Прафесар працягвае вучыць і лячыць

- 12:07Навіны рэгіёнаў

85-годдзе адзначыла прафесар кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта Валянціна Латышава. З 1995 да 2016 года яна ўзначальвала гэтую кафедру. Доктар медыцынскіх навук і цяпер выкладае ў вядучай медыцынскай установе, увесь час імкнецца да новых ведаў, удзельнічае ў навуковых канферэнцыях і семінарах.

Валянціна Якаўлеўна з задавальненнем дзеліцца вопытам са сваімі студэнтамі і клінічнымі ардынатарамі. Вучні паважаюць яе за ініцыятыўнасць, працаздольнасць і самаадданае служэнне прафесіі. Пад кіраўніцтвам прафесара Латышавай абаронена 10 кандыдацкіх дысертацый, чатыры з іх — замежнымі ўрачамі. Яна і цяпер стварае вучэбна-метадычныя дапаможнікі па неўралогіі і нейрахірургіі, падрыхтавала вучэбную праграму па медыцынскай рэабілітацыі. Валянціна Латышава — аўтар каля 400 публікацый. Толькі за апошнія два гады ў суаўтарстве выдала падручнік па неўралогіі і нейрахірургіі і тры вучэбныя дапаможнікі па медыцынскай рэабілітацыі, якія выкарыстоўваюцца ва ўсіх медыцынскіх УВА краіны.

Валянціна Якаўлеўна стварыла навуковую школу па вывучэнні якасці жыцця пацыентаў з неўралагічнымі, нейрахірургічнымі захворваннямі і траўмамі галаўнога і спіннога мозга. Упершыню ў неўралогіі яе вучнямі ў кандыдацкіх дысертацыях пры вызначэнні прагнозу траўмы пазваночніка і болевага сіндрому выкарыстаны метад нейрасеткавага мадэлявання, які працуе па прынцыпе нервовай тканкі галаўнога мозга. Цяпер даследуе тэму ранняй дыягностыкі, лячэння і рэабілітацыі пацыентаў з інсультам.

Да юбілею Валянціны Латышавай у Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце выдалі персанальны ілюстраваны бібліяграфічны даведнік “Пакліканне: неўролаг, навуковец, педагог”. У ім сабраны біяграфічныя звесткі, пералік навуковых работ, патэнтаў, рацыяналізатарскіх прапаноў, спіс дысертацый, падрыхтаваных пад кіраўніцтвам Валянціны Латышавай, а таксама фотаархіў. Выданне будзе карысна ўсім, хто цікавіцца гісторыяй сучаснай беларускай медыцыны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.