Прафесіі рэальнага сектара эканомікі складуць каля 80 працэнтаў

Сёння, 15 чэрвеня, пачынаецца прыём ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Якой будзе сёлетняя прыёмная кампанія, нашым чытачам расказвае кансультант упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі галіновага міністэрства Таццяна Рыгораўна АРЦЕМ’ЕВА.

— У гэтым годзе прыём будуць ажыццяўляць 127 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі па больш чым 260 прафесіях. Акрамя таго, у сёлетняй прыёмнай кампаніі задзейнічана 47 устаноў адукацыі іншых узроўняў, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

З улікам выканання кантрольных лічбаў прыёму ў 2018 годзе, дэмаграфічнай сітуацыі, вынікаў працаўладкавання выпускнікоў і планаў аптымізацыі сеткі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў гэтым годзе для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануецца прыняць 29,7 тысячы чалавек, што складзе 97,9% да факта прыёму 2018 года (на 648 чалавек менш), у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — 29,4 тысячы чалавек (97,7%). Пры гэтым для атрымання адукацыі ў дзённай форме плануецца залічыць 28 тысяч чалавек (98,9% да мінулага года), у тым ліку на аснове агульнай базавай адукацыі — 17,5 тысячы чалавек, на аснове агульнай сярэдняй адукацыі — 10 тысяч чалавек, на аснове спецыяльнай адукацыі — 0,5 тысячы чалавек.

Акрамя таго, прадугледжаны прыём 0,5 тысячы чалавек на завочную (70,3% да факта прыёму 2018 года) і 1,2 тысячы чалавек на вячэрнюю (89,9% да факта прыёму 2018 года) форму атрымання адукацыі. Памяншэнне ажыццёўлена за кошт дзённай формы — на 307 чалавек, ці 1,1% у адносінах да факта прыёму 2018 года, завочнай — на 210 чалавек, ці 29,7%, вячэрняй — на 131 чалавека, або 10,1% у адносінах да факта прыёму 2018 года.

У мэтах хуткага рэагавання на зменлівыя патрэбы рэгіянальных рынкаў працы штогод удасканальваецца структура падрыхтоўкі. Сёлета плануецца прыпыніць прыём па 157 незапатрабаваных прафесіях і адкрыць падрыхтоўку па 151 новай для асобных устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Таксама плануецца пачаць падрыхтоўку па 5 прафесіях, па якіх раней у краіне падрыхтоўка не ажыццяўлялася. Сярод іх — апаратчык апрацоўкі шкловалакністых матэрыялаў, апаратчык дублення (футравая вытворчасць), аддзелачнік футравых скурак, зборшчык вырабаў з пластмас, аператар сістэмы аўтаматызаванага вырабу лякал.

У структуры прыёму будуць захаваны тэндэнцыі мінулых гадоў: прафесіі рэальнага сектара эканомікі складуць каля 80%. Пры гэтым прадугледжана скарачэнне прыёму па профілях адукацыі “Мастацтва і дызайн” (на 125 чалавек, ці 12,5%), “Камунікацыі. Права. Кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці” (на 99 чалавек, або 4,2%), “Тэхніка і тэхналогіі” (на 1305 чалавек, ці 9,0%); павелічэнне прыёму па профілях адукацыі: “Архітэктура і будаўніцтва” (на 366 чалавек, ці 9,5%), “Сельская і лясная гаспадарка. Садова-паркавае будаўніцтва”(555 месцаў, ці 17,3%), “Грамадскае харчаванне. Бытавое абслугоўванне” (289 месцаў, ці 8,1%), “Службы бяспекі” (73 месцы, ці 42,0%).

Умовы прыёму вызначаны Правіламі прыёму асоб для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі, зацверджанымі пастановай Урада Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2011 года № 953.

На ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі прымаюцца асобы, якія маюць агульную базавую, агульную сярэднюю або спецыяльную адукацыю. Прыём дакументаў для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў дзённай форме ажыццяўляецца з 15 чэрвеня па 20 жніўня.
Калі да канца тэрміну прыёму дакументаў колькасць пададзеных заяў на асобныя прафесіі меншая, чым запланаваная колькасць месцаў для прыёму, установа адукацыі па ўзгадненні з заснавальнікам можа падоўжыць тэрмін прыёму дакументаў і залічэння ў склад навучэнцаў да поўнага ўкамплектавання груп, але не пазней чым да 15 верасня бягучага года. На вячэрнюю форму атрымання адукацыi прыём будзе ажыццяўляцца з 15 чэрвеня па 20 жніўня, а па прафесіях напрамку адукацыі “Сельская гаспадарка” — з 1 кастрычніка па 20 лістапада; на завочную форму атрымання адукацыі — з 1 па 10 кастрычніка; ад замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія паступаюць для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі на платнай аснове, — з 15 чэрвеня па 10 верасня.

Залічэнне паступаючых ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі ажыццяўляецца на падставе іх заяў (пры адсутнасці конкурсу) або па конкурсе сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыi цi атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі ці пасведчання аб спецыяльнай адукацыі. І толькі для асобных прафесій профіляў адукацыі “Мастацтва і дызайн” і “Архітэктура і будаўніцтва” з мэтай выяўлення творчых здольнасцей прадугледжаны ўступныя выпрабаванні, вынікі якіх улічваюцца пры залічэнні.

Уступныя іспыты і залічэнне для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі адбудзецца на дзённую форму атрымання адукацыі: першы паток — з 5 па 12 ліпеня, другі паток — з 21 па 24 жніўня, залічэнне — па 25 жнiўня; на вячэрнюю форму атрымання адукацыi — з 21 па 24 жніўня, залічэнне — да 25 жніўня, па прафесіях напрамку адукацыі “Сельская гаспадарка” — з 21 па 24 лістапада, залічэнне — па 25 лістапада; на завочную форму атрымання адукацыі — залічэнне з 11 па 13 кастрычніка.

Падрабязную інфармацыю пра магчымасці атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі можна атрымаць з Даведніка для паступаючых ва ўстановы адукацыі, што рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у 2019 годзе, які размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Таксама на сайце знаходзяцца нарматыўныя прававыя акты, што рэгулююць парадак і правілы правядзення ўступнай кампаніі.

Для аказання дапамогі абітурыентам, бацькам і грамадскасці ў атрыманні інфармацыі аб прыёмнай кампаніі ў Міністэрстве адукацыі арганізавана работа гарачай лініі (тэлефон — 8 (017) 222 43 12).

Падрыхтавала
Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.