Прафесійна-тэхнічная і сярэдняя спецыяльная адукацыя

- 11:50Адукацыйная прастора Беларусі: лічбы і факты

На сучасным этапе развіццё прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі накіравана на ўдасканаленне яе зместу і павышэнне якасці ў мэтах максімальна поўнага і збалансаванага забеспячэння патрэбнасці эканомікі, у тым ліку яе высокатэхналагічных галін, і сацыяльнай сферы ў кваліфікаваных кадрах.

Колькасць устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі — 127 адзінак, сярэдняй спецыяльнай — 111.

Сістэма прафесійнай адукацыі краіны прадстаўлена шматузроўневымі, шматпрофільнымі ўстановамі адукацыі, часта аб’яднанымі ў сучасныя адукацыйныя комплексы, якія рэалізуюць шырокі спектр адукацыйных праграм пры цесным узаемадзеянні з заказчыкамі кадраў.

Большасць устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі ажыццяў­ляюць падрыхтоўку па некалькіх прафесіях, што дае выпускніку магчымасць атрымаць не адну, а некалькі кваліфікацый і, адпаведна, быць больш канкурэнтаздольным і мабільным на рынку працы.

Прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю ў нашай краіне можна атрымаць па 250 прафесіях і 156 спецыяльнасцях. Прычым прафесіі і спецыяльнасці запатрабаваныя на рынку працы. У структуры прыёму ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі складаюць амаль 75%. Больш за 16 тысяч рабочых (служачых) рыхтуюцца для навукаёмістых і высокатэхналагічных вытворчасцей.

Штогод да працоўнай дзейнасці прыступаюць каля 60 тысяч выпуск­нікоў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. З іх звыш 50 тысяч атрымліваюць адукацыю за бюджэтныя сродкі.

Для ўсіх выпускнікоў забяспечваецца гарантыя права на атрыманне першага працоўнага месца.

У працэсе работы, якая праводзіцца па аптымізацыі тэрмінаў падрыхтоўкі рабочых (служачых) і спецыялістаў, распрацоўваюцца новыя прафесійныя стандарты, тыпавыя вучэбныя планы і праграмы. Пастаянна ідзе абнаўленне вучэбных дапаможнікаў. Толькі ў 2019 годзе падрыхтаваны і надрукаваны 70 найменняў вучэбных выданняў.

Ва ўстановах прафесійнай адукацыі істотна вырас кваліфікацыйны ўзро­вень выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання. За апошнія дзе­сяць гадоў доля педагагічных работнікаў, якія маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, павялічылася з 47,1% да 61,85%.

Здабыткам сістэмы прафесійнай адукацыі з’яўляецца адкрыццё ў краіне рэсурных цэнтраў. Іх сетка ўключае 48 цэнтраў па 9 відах эканамічнай дзейнасці. На базе рэсурсных цэнтраў укараняюцца ў вучэбны працэс сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, прымяняюцца найноўшыя сродкі навучання і абсталяванне.

Так, у адпаведнасці з даручэннямі ўрада, у 2019 годзе адкрыты рэсурсны цэнтр машынабудаўнічага профілю ва ўстанове адукацыі “Аршанскі дзяржаўны механіка-эканамічны каледж”, асноўнай задачай якога з’яўляецца забеспячэнне падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для Аршанскага рэгіёна, які актыўна развіваецца. На стварэнне гэтага рэсурснага цэнтра накіравана толькі з рэспубліканскага бюджэту каля 3 мільёнаў рублёў.

На базе філіяла Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе” адкрыты вучэбны цэнтр па вывучэнні тэхналогій “Індустрыя 4.0”. Прычым першы на постсавецкай прасторы, які прайшоў сертыфікацыю па міжнародных стандартах, што прызнаюцца больш чым у 200 тысячах прамысловых прадпрыемстваў па ўсім свеце.

Штогод у такіх цэнтрах вучыцца каля 25 тысяч чалавек, з іх 20 тысяч — навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Ажыццяўляецца стажыроўка майстроў вытворчага навучання профільных устаноў адукацыі, прафесійная падрыхтоўка і перападрыхтоўка дарослага насельніцтва.

На пляцоўках рэсурсных цэнтраў ажыццяўляецца падрыхтоўка ўдзель­нікаў рэгіянальных і рэспубліканскага этапаў нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills Belarus, а таксама членаў нацыянальнай зборнай, якая прадстаўляе Рэспубліку Беларусь на міжнародных спаборніцтвах прафесійнага майстэрства WorldSkills International. Дарэчы, наша каманда ўжо тройчы ўдзельнічала ў гэтых прэстыжных спаборніцтвах (2015 год — Бразілія, 2017 год — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, 2019 год — Расія) і з кожным разам паказвае ўсё лепшыя вынікі. Калі ў Сан-Паўлу наша каманда выступала ў 15 кампетэнцыях і заняла толькі 35-е месца, то ў Казані — ужо ў 33 кампетэнцыях і па агульнай колькасці набраных балаў заняла 15-е месца сярод 63 краін. Нашы ўдзельнікі прывезлі 4 медалі за вышэйшае прафесійнае майстэрства ў кампетэнцыях “Цырульніцкае мастацтва”, “Вэб-тэхналогіі”, “Інфармацыйныя кабельныя сеткі”, “Тэхналогіі моды”.

Удзел Беларусі ў міжнародным руху WorldSkills спрыяе ўдасканаленню працэсу падрыхтоўкі кадраў на аснове сусветных стандартаў. У выніку ў краіне сфарміраваўся пул экспертаў сусветнага ўзроўню, якія сёння мо­гуць падрыхтаваць пераможцаў шэрага міжнародных конкурсаў. За прыкладам далёка хадзіць не трэба: у чэрвені 2019 года ўдзельнікі нацыянальнай зборнай WorldSkills-2019, навучэнцы індустрыяльна-педагагічнага каледжа РІПА, сталі пераможцамі Міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства Knauf Junior Trophy 2019 у Зальцбургу (Аўстрыя), у якім удзельнічалі прадстаўнікі 12 еўрапейскіх краін.

Планамернае ўдасканаленне галіновай і прафесійна-кваліфікацыйнай структуры падрыхтаваных кадраў, матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэнне якасці падрыхтоўкі ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі будуць і далей заставацца ў цэнтры ўвагі дзяржавы.

(Працяг будзе.)