Прафарыентацыя практычнага кірунку

Развіццю тэхнічных навыкаў і прадпрымальніцкай актыўнасці сельскай моладзі ў Брагінскім раёне апошнім часам удзяляецца асаблівая ўвага.

Гэта адзін з напрамкаў работы мясцовай ініцыятывы “Інкубатар ініцыятыў — 2”, якая ажыццяўляецца ў рамках праекта “Садзейнічанне равіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН.

Паспрыяць развіццю працоўных і тэхнічных навыкаў, прафарыентацыі і прадпрымальніцкай актыўнасці сельскай моладзі быў прызваны гурток па інтарэсах “Працоўныя і тэхнічныя навыкі”. Дзеля гэтага быў абсталяваны кабінет фізікі, дзе праводзіліся заняткі па тэхнічнай творчасці для хлопцаў і дзяўчат з усяго раёна. Ацаніць вынікі такой работы, якая вялася на працягу пяці месяцаў, можна было падчас праведзенага ў верасні адкрытага конкурсу юных вынаходнікаў Брагінскага раёна.

Гэтаму конкурсу папярэднічаў пробны эксперымент. Так, у маі ў Іалчанскай сярэдняй школе быў праведзены адкрыты турнір юных вынаходнікаў Брагінскага раёна, які сабраў 10 каманд з 33 удзельнікаў з устаноў адукацыі Брагінскага і Лоеўскага раёнаў. Турнір уяўляў сабой конкурс агульных ідэй, накідаў рашэнняў пастаўленых тэхнічных праблем — тое, што прынята адносіць да пачатковай часткі тэхнічнай творчасці, а канчатковай мэтай з’яўляецца арыгінальная, канкрэтная рэалізацыя аўтарскага рашэння. У гэтым сэнсе правядзенне конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці — адна з найбольш прадукцыйных форм работы навучэнцаў. Такім чынам, у раёне было распрацавана “Палажэнне аб конкурсе юных вынаходнікаў Брагінскага раёна”.

Патэнцыяльным удзельнікам конкурсу загадзя былі прапанаваны заданні ў выглядзе тэхнічных праблем, прадставіць вырашэнне якіх неабходна было разам з дакладам і мадэльнай дэманстрацыяй непасрэдна на конкурсе. Першы конкурс юных вынаходнікаў Брагінскага раёна сабраў 18 канкурсантаў у складзе 6 каманд з Камарынскай, Малейкаўскай, Маложынскай, Іалчанскай, Мікуліцкай і Брагінскай сярэдніх школ. І ён атрымаўся, таму арганізатары вырашылі зрабіць яго традыцыйным.

Зразумела, канкурсантам у многім дапамаглі якраз заняткі ў гуртку “Працоўныя і тэхнічныя навыкі”. Сёння можна з упэўненасцю гаварыць пра важную ролю гуртка: ён не толькі дапамог дзецям папоўніць веды, але і дазволіў выявіць навучэнцаў, якім цікава вывучаць фізіку і займацца вынаходніцтвамі. Дарэчы, сярод брагінскіх школьнікаў, якія наведваюць гурток, цяпер шмат тых, хто вызначыўся з будучай справай і мае намер працягнуць знаёмства з цікавым прадметам ва ўніверсітэце. Нядаўна ў навучэнцаў, захопленых тэхнічнай творчасцю, была магчымасць стаць крышачку бліжэй да мары: яны наведалі Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, вучэбныя і навуковыя лабараторыі факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій. Перад навучэнцамі школ Брагінскага раёна выступілі загадчык кафедры агульнай фізікі Яўген Шаршнёў, старшыя выкладчыкі Аляксандр Пабіяха і Віталь Грышчанка. Практычныя распрацоўкі студэнтаў з каментарыямі прадэманстраваў старшы выкладчык Максім Подалаў. Завяршыўся першы этап экскурсіі ў лабараторыі лазерных тэхналогій. Яе прэзентаваў Уладзімір Лялекін і нават дазволіў навучэнцам самастойна выпрабаваць магчымасці лазернай зваркі.

У праграме візіту школьнікаў у абласны цэнтр значылася таксама наведванне Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі і абласнога Цэнтра спорту і турызму.

У Цэнтры тэхнічнай творчасці юнакам і дзяўчатам прэзентавалі лабараторыі праграмавання і робататэхнікі нядаўнія выпускнікі фізічнага факультэта ГДУ Дзяніс Ляпшэй і Андрэй Макеенка. Аб рабоце лабараторый радыёэлектронікі і суднамадэлізму, а таксама творчых дасягненнях гурткоўцаў з дэманстрацыяй іх работ расказалі вопытныя педагогі-дадаткоўцы Алена Мартынава і Аляксандр Язерскі.

Вось такая атрымліваецца прафарыентацыйная работа, у аснове якой — атрыманне пэўных практычных навыкаў.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *