Прафарыентацыя як неад’емная частка ўрока

- 11:51Навіны рэгіёнаў

— Правільна выбраная прафесія дазваляе рэалізаваць творчы патэнцыял і паспяхова адаптавацца ў соцыуме, — гаворыць настаўніца біялогіі Ірына Іванаўна Саванеўская з сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста. — Важную ролю ў фарміраванні адэкватных прафесійных намераў вучняў адыгрывае прафарыентацыя. Задача настаўніка — арганічна ўключыць прафарыентацыйны матэрыял у адукацыйны працэс, асабліва ў старшых класах. Гэта дапамагае не толькі знаёміць школьнікаў з рознымі прафесіямі і акцэнтаваць увагу дзяцей на прыкладным выкарыстанні атрыманых ведаў, але і развіваць пазнавальную і прафесійную цікавасць да прадмета.

Настаўніца вывучае літаратуру пра асноўныя прафесіі, звязаныя з вучэбным праграмным матэрыялам па біялогіі, вызначае ў ёй тэмы, у выкладанні якіх мэтазгодна выкарыстоўваць прафарыентацыйны матэрыял. Акрамя таго, педагог вызначае прафарыентацыйныя магчымасці зместу раздзелаў школьнага курса біялогіі, выяўляе найбольш рацыянальныя метады прафарыентацыі, распрацоўвае яе методыку пры вывучэнні свайго прадмета, аналізуе выніковасць работы.

Ірына Іванаўна лічыць, што адной з галоўных яе задач з’яўляецца дапамога вучням у вызначэнні жыццёвых планаў, стварэнні ўмоў для асобаснага развіцця і прафесійнага самавызначэння пры вывучэнні біялогіі. Для дасягнення гэтай мэты настаўніца актыўна далучае дзяцей да праектнай і даследчай дзейнасці, прафесійных спроб, работы на прышкольным участку і ўдзелу ў розных канферэнцыях. У школьнікаў фарміруецца цэласная карціна свету і прыроды, якая дапамагае зрабіць правільны і ўсвядомлены выбар далейшага жыццёвага шляху.

— Пры выбары прафесіі вучні кіруюцца яе сацыяльнай значнасцю і прэстыжнасцю, матэрыяльнай зацікаўленасцю, прыкладам бацькоў, цікавасцю да прафесіі і пэўнага школьнага прадмета, які яе ўвасабляе, наяўнасцю спецыяльных здольнасцей, імкненнем да творчай самарэалізацыі, — адзначае І.І.Саванеўская. — Так, устойлівая цікавасць да прыродазнаўчых прафесій станоўча ўплывае на развіццё пазнавальнага інтарэсу да біялогіі, пашырэнне ведаў і паляпшэнне паспяховасці.

На сваіх уроках Ірына Іванаўна займаецца прафесійнай асветай, якая ўключае падрыхтоўку вучнёўскіх паведамленняў пра розныя прафесіі ў галіне біялогіі, іх адрозненні, запатрабаванасць, умовы прафесійнай дзейнасці, спосабы і шляхі набыцця. Настаўніца ахвотна звяртаецца да прафарыентацыйных ролевых гульняў і практыкаванняў.

— Прафарыентацыя — неад’емная частка ўрокаў, — га­ворыць І.І.Саванеўская. — Імкнуся звязаць пазнавальныя звесткі аб прафесіях і вытворчасцях з тэмай і зместам заняткаў. Так, раскрываючы сямікласнікам значэнне раслін у жыцці чалавека, знаёмлю іх з прафесіямі фармацэўта і фітадызайнера. Пры вывучэнні ў 8 класе ролі млекакормячых у прыродзе, гаспадарцы і жыцці чалавека знаёмлю дзяцей з прафесіямі эколага, арнітолага і іхтыёлага. Вывучаючы тэму “Паводзіны і псіхіка”, дзевяцікласнікі праводзяць практычныя доследы і тэсты. Гэтая работа знаёміць іх з прафесіяй псіхолага.

У сваёй дзейнасці Ірына Іванаўна выкарыстоўвае класіфікацыю прафесій доктара псіхалагічных навук Я.А.Клімава: “чалавек — жывая прырода”, “чалавек — тэхніка”, “чалавек — чалавек”, “чалавек — знакавая сістэма”, “чалавек — мастацкі вобраз”. Вучні знаёмяцца з усімі прафесіямі, уключанымі ў кожны з гэтых тыпаў.

І.І.Саванеўская не абыходзіць увагай і медыцынскія супрацьпаказанні пры выбары пэўных прафесій. Так, не варта станавіцца ветэрынарам лю­дзям са значнымі дэфектамі зроку і слыху, інфекцыйнымі захворваннямі. Пра прафесію фельчара лепш не марыц­ь людзям з цяжкімі функцыянальнымі расстройствамі сардэчна-сасудзістай сістэмы, алергіяй на лекавыя прэпараты, парушэннем зроку.

— Своечасовая прафарыентацыйная дапамога — важная ўмова развіцця асобы вучняў і далейшай паспяховай сацыялізацыі, — лічыць Ірына Іванаўна. — Фарміруючы правільную прафесійную матывацыю, неабходна, каб вучні неслі адказнасць за свой выбар. Вельмі радуе, што многія мае выхаванцы выбіраюць спецыяльнасці, звязаныя з біялогіяй. Значыць, намаганні былі недарэмнымі. Калі прафесія становіцца ладам жыцця, то рамяство ператвараецца ў мастацтва.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.