Прафарыентацыя ў межах вучэбнага прадмета

Прафарыентацыя праз вучэбны прадмет — адзін з вядучых напрамкаў у мерапрыемствах, накіраваных на прафесійнае самавызначэнне. Дапамагаючы ў гэтым вучням, настаўнік павінен мець адпаведную тэарэтычную і практычную падрыхтоўку да правядзення прафарыентацыйнай работы ў рамках свайго прадмета.

Пытанні прафарыентацыі школьнікаў у нашай навучальнай установе разглядаюцца на пасяджэннях метадычных аб’яднанняў педагогаў, семінарах (“Фарміраванне прафесійнай накіраванасці вучняў сродкамі вучэбнага прадмета”, “Арганізацыя дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі вучняў” і г.д.).

У адпаведнасці з задачамі прафарыентацыі ў адукацыйным працэсе, вылучаюцца наступныя этапы работы настаўніка: вызначэнне ў праграмным матэрыяле тэм, пры засваенні якіх мэтазгодна ўключаць прафарыентацыйны матэрыял; вызначэнне форм падачы прафарыентацыйнага матэрыялу, падбор наглядных дапаможнікаў; вывучэнне літаратуры аб галінах эканомікі і асноўных прафесіях, звязаных з праграмным матэрыялам па дадзеным прадмеце. Асаблівая ўвага пры гэтым удзяляецца прафесіям свайго эканамічнага рэгіёна; вывучэнню інтарэсаў і схільнасцей вучняў, фіксаванню вынікаў, абмеркаванню іх з вучнямі, бацькамі, класнымі кіраўнікамі; абнаўленню матэрыялаў аб прафесіях у вучэбным кабінеце; правядзенню індывідуальнай работы з вучнямі з мэтай фарміравання ў іх цікавасці да вывучаемага прадмета і звязаных з ім прафесій.

Прафарыентацыйны матэрыял, які выкарыстоўваецца педагогамі, звязаны з вучэбным матэрыялам, узбагачае асноўныя паняцці прадмета, раскрывае іх сутнасць у сувязі з жыццём, практыкай, вытворчасцю, пашырае кругагляд вучняў. Гэты матэрыял уводзіцца паэтапна ў адпаведнасці з узроставымі асаблівасцямі школьнікаў, узроўнем іх развіцця.

Асноўнымі формамі і метадамі прафарыентацыйнай работы настаўніка-прадметніка пры вывучэнні праграмных тэм з’яўляюцца гутаркі аб прафесіях, звязаных з вывучаемым матэрыялам; вырашэнне разнастайных задач з практычным зместам; удзел у алімпіядах, конкурсах, канферэнцыях; прагляд фрагментаў вучэбных фільмаў і кінафільмаў, вучэбных тэлеперадач, якія дэманструюць прымяненне ведаў, атрыманых пры вывучэнні тэмы, у практычнай дзейнасці людзей; экскурсіі на прадпрыемствы; сустрэчы са спецыялістамі; правядзенне круглых сталоў; афармленне фота- і відэаматэрыялаў прафарыентацыйнага характару.

Безумоўна, настаўнікі-прадметнікі плануюць прафарыентацыйную работу ў адпаведнасці з раздзеламі вучэбнай праграмы. Напрыклад, настаўнік геаграфіі В.А.Камына вылучае прафесіі, з якімі мэтазгодна азнаёміць вучняў пры вывучэнні таго ці іншага раздзела: геадэзіст (“Развіццё геаграфічных ведаў аб Зямлі”), метэаролаг, кліматолаг, сіноптык (“Атмасфера, надвор’е і клімат”), меліяратар (“Глебы”), прадавец, кухар, цырульнік, бібліятэкар (“Сфера паслуг”).

Вялікае значэнне ў прафарыентацыі школьнікаў маюць такія вучэбныя прадметы, як матэматыка, інфарматыка, фізіка, англійская мова. Але для вучняў сельскіх устаноў адукацыі па-ранейшаму актуальнай застаецца біялогія. Пры вывучэнні раслін і жывёл дзеці даведваюцца аб прафесіях фітадызайнера, эколага, арнітолага, іхтыёлага, пры вывучэнні чалавека — псіхолага. Аднак на працягу многіх гадоў нашы выпускнікі выбіраюць сельскагаспадарчыя (аграном, заатэхнік, ветэрынар) і медыцынскія спецыяльнасці.

Вучэбныя праграмы накіраваны на тое, каб падрыхтаваць падлетка да паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Але школа павінна выпускаць са сваіх сцен гатовага да самастойнага жыцця чалавека. Працоўнае навучанне — гэта адзіны прадмет, на якім дзіця вучыцца на практыцы прымяняць атрыманыя веды.

Тэхнічная праца стварае спрыяльныя ўмовы для правядзення сістэматычнай мэтанакіраванай прафарыентацыйнай работы з вучнямі. Напрыклад, вывучаючы канкрэтную тэхналагічную аперацыю (габлёўка, пілаванне), вучні даведваюцца аб прафесіях, да якіх адносіцца гэты від апрацоўкі.

Раздзелы праграмы па абслуговай працы прадугледжваюць авалоданне вучнямі асновамі дамаводства, апрацоўкі тэкстыльных матэрыялаў, вырошчвання раслін, гатавання ежы, вышывання, вязання кручком. Настаўнік працоўнага навучання В.М.Зора знаёміць дзяўчынак з эканомікай, арганізацыяй, тэхнікай і тэхналогіяй вытворчасці, шляхамі авалодання той ці іншай прафесіяй. Назіраючы за работай кожнай вучаніцы, настаўнік бачыць яе адносіны да справы, выяўляе схільнасці і інтарэсы дзяўчынкі. У апошні час на беларускіх прадпрыемствах лёгкай прамысловасці назіраецца дэфіцыт швачак, таму на гэтую прафесію робіцца акцэнт як найбольш запатрабаваную сярод рабочых спецыяльнасцей.

Нядаўна ў школьную праграму ўвайшоў прадмет “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”. У сувязі з гэтым усё большую актуальнасць набывае прафесія ратавальніка. Школьнікам расказваецца не толькі пра яе гераічнасць, але і небяспечнасць. Найбольш эфектыўны спосаб знаёмства з гэтай прафесіяй — сустрэчы з ратавальнікамі.

Не так часта на вучэбных занятках мы ўводзім матэрыял аб прафесіі настаўніка. Асоба настаўніка, яго творчыя адносіны да працы, любоў да дзяцей, уменне раскрыць перад навучэнцамі багацце свету з’яўляецца прапагандай настаўніцкай прафесіі. І яркім прыкладам гэтага з’яўляецца тое, што выпускнікі нашай адукацыйнай установы паспяхова працуюць педагогамі ў розных кутках рэспублікі, вобласці, раёна. Многія пакуль працягваюць асвойваць педагагічныя спецыяльнасці.

Трывалыя веды вучняў і сістэматычная прафарыентацыйная работа — аснова правільнага выбару жыццёвага шляху.

Галіна ЖАЛЕВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Сінькоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы
Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *