Прафесійнае развіццё педагога — прадмет дзейнасці метадычных службаў усіх узроўняў

- 9:30Планёрка ў рэгіёне

Сёння госцем рубрыкі “Суботняя планёрка” стала начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Чэрвеньскага райвыканкама Мінскай вобласці Ірына ЗМАЧЫНСКАЯ, якая падзялілася адметнасцямі вучэбна-выхаваўчай прасторы свайго рэгіёна.

— Ірына Мікалаеўна, пачалася трэцяя ч­вэрць, таму хочацца спытаць, як прайшло першае паўгоддзе ва ўстановах адукацыі вашага раёна?

— Першае паўгоддзе 2020/2021 навучальнага года прайшло ў штатным рэжыме. Галоўнае, што захваральнасць вучняў была невялікая ў параўнанні з чацвёртай чвэрцю мінулага навучальнага года, і яны наведвалі ўстановы адукацыі.

— Цяпер ў школах пануе алімпіядны дух (завяршыліся абласныя алімпіяды). У вас ёсць вынікі?

— У трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды прымалі ўдзел сямёра навучэнцаў з нашага раёна. Вынік нядрэнны! Мы атрымалі 5 дыпломаў. Два дыпломы I ступені па фізіцы атрымалі вучань 9 класа сярэдняй школы № 1 Смілавіч Іван Арціменя (настаўнік Анатолій Канстанцінавіч Шабусаў) і вучань 10 класа сярэдняй школы № 4 Чэрвеня Павел Барбук (настаўнік Міхаіл Леанідавіч Халадзінскі). Дыплом II ступені па фізіцы атрымала вучаніца 10 класа сярэдняй школы № 2 Смілавіч Яна Розум (настаўнік Анатолій Канстанцінавіч Шабусаў). Два дыпломы трэцяй ступені па біялогіі атрымалі навучэнкі сярэдняй школы № 4 Чэрвеня Дар’я Пятроўская і Вераніка Тарасік (настаўніца Вераніка Генадзьеўна Шчурок). Мы вельмі ганарымся нашымі вучнямі і настаўнікамі!

Для падрыхтоўкі вучняў да ўдзелу ў трэцім этапе была распрацавана адпаведная праграма і індывідуальны план для кожнага вучня. Таксама былі створаны творчыя групы настаўнікаў, арганізавана абавязковае суправаджэнне педагогамі-псіхолагамі ўсіх удзельнікаў, праводзілася мэтанакіраваная работа з законнымі прадстаўнікамі навучэнцаў. Толькі працуючы ў адной камандзе, можна дабіцца поспеху. Нашы педагогі адчувалі падтрымку з боку адміністрацыі ўстаноў адукацыі і метадыстаў раёна. Згадзіцеся, гэта вельмі важна. Праводзячы аналіз удзелу ў алімпіядзе, мы выявілі прабелы і недахопы, зрабілі адпаведныя высновы і адразу пачалі рыхтавацца да заключнага этапу. Наогул, падрыхтоўка да алімпіяды праводзіцца круглы год, у тым ліку на канікулах. Арганізавана супрацоўніцтва з выкладчыкамі БДПУ і МАІРА.

— А як у вашым раёне ідуць справы з профільным навучаннем?

— Ва ўстановах адукацыі Чэрвеньскага раёна арганізавана дапрофільная падрыхтоўка для навучэнцаў на другой ступені навучання і профільная падрыхтоўка на трэцяй ступені навучання. У межах дапрофільнай падрыхтоўкі ў 11 установах адукацыі вывучэнне вучэбных прадметаў на павышаным узроўні арганізавана для 291 вучня 5—9-х класаў: 5 клас (англійская мова) — 73 вучні, 6 клас (англійская мова) — 61 вучань, 7 клас (англійская мова) — 9 вучняў, 8 клас (англійская мова, матэматыка, біялогія, беларуская мова) — 96 вучняў, 9 клас (англійская мова, матэматыка, біялогія) — 52 вучні.

Вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні на трэцяй ступені ў 2020/2021 навучальным годзе арганізавана па другой і трэцяй мадэлі. Усяго профільным навучаннем у 10 класе ахоплена 62,1%, а ў 11 класе — 34,5% дзяцей. Таксама арганізаваны групы прафесійнай накіраванасці ў чатырох установах адукацыі: “Уводзіны ў педагагічную прафесію” выкладаюцца ў сярэдняй школе № 2 імя А.К.Флегантава і сярэдняй школе № 2 Смілавіч, “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” — у Валевачскай сярэдняй школе Чэрвеньскага раёна і Руднянскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе.

Аналізуючы паступленне нашых выпускнікоў, можна адзначыць, што ўзрос попыт на медыцын­скія, тэхнічныя, гуманітарныя і сельскагаспадарчыя УВА, г.зн. выбар профілю ў 10—11-х класах дапамог старшакласнікам вызначыцца з выбарам універсітэта, а таксама прадметаў для здачы ЦТ. У гэтым го­дзе спектр прадметаў для вывучэння на павышаным узроўні стаў яшчэ больш разнастайным — дзякуючы зладжанай мэтанакіраванай рабоце адміністрацыі, педагогаў-псіхолагаў, класных кіраўнікоў з навучэнцамі і іх законнымі прадстаўнікамі, а таксама зменам у аплаце працы педагогаў. Будзем спадзявацца, што сёлета працэнт паступлення выпускнікоў будзе вышэйшым, чым у мінулым годзе.

— Ірына Мікалаеўна, а як вы ацэньваеце дзейнасць раённай метадычнай службы? Якія яна мае перспектывы развіцця менавіта ў рамках раёна?

— Вельмі цікавае пытанне! Метадычная служба — гэта арганізацыйная структура ў сістэме адукацыі раёна, якая аб’ядноўвае ўсіх суб’ектаў адукацыйнай дзейнасці і рэалізуе функцыі іх метадычнай падтрымкі, суправаджэння ў мэтах забеспячэння новых адукацыйных вынікаў. Мэтай метадычнай службы з’яўляецца стварэнне ўмоў для павышэння прафесійна-асобаснага росту педагога, гатовага да інавацый, да засваення новых і распрацоўкі аўтарскіх праграм і тэхналогій, стварэння метадычнай сістэмы.

Згодна з раённай мадэллю метадычнай работы, арганізавана 20 раённых метадычных аб’яднанняў настаўнікаў-прадметнікаў. Працуюць Школа маладога кіраўніка (узначальвае яе дырэктар сярэдняй школы № 4 Чэрвеня А.Л.Канапелька), Школа маладога спецыяліста (кіраўнік — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Чэрвеня А.М.Калтовіч), Школа “настаўніцтва” — для намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце ўстаноў адукацыі. Праводзяцца майстар-класы, арганізоўваецца дзейнасць раённых рэсурсных цэнтраў: фізіка-матэматычнага на базе гімназіі № 1 імя В.А.Караля Чэрвеня, духоўна-маральнага выхавання — на базе сярэдняй школы № 2 Смілавіч, Ля­дзенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Працуюць творчыя групы педагогаў, якія ўдзельнічаюць у распрацоўцы вучэбных курсаў для адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу (настаўніца рускай мовы і літаратуры Н.У.Камінская, настаўніца пачатковых класаў І.У.Невяроўская гімназіі № 1 імя В.А.Караля Чэрвеня).

Шмат увагі ўдзяляем мадэрнізацыі адукацыйнага асяроддзя праз удасканаленне метадычнага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння вучэбных кабінетаў. Праз інфармацыйныя рэсурсы сеткі інтэрнэт забяспечана метадычнае суправаджэнне педагогаў. У перыяд каранавіруснай інфекцыі ў канцы мінулага навучальнага года педагогі былі падрыхтаваны да правядзення вучэбных заняткаў у дыстанцыйнай форме. Дзякуючы праграме “Настаўнік для Беларусі” былі арганізаваны семінары па навучанні педагогаў выкарыстанню інтэрнэт-пляцоўкі. У кожнай школе былі педагогі, якія атрымалі адпаведныя сертыфікаты. Гэтыя педагогі затым вучылі сваіх калег право­дзіць вучэбныя заняткі ў дыстанцыйнай форме.

Дарэчы, цяпер многія педагогі, навучэнцы і іх законныя прадстаўнікі ўстаноў раёна карыстаюцца адзінай адукацыйнай анлайн-платформай. Дзякуй усім настаўнікам-практыкам, якія ў даступнай форме падаюць матэрыял. Пры такім падыходзе ўсе вучні маюць роўныя магчымасці ў атрыманні інфармацыі, а таксама могуць прайсці тэсты для праверкі сваіх ведаў. Некаторыя аўтары не толькі прапаноўваюць матэрыял, але і арганізоўваюць віртуальны дыялог з вучнем. Падчас відэаўрока навучэнцы вывучаюць алгарытмы, знаёмяцца з пакрокавым рашэннем той ці іншай задачы, а калі нешта не зразумелі, то могуць вярнуцца назад. Для матываваных вучняў прадугледжаны заданні павышанай складанасці, а астатнія могуць прапускаць такія заданні і пераходзіць да інфармацыйнага блока. Педагог павінен вучыцца ўсё жыццё. Прафесійнае развіццё педагога — прадмет дзейнасці медатычных службаў ўсіх узроўняў.

— Якія праблемы хвалююць начальніка сёння?

— Недахоп кадраў, асабліва настаўнікаў матэматыкі, пачатковых класаў, педагогаў дашкольнай адукацыі і педагогаў сацыяльных. Хочацца, каб настаўнікі праяўлялі большую зацікаўленасць у павышэнні сваёй кваліфікацыі і былі больш актыўнымі ў рэалізацыі розных праектаў, у конкурсах прафесійнага майстэрства.  

Не хапае спартыўнага абсталявання, працуем над вырашэннем праблемы абнаўлення камп’ютарных класаў. Узнікаюць пытанні ў рабоце з сем’ямі, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і якім патрэбна дзяржаўная абарона, але мы імкнёмся іх вырашаць.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.