Прафесійнае самаўдасканаленне — правіла жыцця

- 10:36Кампетэнтна

Нядаўна факультэт псіхалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы атрымаў новы адрас. Зараз ён знаходзіцца ў будынку па вуліцы Гаспадарчай, дзе створаны ўсе ўмовы для прадукцыйнай дзейнасці студэнтаў і выкладчыкаў. Пра жыццё факультэта, які адзначыў нядаўна не толькі наваселле, але і сваё 20-годдзе, наша размова з дэканам факультэта псіхалогіі Ганнай РАКІЦКАЙ.

— Ганна Віктараўна, па якіх кірунках сёння рыхтуюць спецыялістаў на факультэце псіхалогіі? Ці бачыце вы цікавасць моладзі да такой прафесійнай сферы? Хто ваш абітурыент?

— У наш час кожны чалавек мае патрэбу ў псіхалагічнай падтрымцы. Сутыкаючыся з рознымі абставінамі жыцця, мы задаёмся пытаннямі: чаму гэта здарылася, што са мной не так? Што я магу зрабіць? Ці магу я змяніць сітуацыю? Як мне дапамагчы сабе і сваім блізкім? Як знайсці справу, якая б прыносіла мне спакой і ўстойлівы даход? Як пераадолець гора? Як пабудаваць сваё жыццё так, каб быць здаровым, паспяховым, шчаслівым?

Усе гэтыя пытанні цікавяць і нашу моладзь. Многімі кіруе асабістая глыбокая зацікаўленасць, і яны пачынаюць уласнае самадаследаванне, бяруць у рукі кнігі па псіхалогіі і шукаюць адказы на свае пытанні. Многія, кім кіруе жаданне не толькі разабрацца ў сабе, але і дапамагчы іншым, ідуць далей. І, паверце, такіх маладых людзей вельмі шмат — светлых, мэтанакіраваных, якія дакладна ўсведамляюць свае жаданні. Я як дэкан вельмі рада, калі яны выбіраюць наш факультэт. З першых хвілін размовы становіцца зразумела, што гэты хлопец ці дзяўчына тут невыпадкова. Дарэчы, апошнія гады ў разы павялічылася колькасць хлопцаў, якія выбіраюць прафесію псіхолага. Гэта азначае, што яны бачаць сябе ў гэтай прафесіі, а таксама тое, што прафесія дае магчымасць добрага працаўладкавання.

Цяпер факультэт псіхалогіі рыхтуе па дзвюх спецыяльнасцях — “Псіхалогія”, “Практычная псіхалогія” — на першай ступені і па спецыяльнасці “Псіхалогія” ў магістратуры. Таксама арганізавана навучанне ў аспірантуры па спецыяльнасцях “Педагагічная псіхалогія”, “Псіхалогія развіцця. Акмеалогія”. Такім чынам, калі чалавек мае ўстойлівую цікавасць да псіхалогіі і бачыць сябе ў ролі даследчыка, то на факультэце ёсць усе магчымасці для прафесійнага росту. Хачу адзначыць, што прафесія псіхолаг патрабуе ад спецыяліста пастаяннага прафесійнага развіцця — і ў якасці практыкуючага псіхолага, і ў якасці даследчыка. Па гэтай прычыне многія нашы выпускнікі першай ступені, адпрацаваўшы некалькі гадоў, працягваюць навучанне ў магістратуры і аспірантуры.

Навучанне на нашым факультэце мае сваю спецыфіку, звязаную з асаблівасцямі прафесійнай дзейнасці псіхолага. Трэнінгавыя заняткі, групавыя семінары, індывідуальныя вучэбныя псіхалагічныя кансультацыі, розныя формы супервізарскай работы, практыкумы, лабараторныя работы —выкарыстанне гэтых форм адлюстроўвае будучую дзейнасць выпускнікоў. Падрыхтоўка псіхолага прадугледжвае не толькі набыццё пэўных ведаў і навыкаў, але і пастаянную работу з сабой, са сваім унутраным светам.

— Як ажыццяўляецца падрыхтоўка псіхолагаў для ўстаноў адукацыі? Ці ёсць спецыфіка ў падрыхтоўцы такіх спецыялістаў? Як арганізаваны вучэбны працэс?

— Спецыяльнасць “Практычная псіхалогія” (кваліфікацыя “педагог-псіхолаг”) мае педагагічную накіраванасць, і многія нашы выпускнікі ідуць працаваць ва ўстановы адукацыі. Для дадзенай групы будучых спецыялістаў вучэбным планам прадугледжана большая колькасць гадзін па педагогіцы, методыцы выкладання псіхалогіі, большая колькасць практычных заняткаў. Пачынаючы ужо з 1 курса студэнты згаданай спецыяльнасці маюць шмат практыкаарыентаваных дысцыплін. У іх вялікая колькасць практык: педагагічная, экспертна-кансультацыйная, псіхадыягнастычная.

У верасні на базе факультэта псіхалогіі пачне работу Акадэмія асобаснага развіцця для падлеткаў. Навучанне ўключае трэнінгі па кіраванні эмоцыямі, выбары прафесіі, вызначэнні сэнсу жыцця і пастаноўцы мэт. Дарэчы, наведваць заняткі могуць не толькі тыя, хто збіраецца стаць псіхолагам, але і тыя, каму важна самаразвіццё і самапазнанне.

— Як спалучаюцца навуковы і практычны кампаненты ў падрыхтоўцы псіхолагаў? З якімі арганізацыямі супрацоўнічае факультэт?

— Нашы студэнты не толькі атрымліваюць новыя веды пра чалавека, але і апрабуюць іх на практыцы. Па шэрагу важных для будучай прафесіі дысцыплін (псіхадыягностыка, псіхатэрапія, псіхакансультаванне і інш.) прадугледжана значная колькасць лабараторных заняткаў. Тры гады назад, у тым ліку і для вучэбных мэт, мы стварылі псіхолага-кансультацыйны цэнтр “Адкрыццё”. На яго базе працуюць вядучыя супрацоўнікі факультэта, і гэта стварае выдатную магчымасць для атрымання дадатковых ведаў. Базавая псіхалагічная вышэйшая адукацыя дае асновы практычных навыкаў у розных напрамках, а які з напрамкаў стане бліжэй псіхолагу — гэта вырашаць яму самому.

Калі чалавек вызначаецца, што яму бліжэй, патрабуецца далейшае больш глыбокае вывучэнне той ці іншай тэарэтычнай традыцыі. Псіхолагі гэта разумеюць, таму пастаяннае прафесійнае самаўдасканаленне становіцца правілам іх жыцця. Напрыклад, я, акрамя адміністрацыйнай і выкладчыцкай дзейнасці, працягваю вучыцца і на базе нашага цэнтра ажыццяўляю псіхалагічнае кансультаванне тых, хто мае ў гэтым патрэбу, вяду кароткатэрміновыя тэматычныя групы, трэнінгі па аўтагеннай трэніроўцы, па праблемах узаемаадносін мужчын і жанчын, доўгатэрміновыя курсы па экзістэнцыяльнай псіхалогіі. Таксама ў нашым цэнтры ёсць праграмы па сямейнай псіхалогіі, нейралінгвістычным праграмаванні, крызіснай псіхалогіі, метафарычных картах, арт-тэрапіі, бібліятэрапіі.

Што да навуковага кампанента, то, безумоўна, навука — адзін з стрыжнёвых працэсаў, у які ўцягваюцца ўсе студэнты, пачынаючы з 2-га, а пры жаданні і з 1 курса. Яны рыхтуюць вельмі цікавыя праекты ў рамках курсавых і дыпломных работ. Тэмы выбіраюць з тых, якія цікавяць перш за ўсё іх саміх, або працуюць па заяўцы арганізацый, з якімі мы цесна супрацоўнічаем. Гэта і ўстановы адукацыі,  і ўстановы аховы здароўя, і камерцыйныя структуры, прыватныя кампаніі. Асабліва мы ганарымся сітуацыямі, калі такога студэнта гэтая ж арганізацыя запрашае да сабе на працу.

— Ці падтрымліваеце сувязь са сваімі выпускнікамі?

—  Хачу павітаць нашых выпускнікоў, якія чытаюць “Настаўніцкую газету”. Я ўпэўнена, што такія ёсць. Мы рады бачыць іх на родным факультэце, заўсёды гатовы прыняць, таму тэлефануйце, прыязджайце, расказвайце пра сябе. Нам цікава ўсё. За 20 гадоў існавання факультэта падрыхтавана больш за 3,5 тысячы псіхолагаў для Гродзенскага рэгіёна і краіны. Нашы выпускнікі прадстаўлены ў розных галінах народнай гаспадаркі і з’яўляюцца частымі гасцямі факультэта. Традыцыйна яны праводзяць першую лекцыю для першакурснікаў у Дзень ведаў — 1 верасня, прымаюць удзел у сумесных універсітэцкіх мерапрыемствах як прадстаўнікі факультэта.

У лютым гэтага года адбыўся першы з’езд выпускнікоў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы — выдатная, яркая падзея, якая дазволіла прадоўжыць плённыя кантакты. Таксама мы запрашаем выпускнікоў чытаць лекцыі студэнтам у рамках пэўных вучэбных дысцыплін, якія адпавядаюць іх унікальнаму практычнаму вопыту. Выпускнікі ўдзельнічаюць у рабоце дзяржаўных экзаменацыйных камісій. Традыцыйным стаў вечар сустрэчы выпускнікоў, дзе асабістыя зносіны ўзбагачаюць і выкладчыкаў, і былых студэнтаў, якія, вырастаючы прафесійна і асобасна, становяцца нашымі калегамі і сябрамі. У наступным годзе плануецца стварэнне лічбавага фотаальбома ўсіх выпускнікоў факультэта псіхалогіі ў рамках адзінага агульнаўніверсітэцкага праекта.

Базавая псіхалагічная вышэйшая адукацыя дае асновы практычных навыкаў у розных напрамках, а які з напрамкаў стане бліжэй псіхолагу — гэта вырашаць яму самому. Калі чалавек вызначаецца, што яму бліжэй, патрабуецца далейшае больш глыбокае вывучэнне той ці іншай тэарэтычнай традыцыі. Псіхолагі гэта разумеюць, таму пастаяннае прафесійнае самаўдасканаленне становіцца правілам іх жыцця.

— На факультэце арганізавана школа юнага псіхолага, праводзіцца алімпіяда па псіхалогіі для школьнікаў. Як праходзяць заняткі ў школе? Якія яшчэ формы работы з абітурыентамі практыкуеце?

— Сапраўды, некалькі гадоў у нас працавала школа юнага псіхолага, якая зараз праходзіць рэбрэндынг і будзе ператворана ў Акадэмію асобаснага развіцця для падлеткаў. Гэты праект сацыяльна значны. Ён важны як для нас, так і для гродзенскай моладзі. Пачынаючы з верасня, мы ажыццяўляем набор у групы для падлеткаў. Праграма навучання ўключае трэнінгі па кіраванні эмоцыямі, выбары прафесіі, вызначэнні сэнсу жыцця і пастаноўцы мэт. Дарэчы, наведваць заняткі могуць не толькі тыя, хто збіраецца стаць псіхолагам, але і тыя, каму важна самаразвіццё і самапазнанне.

Сёлета ўпершыню правялі алімпіяду па псіхалогіі для навучэнцаў агульнаадукацыйных школ. З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі два туры алімпіяды былі арганізаваны пры дапамозе сродкаў ІКТ, што не стварыла якіх-небудзь праблем, а адкрыла новыя магчымасці ва ўзаемадзеянні са школьнікамі. Асобна былі вызначаны пераможцы навукова-даследчага тура, конкурсу навуковых работ “Псіхазойская эра” і тэарэтычнага тура.

Ужо стаў традыцыйным шырокамаштабны маладзёжны фэст “Псіхалогія для цябе”, у якім удзельнічаюць школьнікі Гродна і Гродзенскай вобласці. Прыгожае і вельмі карыснае мерапрыемства! Навучэнцы маюць магчымасць прайсці індывідуальную псіхадыягностыку, атрымаць дапамогу кансультанта нашага псіхолага-кансультацыйнага цэнтра, прыняць удзел у камунікатыўных трэнінгах. Сёлета мы яшчэ ўвялі конкурс відэаролікаў на сацыяльна значныя псіхалагічныя тэмы. Іх можна і зараз убачыць на нашым афіцыйным YouTube-канале. Хачу падзякаваць педагогам-псіхолагам, якія натхнялі і дапамагалі сваім навучэнцам працаваць над важнымі тэмамі — бацькоў і дзяцей, канфліктнага ўзаемадзеяння ў зносінах з бацькамі і аднагодкамі, вырашэння складаных жыццёвых сітуацый.

Сёння работа з абітурыентамі перажывае шмат змен, звязаных з развіццём сучасных форм камунікацый. І мы будзем вельмі рады, калі, зазірнуўшы на афіцыйны YouTube-канал нашага факультэта, моладзь знойдзе адказы на свае пытанні, звязаныя з кіраваннем эмоцыямі, стаўленнем да крызісаў, сексуальным здароўем, міжасобаснымі адносінамі, псіхасаматыкай. Там жа можна пазнаёміцца і з асаблівасцямі студэнцкага жыцця. Штотыдзень матэрыялы абнаўляюцца, і да нас ужо паступаюць запыты ад арганізацый на здымку відэаматэрыялаў псіхаасветніцкай накіраванасці.

— Якія праблемы сучаснай моладзі, на вашу думку, патрабуюць найбольшай увагі прафесійных псіхолагаў?

— На мой погляд, гэта няўменне мець зносіны ў рэальнасці, а не ў віртуальнай прасторы, праблемы ў зносінах з бацькамі і аднагодкамі, перажыванне адзіноты, фарміраванне залежнасцей, няўменне займацца сабой. Праблемы розныя, заўсёды ўнікальныя і патрабуюць індывідуальнага і беражлівага даследавання.

Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.