Прафесар І.А. Новік: "Калі бярэш аспіранта, абяцаеш яму вынік"

Тое, што ў сістэме падрыхтоўкі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі трэба нешта мяняць, даўно зразумела. Але што і як? Некаторыя прапановы ў апошні час выказвалі рэктары, прафесура. Сёння сваім меркаваннем на гэты конт дзеліцца доктар педагагічных навук прафесар кафедры прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДПУ імя Максіма Танка І.А.НОВІК. Ірына Аляксандраўна разважае з пазіцыі вучонага з пятнаццацігадовым вопытам кіраўніцтва доктарскім саветам па методыцы выкладання матэматыкі, інфарматыкі і фізікі (дарэчы, ён зараз адзіны ў краіне), вопытам экспертызы дысертацый у ВАК, а таксама ўласным вопытам падрыхтоўкі навуковых кадраў: на “рахунку” нашай суразмоўцы 8 дактароў навук і 16 кандыдатаў навук.

 

Пра неабходнасць дзяржзаказу

Ірына Аляксандраўна прыйшла да высновы, што трэба вярнуцца да сістэмы дзяржзаказу на падрыхтоўку кандыдатаў і дактароў навук. “У тэхнічных універсітэтах, дзе студэнтам чытаецца курс матэматыкі, працэнт выкладчыкаў са ступенямі вельмі невысокі, — гаворыць яна, — а кандыдатаў педагагічных навук амаль няма. Падрыхтоўка і абарона дысертацый па методыцы выкладання, на жаль, не папулярызуецца ні загадчыкамі кафедр, ні Міністэрствам адукацыі. Гэта здзіўляе, бо ва ўніверсітэтах выкладаць павінны людзі не проста з педагагічнай адукацыяй, а з вучонай ступенню. Тое ж датычыцца і выкладчыкаў спецыяльных дысцыплін: калі яны валодаюць методыкай, маюць педагагічную адукацыю, то гэта спецыялісты вельмі высокага ўзроўню. І такія прыклады ў вышэйшай школе ёсць.

І.А. НовікУжо абаронены доктарскія дысертацыі па фарміраванні матэматычнай культуры эканаміста, па прафесійнай накіраванасці выкладання матэматыкі на хімічным факультэце БДУ і інш. Іх аўтары не проста выкладаюць матэматыку, а паказваюць кола праблем рэчаіснасці, якія вырашаюцца матэматычнымі метадамі. Інжынерную графіку студэнтам БДАТУ выкладае доктар педагагічных навук загадчык кафедры гэтага ўніверсітэта прафесар Л.С.Шабека.
Хацелася б, каб ва ўніверсітэтах, якія рыхтуюць педагагічныя кадры, было асабліва шмат выкладчыкаў са ступенямі. У гэтай сувязі цікавыя дысертацыйныя даследаванні правялі доктар педагагічных навук Н.У.Броўка — аб інтэграцыі тэорыі і практыкі ў працэсе навучання студэнтаў матэматычнаму аналізу, доктар педагагічных навук У.У.Шлыкаў — аб новым падыходзе да выкладання геаметрыі студэнтам.
Лічу, што выкладчыкі кафедр матэматыкі, а можна казаць і шырэй — усіх агульнаадукацыйных дысцыплін, — павінны вывучаць у аспірантуры методыку выкладання гэтых прадметаў. Сістэма падрыхтоўкі можа быць рознай — праз саіскальніцтва, дзённую ці завочную аспірантуру. Але абавязкова на мэтавай аснове, пад заказ. Таму што вяртацца такія выкладчыкі будуць мэтанакіравана туды, адкуль прыйшлі. І тэматыка іх дысертацый будзе прадыктавана патрэбамі кафедр.
Як зараз? Зараз на план набору ў аспірантуру ўплывае пераважна колькаць жадаючых у ёй вучыцца, а не патрэбнасць кафедр у педагогах”.

Пра якасць навуковага кіраўніцтва

Яшчэ адна балючая праблема — гэта навуковае кіраўніцтва, лічыць суразмоўца. “Вы ў мяне пытаецеся, чаму ВАК столькі адхіляе дысертацый, — працягвае яна. — Я працую зараз у адным з экспертных саветаў камісіі і не згодна, што там лютуюць нейкія празмерна патрабавальныя людзі. Вось нядаўна ў савеце мы заслухоўвалі пяць саіскальнікаў. Як яны абараняліся, як адстойвалі свае пазіцыі — якое было задавальненне назіраць! Усе работы прынялі. А перад тым было яшчэ некалькі саіскальнікаў. У іх запытваешся: “У чым навізна вашай работы, што вы можаце даць настаўнікам ці іншым людзям, якія цікавяцца вашай праблемай, такога, што яны ўзялі б на ўзбраенне і маглі выкарыстоўваць у рабоце?”. І пачынаецца “вакол ды побач” і нічога па сутнасці.
Тых, хто ўмее абагульніць, выдзеліць галоўнае і паказаць гэтае галоўнае, вельмі няшмат. Як паказвае вопыт, многія настаўнікі выдатна ўмеюць гаварыць, але не пісаць. Навыкам рабіць навуковыя выкладкі з дакладным абгрунтаваннем, аргументацыяй і разуменнем таго, навошта гэта трэба і што гэта дае, можа і павінен навучыць навуковы кіраўнік.
Поспех дысертацыі шмат у чым залежыць ад навуковага кіраўніцтва. Ведаеце, калі размаўляеш з аспірантам, то заўсёды бачыш, хто за ім стаіць. Пра аднаго кіраўніка кажуць: “У гэтага абаронішся”, а пра іншага: “У гэтага — не”. І ўсё спраўджваецца.
Навуковае кіраўніцтва — вялікая адказнасць. Ты паглыбляешся ў праблему аспіранта і думаеш разам з ім. Ёсць, напрыклад, такая тонкасць: нават пры ўдалай тэме бывае вельмі складана вырашыць, чым завяршыць даследаванне, дзе спыніцца і як абгрунтаваць гэтае заканчэнне, асэнсаваць тое, што атрымалася на выхадзе. Не ва ўсіх кіраўнікоў гэта атрымліваецца.
Калі ты бярэш аспіранта, ты яму абяцаеш вынік. І нельга падманваць яго надзеі. На жаль, ёсць кіраўнікі, у якіх не абараніўся ніводзін вучань. Але іх гэта не спыняе: яны бяруцца за кіраўніцтва зноў і зноў, і аспіранты трапляюць у пастку. Мяркую, у многіх універсітэтах здараюцца такія выпадкі.
Верагодна, прычына ў тым, што нагрузка за кіраўніцтва адным аспірантам зараз складае ўсяго 50 гадзін з адпаведнай аплатай. Таму хацелася б, каб навуковым кіраўнікам удзялялася больш увагі. На мой погляд, лепш дабавіць гадзін на навуковае кіраўніцтва, але потым і патрабаваць з кіраўніка больш строга. Нельга давяраць аспірантаў тым вучоным, у вучняў якіх няма абарон дыпломных, магістарскіх дысертацый. Трэба прадумаць такі механізм”.

Пра прыярытэтныя напрамкі педагагічнай навукі

На думку І.А.Новік, ідэя банка тэм кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, якая неаднаразова абмяркоўвалася грамадскасцю, няжыццяздольная. “Больш мэтазгодна гаварыць пра перспектыўныя напрамкі даследаванняў, — лічыць вучоны. — Іх фармулюе Міністэрства адукацыі ў канцэпцыях, такіх, напрыклад, як канцэпцыя развіцця педагагічнай адукацыі да 2015 года. Калі тэмы даследаванняў, якія мы, вучоныя, прапаноўваем, фінансуюцца фондам фундаментальных даследаванняў ці ў межах дзяржаўных праграм, значыць, яны перспектыўныя. (Дарэчы: з перспектыўнымі, на думку І.А.Новік, напрамкамі даследаванняў па тэорыі і методыцы навучання матэматыцы і патрабаваннямі да іх можна пазнаёміцца ў аднайменнай брашуры аўтара. Апошняе перавыданне — 2010 года, зараз рыхтуецца новае. — І.Н.)
Шмат новага можна сказаць у галіне методыкі выкладання. У апошні час з’яўляюцца доктарскія дысертацыі па гэтым напрамку. Але ўсё роўна гэта кропля ў моры ў параўнанні з тым, што патрэбна: рыхтуецца недастаткова і кандыдатаў, і дактароў навук. Адна з прычын у тым, што вельмі цяжка ад “вялікай” навукі — фізікі, матэматыкі і інш. — перайсці да методыкі. Я сама ў свой час гэтым “перахварэла”.
Пакуль недаацэньваюцца інфармацыйныя рэсурсы. Многія лічаць, што інфарматызаваць адукацыю — значыць прынесці камп’ютар на ўрок. Гэта вельмі неглыбокае ўяўленне. Дзякуючы захадам Міністэрства адукацыі ў беларускіх выкладчыкаў, даследчыкаў зараз з’явіўся доступ да такіх інфармацыйных рэсурсаў, як, напрыклад, база даных Scopus, што ўтрымлівае больш за 19 500 (!) найменняў навуковых часопісаў каля 5 тысяч міжнародных выдавецтваў, уключаючы расійскія і беларускія. Вось вам і перспектыўныя напрамкі, і рэальная дапамога ў падрыхтоўцы аспірантаў. Асобная тэма — як можна выкарыстоўваць падобныя базы даных у навучанні ў першую чаргу адораных людзей”.

Пра тое, чаму складана зацікавіць аспірантурай лепшых студэнтаў

На папулярнасць аспірантуры ў моладзі наўпрост уплывае тое, як цэніцца работа кандыдата навук ва ўніверсітэтах, канстатуе Ірына Аляксандраўна. “Напрыклад, каб атрымаць даплату за вучоную ступень, зараз ад выкладчыка патрабуецца кожны год выдаваць тры публікацыі, прычым улічваюцца і тэзісы ў зборніках канферэнцый, — расказвае яна. — А калі вучоны рыхтуе сур’ёзную кнігу, вучэбны дапаможнік, навуковую працу, што займае некалькі гадоў? Значыць, на працягу гэтага часу ён можа не атрымліваць надбаўку. Некаторым даводзіцца выбіраць: альбо выконваць фармальныя патрабаванні, альбо займацца навукай.
Як заахвочваць лепшых выпускнікоў універсітэтаў да паступлення ў аспірантуру? У свой час у мяне было вельмі шмат самых розных прапаноў наконт работы — прэстыжнай, кіраўніцкай. Але я настолькі любіла выкладанне, што ад усіх прапаноў адмовілася. Зараз у студэнтаў іншыя крытэрыі.
У Мінску з’явіўся Парк высокіх тэхналогій, дзе нядрэнна плацяць. І тыя нашы студэнты, якія добра разбіраюцца ў праграмаванні, першапачаткова нацэлены на ІТ-фірмы і кажуць, што не застануцца ў магістратуры.
Калі мне здольны студэнт гаворыць: “Я не магу пайсці ў аспірантуру, бо ніколі не збяру на кватэру ў сталіцы, працуючы ва ўніверсітэце”, што я магу адказаць? А цяпер яшчэ паміж магістратурай і аспірантурай мужчыну могуць забраць у армію. Тады ўсе напрацоўкі, якія атрыманы, будуць згублены.
Мы знаходзімся ў даволі цяжкім становішчы яшчэ і з-за таго, якія абітурыенты да нас ідуць. У студзені з матэматычнага факультэта адлічылі 37 чалавек.
Тым не менш прыемна, што ў гэтай сумнай карціне, якую я намалявала, ёсць месца і для тых, хто хоча вучыцца ў аспірантуры, выкладаць і займацца навукай. Магчыма, трэба ставіць пытанне аб тым, каб кандыдата навук рыхтаваць больш часу, чым тры гады, бо рэдка хто з аспірантаў абараняецца на момант выпуску з аспірантуры, часцей — за 5—7 гадоў. Вельмі добра, што ўзаконілі магістратуру, дзе можна здаць кандыдацкія экзамены і падчас вучобы ў аспірантуры ўжо непасрэдна займацца навуковай тэмай.
Радуе тое, што развіваецца новы напрамак даследаванняў — методыка выкладання розных дысцыплін у вышэйшай школе. Дагэтуль дысертацыі пераважна былі накіраваны на методыку выкладання матэматыкі ў сярэдняй школе. Зараз вучоныя задумваюцца над тым, як выкладаць матэматыку будучым хімікам, эканамістам, педагогам і г.д. Ёсць людзі, якія з цікавасцю працуюць. Інтэлект не спыніш, ён знаходзіць нішы для развіцця і самавыяўлення”.

Запісала Іна НІКІЦЕНКА.

nikitsenka@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.