Прафесіі навучаюцца і творча развіваюцца

- 13:09Навіны рэгіёнаў

Мінулы тыдзень адзначыўся адметнай падзеяй для прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў Магілёўшчыны. У вобласці адбыўся рэгіянальны агляд тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў і педагогаў названых навучальных устаноў.

Дзве выставачныя залы Магілёўскага прафесійнага ліцэя № 2, дзе сёлета ладзіўся агляд, былі запоўнены экспанатамі. У адной была прадстаўлена дэкаратыўна-прыкладная творчасць, у другой — тэхнічная. Як расказала метадыст абласнога ўпраўлення фінансава-гаспадарчага і метадычнага забеспячэння ўстаноў адукацыі Святлана Бурко, у гэтым годзе ў абласным аглядзе дэкаратыўна-прыкладной тварчасці ўзялі ўдзел 39 прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў вобласці.
— На выставу было прадстаўлена больш за семсот вырабаў, выкананых у разнастайных тэхніках. Сваё майстэрства навучэнцы і педагогі дэманстравалі ў мастацкай вышыўцы, саломапляценні, ганчарстве, разьбе па дрэве, бісерапляценні, выяўленчым мастацтве, дызайне адзення і іншых відах творчасці. Усе работы адрознівала высокая якасць выканання, арыгінальнасць, знешняя эстэтыка, — адзначыла Святлана Фёдараўна.
І сапраўды, разнастайнасць творчых знаходак удзельнікаў агляду ўражвала. Здзіўляла яшчэ і тое, што з самага простага матэрыялу ўдзельнікі змаглі стварыць сапраўдныя творы мастацтва. Напрыклад, майстар вытворчага навучання Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 5 Вольга Колеснева зрабіла з клейкай стужкі выдатную кампазіцыю пра зімовую рыбалку, а навучэнцы Бабруйскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа імя Чарныша Аляксей Ткачоў і Мікалай Аўрамчык (кіраўнік — майстар каледжа Уладзіслаў Гугалаў) са звычайнага дроту зрабілі сюжэтную кампазіцыю “Канцлагер”, якая перадае ўвесь цяжар, што перажылі савецкія салдаты ў фашысцкай няволі.
Незабыўныя ўражанні пакідала экспазіцыя Магілёўскага прафесійна-тэхнічнага ліцэя № 7. Прыметных вырабаў прадстаўнікі ліцэя прадставілі шмат, але найбольш выдзяляліся работы мастака педагога дадатковай адукацыі Яўгена Зайцава, якія літаральна прыкоўвалі погляд наведвальнікаў, да таго ж шэраг з іх выкананы ў аўтарскай тэхніцы — на газетнай паперы.
Арыгінальныя вырабы прадставілі на агляд калектывы з Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, Бабруйскага дзяржаўнага каледжа імя Ларына, Клімавіцкага дзяржаўнага ліцэя № 14, Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, прафесійнага ліцэя № 10 Магілёва і інш. Кожная работа на выставе арганічна спалучала творчы палёт фантазіі і майстэрства аўтараў, пакідаючы светлы след у душы любога, хто іх бачыў.
Не менш адметных работ можна было ўбачыць і ў другой выставачнай зале, дзе размясціліся шэсцьдзясят пяць экспанатаў тэхнічнай творчасці, якія ўяўлялі сабой вынаходствы і распрацоўкі практычнага характару: рацыяналізатарскія прапановы ў машынабудаванні, будаўніцтве, эканоміі энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, сельскай гаспадарцы.
Так, педагог дадатковай адукацыі Слаўгарадскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 3 Аляксандр Шугалей распрацаваў сапраўдныя яслі для куранят. Менавіта такую назву носіць экспанат, наватарства якога заключаецца ў тым, што інкубатар абсталяваны ўсімі патрэбнымі для вырошчвання маладняку птушкі сістэмамі. У той жа час інкубатар вельмі кампактны па сваіх памерах. А вось прадстаўнікі Магілёўскага прафесійнага ліцэя № 2 прыдумалі энергазберагальную печ. Распрацоўка ўяўляе сабой невялічкую канструкцыю са сталі, якая дазваляе з мінімальнымі выдаткамі ацяпляць бытавыя і вытворчыя памяшканні. Навучэнцы і педагогі Клімавіцкага прафесійнага ліцэя № 14 распрацавалі станок для вытворчасці будаўнічых блокаў з любым напаўняльнікам.
Усе работы тым ці іншым чынам звязаны з будучай прафесіяй навучэнцаў, якія іх распрацоўвалі. Гэта наглядна пацвярджае: маладыя людзі сапраўды зацікаўлены той справай, з якой вырашылі звязаць сваю прафесійную дзейнасць.
Выстава працавала на працягу тыдня, пасля чаго кампетэнтнае журы падвяло вынікі агляду. Прызавыя месцы занялі больш як 200 канкурсантаў. Частка з іх у хуткім часе прыме ўдзел у рэспубліканскім этапе агляду-конкурсу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.