінары ў форме круглага стала “Ці гатовы я да выбару прафесіі?”.

Малышы таксама не застаюцца без увагі: з імі я право­дзіла заняткі “Прафесія маіх бацькоў”, гутарку “Маё хобі”. Дзеці з задавальненнем малююць і актыўна абмяркоў­ваюць гэтыя тэмы.

Акрамя таго, праводзіцца работа з педагогамі і бацькамі: індывідуальнае кансультаванне, семінары для класных кіраўнікоў, выступленні на гадзінах інфармавання і бацькоўскіх сходах.

Але наша зацікаўленасць лёсам вучняў з АПФР не абмяжоўваецца рамкамі школы. Вось ужо год мы ажыццяўляем патранатнае суправаджэнне двух нашых выпускнікоў. Яшчэ падчас іх вучобы мы сумесна з педагогам Святланай Гена­дзьеўнай Макраковай аказвалі падтрымку і дапамогу, таму што гэтыя падлеткі з-за сітуацыі, якая склалася ў сем’ях, з’яўляліся будучымі выпускнікамі з найменш станоўчым прагнозам сацыяльнай адаптацыі.

Таму, акрамя ўсяго вышэйпералічанага, праводзілася карэкцыйна-развіццёвая і асветніцкая работа, накіраваная на фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі, карэкцыю эмацыянальна-валявой сферы, развіццё кагнітыўных працэсаў, развіццё сацыяльных навыкаў. Мы разам з сацыяльным педагогам, класным кіраўніком і медыцынскім работнікам школы ў супрацоўніцтве з дзіцячым домам змешанага тыпу № 7 “СемьЯ” Мінска аказвалі суправаджэнне вучняў у атрыманні заключэнняў ВКК паліклінік з пералікам дапушчальных спецыяльнасцей, у атрыманні мэтавых накіраванняў для далейшай вучобы ва ўстановах адукацыі Мінска.

У цэлым падрыхтоўчы этап патранатнага суправаджэння быў праведзены паспяхова. Зараз праходзіць асноўны яго этап. Мы падтрымліваем сувязь з нашымі выпускнікамі. Я кансультую іх, стараюся аказваць дапамогу ў адаптацыі да новых умоў жыццядзейнасці. Разам з сацыяльным педагогам і адміністрацыяй школы мы збіраем статыстычныя матэрыялы аб іх жыццеўладкаванні, падтрымліваем сувязь з навучальнымі ўстановамі і прадпрыемствамі, дзе вучацца і працуюць нашы выпускнікі.

Такім чынам, мы не толькі ствараем базіс для вызначэння прафесійнай будучыні вучняў з АПФР, але і дапамагаем ім свядома падысці да выбару сваёй будучыні.

 Святлана БЯГУН,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 62 Мінска.


© Сайт арыгіналу Абітурыент, 2012.
Тэгі:

 

Feed enhanced by Better Feed from Ozh