Прафесійнае прызнанне

У канцы мінулага тыдня ў сталічным Доме кнігі “Светач” выдавецтва “Аверсэв” правяло ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання педагогаў — пераможцаў Адкрытага конкурсу педагагічнага майстэрства. 60 настаўнікаў атрымалі планшэты і дыпломы пераможцаў.

Пераможцы намінацыі «Прыродазнаўчанавуковыя дысцыпліны».

Дырэктар выдавецтва “Аверсэв” Дзмітрый Дэмбоўскі і галоўны рэдактар выдавецтва Аляксандр Таранда падзякавалі пераможцам і ўдзельнікам конкурсу, пажадалі ім прафесійнага росту, творчых поспехаў і ўдзячных вучняў. А “Настаўніцкая газета”, з’яўляючыся інфармацыйным партнёрам конкурсу, запрасіла пераможцаў да супрацоўніцтва. Прыемна адзначыць, што сярод узнагароджаных ёсць як нашы пастаянныя аўтары, так і героі журналісцкіх матэрыялаў. Перамога ў прафесійным конкурсе — гэта не проста самарэалізацыя, гэта прафесійнае прызнанне, натхненне на далейшы рух.

Конкурс праводзіўся ў пяці намінацыях: “Пачатковая школа”, “Сацыяльна-гуманітарныя дысцыпліны”, “Матэматычныя дысцыпліны”, “Прыродазнаўчанавуковыя дысцыпліны”, “Творчыя дысцыпліны”.

Г.Руціч.

Задачы конкурсу былі наступныя:

• спрыяць прафесійнаму самаразвіццю і творчай самарэалізацыі педагогаў;

• прасоўваць у айчыннай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы перадавы педагагічны вопыт, арыгінальныя педагагічныя ідэі і распрацоўкі;

• стымуляваць дзейнасць педагогаў, накіраваную на стварэнне і выкарыстанне ў адукацыйным працэсе сучасных педагагічных метадаў, прыёмаў, распрацовак, матэрыялаў.

На спаборніцтва былі прадстаўлены планы-канспекты ўрока па адной з тэм, указаных на сайце конкурсу. Галоўная ўмова: план-канспект павінен быць складзены з выкарыстаннем дапаможнікаў выдавецтва “Аверсэв”. Пры вызначэнні пераможцаў журы кіравалася наступнымі крытэрыямі ацэнкі работ: цэласнасць плана-канспекта ўрока; пісьменная і дакладная фармулёўка мэт і задач урока; лагічнасць, несупярэчлівасць вык­ладання матэрыялу, зместавая дакладнасць, стылістычная мэтазгоднасць; актуальнасць прапанаванай распрацоўкі (матэрыялаў); практычнае прымяненне ў адукацыйным працэсе.

Пад увагу браліся арыгінальнасць, навізна педагагічнай ідэі; афармленне плана-канспекта ўрока (культура дызайн-эрганамічнай, эстэтычнай падачы інфармацыі, адпаведнасць плана-канспекта зададзенай арганізатарамі структуры выкладання); прадстаўленне розных форм работы з навучэнцамі на ўроку (індывідуальнай, парнай, групавой, калектыўнай); скіраванасць на развіццё ў вучняў самастойнасці, адказнасці, творчых здольнасцей.

Адной з пераможцаў стала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 1 імя У.Х.Галаўко Галіна Руціч. На конкурс яна адпраўляла ўрок па гісторыі ў 6 класе па тэме “Познефеадальнае грамадства ў Заходняй Еўропе”.

“Паколькі адной з умоў конкурсу было выкарыстанне вучэбнай літаратуры “Аверсэв”, то пры распрацоўцы плана-канспекта звярталася да КТП, апорных канспектаў К.Сякацкай, рабочага сшытка для 6 класа.

Мэтапакладанне ўрока будавала ў адпаведнасці са стратэгіяй “Актыўная ацэнка”, кантроль ведаў навучэнцаў ажыццяўляла з дапамогай сігнальных картак. У класе праводзілася групавая і парная работа. Выкарыстоўваліся такія прыёмы, як “воблака слоў” (складаўся міні-дыялог паміж прадстаўнікамі духавенства, гараджан, сялян, феадалаў), “ты — мне, я — табе” (работа з ілюстрацыямі), “выберы ролю”, — расказала Галіна Міхайлаўна.


Дырэктар выдавецтва “Авер­сэв” падчас урачыстасці прэзентаваў праект “Сямейнае чытанне”, які рэалізуецца сумесна і пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Міністэрства інфармацыі, ГА “Беларускі саюз жанчын”. Дзмітрый Дэмбоўскі адзначыў, што гэты праект — адраджэнне практыкі сямейнага чытання, і ён дапаможа ўмацаваць сувязь паміж бацькамі і дзецьмі (разгортваючы кнігу, дарослыя і дзеці сустракаюцца ў адзінай прасторы, што дае дзіцяці адчуванне абароненасці і бяспекі), далучыць дзяцей да чытання. Кніга — верны памочнік бацькоў у выхаванні духоўнасці дзяцей.

Намеснік старшыні ГА “Беларускі саюз жанчын” Лілія Ананіч падзякавала выдавецтву “Аверсэву” і адзначыла, што праект накіраваны на ўмацаванне маральных каштоўнасцей нашага грамадства, сямейных традыцый, выхаванне дзяцей. Першай кнігай праекта стаў зборнік казак “Не сілай, а розумам”, выдадзены “Мастацкай літаратурай”.

У серыю кніг “Сямейнае чытанне” ад выдавецтва “Аверсэв” уваходзяць: “Вячэрняя казка да Каляд” (ілюстраваны зборнік казак), “Добрыя вершы” (ілюстраваны зборнік вясёлых вершаў Віктара Кудлачова), “Душэўныя гісторыі”  (ілюстраваны зборнік казак, апавяданняў і вершаў з пытаннямі для гутаркі бацькоў з дзіцем), “А гэта вы ведаеце?” (ілюстраваны зборнік прыказак, загадак і цікавых фактаў).

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.