Прафарыентацыя. Паразважаем разам

На базе Пагародненскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна прайшло пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў па тэме “Сацыяльныя праблемы прафесійнай арыентацыі вучняў”. Пасяджэнне зладзілі ў форме семінара-практыкуму.

Тэма вельмі важная, бо ў жыцці кожнага маладога чалавека рана ці позна ўзнікае пытанне: “Кім быць і куды пайсці для гэтага вучыцца?”. Таму фарміраванне падрыхтаванасці да прафесійнага самавызначэння неабходна разглядаць як працэс адукацыі.

Семінар прайшоў плённа і творча. З рэгіянальным аспектам арганізацыі прафарыентацыйнай работы ў раёне пазнаёміла метадыст раённага вучэбна-метадычнака кабінета Т.П.Скорб. Калегі актыўна дзяліліся вопытам. Класны кіраўнік 7 класа “ВПК Начскі яслі-сад — сярэдняя школа” Н.А.Квяткоўская расказала аб арганізацыі сістэмы пазакласных мерапрыемстваў па тыпах прафесій на 2 ступені навучання. У гэтым узросце фарміруецца асэнсаванне вучнямі сваіх інтарэсаў, здольнасцей, звязаных з выбарам будучыні з дапамогай сустрэч з людзьмі розных прафесій, экскурсій на прадпрыемствы, знаёмства з прафесіямі сваіх бацькоў. Пра ўзаемадзеянне з соцыумам пры рашэнні праблем прафарыентацыі навучэнцаў гаварыла класны кіраўнік 9 класа Воранаўскай сярэдняй школы Г.Э.Войшніс.

Звярнулі ўвагу і на прафесійнае самавызначэнне дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Адна з форм работы з вучнямі па падрыхтоўцы да выбару будучай прафесіі — заняткі ў гуртках працоўнага кірунку. Закранулі пытанне работы з бацькамі па прафарыентацыі: дыягностыка, кансультаванне, інфармацыйна-асветніцкая дзейнасць і суботнія мерапрыемствы. Напрыклад, інфармацыйна-асветніцкая дзейнасць з мамамі і татамі накіравана на пашырэнне іх педагагічных ведаў па прафесійным самавызначэнні вучняў, умовах паступлення ва ўстановы вышэйшай і прафесійнай адукацыі, а таксама па прагназаванай сітуацыі на рэгіянальным рынку працы.

Прысутныя мелі магчымасць разам з навучэнцамі 9—11 класаў Пагародненскай школы паўдзельнічаць у прэс-канферэнцыі “Кім быць? Якім быць?” з удзелам прадстаўнікоў розных прафесій. А сацыяльны педагог школы Л.Г.Салмановіч і класны кіраўнік 9 класа Г.Т.Казлоўская правялі трэнінгавыя заняткі па прафесійнай арыентацыі “Я і свет прафесій”. Вучні пазнаёміліся з новымі і найбольш запатрабаванымі прафесіямі, падзяліліся марамі пра будучыню.

Пра асаблівасці арганізацыі прафарыентацыйнай работы ў школе распавяла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце С.В.Ненартовіч. Вопыт быў прадстаўлены ў двух блоках — тэарэтычным і практычным. Класны кіраўнік прапанавала розныя формы работы, якія варта прымяняць у педагагічнай практыцы па прафарыентацыі, каб павысіць матывацыю выпускнікоў вяртацца на малую радзіму ў якасці маладых спецыялістаў.

Ірэна КАЗЛОЎСКАЯ,
класны кіраўнік 11 класа Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.