Прафесійна для роднай Беларусі

- 13:00Актуально, Апошнія запісы

“СМІ для роднай Беларусі” — такім з’яўляецца дэвіз ХХІІІ Міжнароднай спецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі”, якая сёння завяршае работу ў сталічным “БелЭкспа”. У насычанай і цікавай праграме, якую традыцыйна прапаноўваюць наведвальнікам арганізатары (Міністэрства інфармацыі, Нацыянальны выставачны цэнтр “БелЭкспа”), актыўны ўдзел прыняла і “Настаўніцкая газета”. Разам з нашымі сябрамі (газетай “Пераходны ўзрост” і часопісам “Народная асвета”) мы прадставілі яркую праграму.

За 23 гады выстава стала неад’емнай часткай жыцця медыясупольнасці Беларусі, з кожным годам кола ўдзельнікаў гэтага мерапрыемства становіцца больш шырокім. Сёлета, акрамя айчынных СМІ, сваю работу прэзентавалі калегі з Расіі, Украіны, Кітая.

У рамках выставы праведзены тэматычныя круглыя сталы, майстар-класы, семінары, забаўляльныя праграмы для тысяч мінчан і гасцей сталіцы. З моманту правядзення першай спецыялізаванай выставы ў рабоце айчынных СМІ адбыліся вялікія змены, створана паўнавартасная нацыянальная інфармацыйная прастора, якая характарызуецца шырокім выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій, інавацый і новых форм у сістэме распаўсюджвання інфармацыі. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца, у прыватнасці, праект “Настаўніцкай газеты” ng-press.by, прэзентаваны ў рамках выставы. Гэта сеткавае выданне, у якім прадстаўлена ўся адукацыйная прастора Беларусі і з якім ужо знаёмы нашы чытачы.


Галоўны рэдактар “Пераходнага ўзросту” Ж.Г.Шчурок прымае віншаванні ад першага сакратара ЦК БРСМ Д.С.Варанюка.

— Паспяховае развіццё прафесійнай журналістыкі з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў забеспячэння інфармацыйнага суверэнітэту любой краіны. Пры-трымліванне этычных норм, прынцыпаў сумленнасці і дакладнасці падачы навін, наяўнасць дакладнай грамадзянскай пазіцыі — гэта прыкмета сур’ёзных друкаваных і электронных выданняў, тэлевізійных праектаў, якія выклікаюць давер і гатовы супрацьстаяць выклікам сучаснасці. Удасканальваючы і развіваючы медыясферу, напаўняючы яе цікавым і глыбокім аналітычным зместам, вы павінны перш за ўсё працаваць на карысць народа і дзяржавы, захоўваць мір і згоду ў грамадстве, берагчы нацыянальнае адзінства, — гаворыцца ў вітальным слове кіраўніка дзяржавы ўдзельнікам выставы, якое агучыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рыгоравіч Жаўняк.

На прафесійных і чалавечых якасцях журналіста акцэнтаваў увагу ў сваім звароце і міністр інфармацыі Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч: “Нас усіх аб’ядноўвае яе вялікасць журналістыка, і ўсіх нас хвалюе яе сучаснае і будучае. Мы бачым, як імкліва развіваюцца новыя тэхналогіі, растуць аб’ёмы інфармацыйных патокаў, нараджаюцца новыя медыяфарматы і ў цэлым мяняецца парадыгма самой журналістыкі. Але ёсць непахісныя, фундаментальныя асновы, падмуркі. Гэта безумоўная адданасць фактам, аб’ектыўнасць, непрадузятасць, прафесіяналізм, прага самарэалізацыі і творчы пошук. Журналісту неабходна ўсведамленне сваёй адказнай місіі. Сумленна прадстаўляючы грамадству жыццё ва ўсёй яго разнастайнасці, не прыхоўваючы праблем, нам усё ж варта больш канцэнтравацца на прасоўванні пазітыўнага парадку дня, не разбураць, а ствараць. У гэтым я бачу найвышэйшае праяўленне журналісцкага майстэрства, сапраўды прафесійную самарэалізацыю”.

Менавіта так, прафесійна для роднай Беларусі, яе педагогаў, моладзі, і працуюць журналісты “Настаўніцкай газеты”, “Пераходнага ўзросту”, “Народнай асветы”. Пацвярджэннем гэтаму стала ўрачыстае ўручэнне ў рамках работы выставы міністрам адукацыі Ігарам Васільевічам Карпенкам падзякі Міністэрства адукацыі калектыву “Пераходнага ўзросту” за ініцыятыўнае і творчае стаўленне да працы па асвятленні дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, паспяховае, добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў і з нагоды 25-годдзя выхаду ў свет першага нумара выдання. Асобнай падзякі і граматы былі ўдастоены супрацоўнікі “Пераходнага ўзросту”, а таксама “Настаўніцкай газеты”. Віншуем калег! “Прафесійна, з любоўю да роднай Беларусі” — такім з’яўляецца дэвіз працы нашага калектыву.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.