Прафарыентацыя праз інавацыі

Сярод моладзі модным лічыцца атрыманне адукацыі па спецыяльнасцях, прэстыжных у грамадстве і якія гарантуюць хуткія грошы. Прычым не мае значэння, што прафесія можа быць не зусім даспадобы.

У гэтым жа і праблема незамацаванасці маладых спецыялістаў на перыферыі. У Ціманаўскай сярэдняй школе Клімавіцкага раёна педагагічны калектыў агульнымі намаганнямі імкнецца даказаць дзецям і бацькам, што ва ўсіх прафесіях у нашай краіне можна рэалізаваць сябе і быць паспяховым.

Фота да матэрыяла: Прафарыентацыя праз інавацыі.— Сёння на рынку працы сталі запатрабаванымі рабочыя прафесіі, аднак навучэнцы працягваюць выбіраць прэстыжныя спецыяльнасці, якія не заўсёды запатрабаваны. У выніку выпускнікі, якія атрымалі вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, застаюцца беспрацоўнымі або працуюць не па сваёй спецыяльнасці. Усё гэта ўплывае на эфектыўнасць эканамічнага развіцця рэгіёнаў і краіны ў цэлым, вядзе да з’яўлення лішку спецыялістаў у адных і дэфіцыту работнікаў у іншых сферах. Для таго каб дапамагчы вучням зрабіць свядомы выбар будучай прафесіі, наша школа зараз працуе над рэалізацыяй інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі рэгіянальнага адукацыйнага кластара як умовы прафесійнага самавызначэння навучэнцаў”, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Ільюшчанка.

Педагагічны калектыў школы ўжо мае вопыт інавацыйнай дзейнасці. Ва ўстанове паспяхова ўкаранёна мадэль адукацыйнай прасторы, накіраванай на фарміраванне палітычнай культуры вучняў, апрабавана сістэма фарміравання асноў эканамічных ведаў, прадпрымальнасці і фінансавай дасведчанасці ў дзяцей.

— Нашы настаўнікі адкрыты новаму, заўсёды знаходзяцца ў прафесійным пошуку, сочаць за сучаснымі адукацыйнымі тэндэнцыямі. Паспяхова рэалізаваўшы некалькі інавацыйных праектаў, мы разам зноў узяліся за вырашэнне актуальнай праблемы. Выбраная тэма актуальная тым, што ўкараненне кластарнага ўзаемадзеяння паміж установамі адукацыі вобласці аказвае непасрэдны ўплыў на прафесійнае самавызначэнне вучняў, — адзначыла Ірына Васільеўна.

Выбар прафесіі — адзін з самых складаных этапаў у жыцці падлеткаў. Менавіта ў гэты перыяд ім даводзіцца сутыкацца з рознымі цяжкасцямі. У Ціманаўскай школе ўсебакова імкнуцца дапамагчы моладзі з самавызначэннем.

Прафарыентацыя тут — гэта не толькі асобныя мерапрыемствы, а дзейсная сістэма працы, якая прыносіць адпаведныя вынікі. Настаўнікі ўстановы пачынаюць знаёмства са светам прафесій з пачатковых класаў, калі толькі фарміруецца адпаведная кампетэнтнасць дзяцей. У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта спецыяльна для гэтых мэт творчай групай педагогаў быў распрацаваны цыкл разнастайных тэматычных класных гадзін: “Прафесіі нашых бацькоў”, “Мая мара пра будучую прафесію”, “Свет маіх захапленняў” і інш.
Педагогі стараюцца з належнай увагай аднесціся да кожнага вучня. Зрабіць правільны жыццёвы выбар дзецям дапамагаюць рознымі метадамі. Акрамя традыцыйных — прафесійнай асветы, дыягностыкі, кансультацый, тут актыўна выкарыстоўваюць прафесійныя спробы. З экскурсіямі ціманаўскія вучні наведваюць прадпрыемствы роднай вёскі і райцэнтра, дзе на справе могуць азнаёміцца з той ці іншай прафесіяй.

— За час рэалізацыі праекта навучэнцы разам з педагогамі наведалі вясковую пошту, раённы лясгас, аддзяленні дзяржаўных банкаў, магазіны, бібліятэку. Экскурсіі былі арганізаваны таксама ў Клімавіцкі аграрны каледж і МДУ імя А.А.Куляшова, — паведаміла Ірына Ільюшчанка.

Па яе словах, адтачыць пэўныя прафесійныя навыкі вучні могуць і падчас працы ў вучнёўскіх брыгадах, лагерах працы і адпачынку. Летась падлеткі працавалі ў ААТ “Племзавод “Ціманава”, дапамагалі ў рамонце школы і добраўпарадкаванні прылеглай да яе тэрыторыі.

— Такія працоўна-прафесійныя спробы дапамаглі некаторым дзецям вызначыцца з будучыняй. Некаторыя вучні выказалі жаданне ў далейшым працаваць у сельскай гаспадарцы нашага раёна, — заўважыла Ірына Васільеўна.

Зладжанасць дзеянняў, агульная зацікаўленасць настаўнікаў у далейшым лёсе навучэнцаў прыносіць добрыя вынікі. Выпускнікі навучальнай установы паспяхова рэалізоўваць сябе ў прафесійным і сацыяльным станаўленні. Прафесіі былыя вучні выбіраюць розныя, але галоўнае — іх мэтанакіраванае імкненне да адпаведнай працы.

Сваімі эфектыўнымі напрацоўкамі педагагічны калектыў школы надоечы падзяліўся з калегамі. Падчас круглага стала мясцовыя настаўнікі падрабязна расказалі аб усіх аспектах выпрацаванай сістэмы самавызначэння навучэнцаў, прапанавалі зацікаўленым дапамогу ў распаўсюджванні станоўчага вопыту.

Адметна, што, нягледзячы на якасна арганізаваную прафарыентацыю, ва ўстанове будуць працягваць яе ўдасканаленне. Упор, як і раней, плануюць рабіць не толькі на ўпэўнены выбар канкрэтнай прафесіі кожным вучнем, але і на іх паспяховае жыццеўладкаванне.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.