Прафесійная і асабістая адказнасць — залог паспяховых вынікаў

Задач у адукацыйнай сістэмы сёння мноства, аднак нязменна найважнейшай з іх застаецца павышэнне якасці адукацыі. У гэтым кантэксце разглядаецца перш за ўсё ўзровень прафесіяналізму педагогаў, які павінен пастаянна расці. Адсюль і перамогі навучэнцаў на алімпіядах, у інтэлектуальных конкурсах рознага ўзроўню, і вынікі цэнтралізаванага тэсціравання выпускнікоў школ, і іх прафесійнае самавызначэнне.

Прафесіяналізм роўны якасці адукацыі

Пра гэта і многае іншае ішла размова на выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, удзел у якой прынялі першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава, намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў, пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў.

Неаднойчы падкрэслівалася на калегіях і семінарах, што хваліцца дасягненнямі — гэта добра, але ж больш важна гава­рыць пра нявырашаныя пытанні, раскрываць праблемы. Насамрэч, толькі так можна бачыць рэальную карціну і шукаць выйсце з нейкіх няпростых сітуацый. Калі вярнуцца да якасці адукацыі, то Гомельшчыне ёсць чым ганарыцца: лідарства па выніках цэнтралізаванага тэсціравання, выдатныя дасягненні ў рэспубліканскай алімпіядзе па прадметах і на міжнародных алімпіядах, у конкурсах даследчага характару. Значных вынікаў дасягнула вобласць таксама ў спецыяльнай адукацыі. Пацвярджэннем таму стала прызнанне Міністэрствам адукацыі Гомельскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання лепшым у рэспубліцы ў намінацыі “Спецыяльная адукацыя”. На калегіі Міністэрства адукацыі дырэктар установы Таццяна Усава атрымала з рук міністра грамату, а на калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Гомельскага аблвыканкама першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава ўручыла Таццяне Міхайлаўне нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”.

Бясспрэчна, у кожным з гэтых дасягненняў — праца педагогаў, іх прафесіяналізм, жаданне развівацца і самаадукоўвацца. Памкненні настаўнікаў падтрымлівае вышэйшае кіраўніцтва.

— Удасканаленне прафесіяналізму педагагічных кадраў — адзін з актуальных кі­рункаў работы аддзелаў і абласнога інстытута развіцця адукацыі, — адзначыў у сваім дакладзе начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Гомельскага аблвыканкама
Сяргей Парошын. — Тэма атэстацыі разглядалася на калегіі ўпраўлення, на пася­джэнні савета інстытута развіцця адукацыі і абласнога метадычнага савета, на абласным дыстанцыйным семінары.

Як вынік, у 2018 годзе 10 педагогам вобласці прысвоена кваліфікацыйная катэгорыя “настаўнік-метадыст”, 1658 атрымалі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 1415 і 1826 — першую і другую адпаведна. Больш за 60 настаўнікаў атрымалі першую і вышэйшую катэгорыю без уліку стажу працы.

Наперадзе ў сістэмы адукацыі Гомельскай вобласці яшчэ шмат новых дасягненняў. Гэта бясконцы жыццёвы кругаварот — радавацца станоўчаму і вырашаць праблемы.

На бюджэт спадзявайся, а сам зарабляй

У 2018 годзе на сферу адукацыі з бю­джэту вобласці было выдзелена каля 700 мільёнаў рублёў, сума амаль поўнасцю зрасходавана. На гэты год бю­джэт галіны даведзены ў суме звыш 768 мільёнаў рублёў.

Разлічваць толькі на бю­джэт ужо даўно стала непрымальным. Як правіла, бюджэт­ных сродкаў хапае ў асноўным на тое, каб пакрыць абароненыя артыкулы расходаў, і на ­аплату камунальных паслуг. На астатнія патрэбы ўстановам адукацыі неабходна зарабляць грошы самастойна. Сёння гэта не навіна для кіраўнікоў устаноў адукацыі, і многія вядуць даволі паспяховую пазабюджэтную дзейнасць — аналізуюць, прадумваюць і прыдумляюць.

У якасці станоўчага прыкладу ў сваім дакладзе начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын назваў Гомельскі каледж кулінарыі.

— Ад усіх відаў дзейнасці за 2018 год установай атрымана 314 тысяч рублёў, або амаль 16% ад гадавога бюджэтнага фінансавання, — удакладніў Сяргей Іванавіч.

У каледжы для навучання дзяцей і рэалізацыі адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых па прафесіях кандытара, пекара і кухара працуе вучэбна-вытворчая майстэрня, дзе створаны блізкія да вытворчасці ўмовы для эфектыўнай працы з выкарыстаннем высокатэхналагічнага сучаснага абсталявання. Штодня ў майстэрні ў рамках навучання вырабляецца і рэалізоўваецца прадукцыя, асартымент якой налічвае каля 100 адзінак. Каледж наладзіў сувязі з рознымі ўстановамі адукацыі, у якія пастаўляе хлебабулачныя вырабы.

Прыклад каледжа кулінарыі насамрэч паказальны, і, магчыма, ён прымусіць паразважаць над пытаннем тых кіраўнікоў, якія ўсё яшчэ спадзяюцца на бюджэтныя сродкі — 13 устаноў абласнога падпарадкавання па росце платных паслуг не дасягнулі нават паказчыкаў 2017 года.

У размове аб фінансава-гаспадарчай дзейнасці сістэмы адукацыі рэгіёна нельга не згадаць пра два пілотныя праекты па апрабацыі нарматыўнага фінансавання, якія рэалізоўваліся ў мінулым годзе. У першы праект былі ўключаны 32 установы агульнай сярэдняй адукацыі Савецкага і Цэнтральнага раёнаў Гомеля. Зараз ён завершаны. Апрабацыя нарматыўнага фінансавання ва ўстановах дашкольнай адукацыі абласнога цэнтра працягваецца і ў гэтым годзе. Праект ахоплівае 123 дашкольныя ўстановы.

— Вынікі такой працы станоўчыя, — паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі. — Павышэнне самастойнасці і адказнасці кіраўнікоў устаноў адукацыі са­дзейнічае прыняццю абдуманых рашэнняў адносна эфектыўнага выкарыстання бю­джэтных сродкаў, магчымасці павелічэння заработнай платы і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Варта сказаць, што не заўсёды на месцах ёсць правільнае разуменне наконт выкарыстання бюджэтных грошай. Гэта пацвяр­джаюць вынікі праверак. Так, за мінулы год ва ўстановах адукацыі ўстаноўлена незаконнае расходаванне амаль 250 тысяч рублёў, да адміністрацыйнай, дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці прыцягнуты 64 работнікі. Як было адзначана на пасяджэнні калегіі, аналіз матэрыялаў праверак сведчыць пра сур’ёзныя недахопы і хібы з боку службовых асоб правераных устаноў. Адсутнасць унутрыгаспадарчага ўліку і кантролю, неабходнасць узмацнення выканальніцкай дысцыпліны і адказнасці бухгалтарскіх і эканамічных работнікаў, недастатковасць у іх кваліфікацыі — вось прычыны, якія прыво­дзяць да парушэнняў.

Харчаванне: танна і якасна

Пра парадак і дысцыпліну на месцах на калегіі гаварылася шмат. Асаблівае хваляванне выклікае арганізацыя харчавання ва ўстановах адукацыі. Здаецца, з году ў год гучыць праблема адсутнасці аналітыкі з боку некаторых аддзелаў па адукацыі пры закупцы прадукцыі — бяруць садавіну, агародніну, яйкі і іншае па завышаным кошце, у той час як пад носам ёсць больш выгадныя прапановы. І ўсё роўна знойдуцца тыя, хто не хоча вучыцца ні на сваіх, ні на чужых памылках.

Харчаванне дзяцей сёння найвастрэйшае пытанне ў вобласці. Тое, што было выяўлена права­ахоўнымі органамі ў рабоце Гомельскага гарадскога камбіната школьнага харчавання, прымушае зноў і зноў засяроджваць увагу кіраўнікоў усіх узроўняў на кантролі за працай школьных сталовых.

Перад пачаткам бягучага навучальнага года на Гомельшчыне ў распараджэнне аддзелаў па адукацыі, спорце і турызме райвыканкамаў ад раённых спажывецкіх таварыстваў і іншых суб’ектаў гаспадарання было прынята 246 школьных сталовых. Рашэнне даволі няпростае, бо гэта значная нагрузка як на аддзелы, так і на галоўнае ўпраўленне па адукацыі. Аднак ці можна спрачацца з тым, што нясе дабро дзецям? А ў дадзеным выпадку размова ішла пра паляпшэнне якасці харчавання навучэнцаў.

— Сёння мы можам канстатаваць, што гэта быў правільны кірунак, — адзначыў на калегіі намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Прывалаў. — Няхай і не адразу, але ж парадак мы навялі: абноўлена матэ­рыяльная база харчаблокаў, набыта тэхналагічнае абсталяванне. Мы назіраем зусім іншую карціну.

Цяпер наспела новае рашэнне. Намеснік губернатара нагадаў С.І.Парошыну, што ім неабходна канчаткова абмерка­ваць пытанне перадачы камбіната харчавання ў распараджэнне галоўнага ўпраўлення па адукацыі і выйсці з прапановай да старшыні аблвыканкама.

Пакуль гром не грымне

— Як гэта ў вас медыцынскі агляд на тры дні наперад пастаўлены? — пытаюцца праваахоўнікі ў вадзіцеля школьнага аўтобуса.

— Дык у мяне жонка — медык, вось і праштампавала, — хвалюючыся, адказвае той, але на яго твары лёгка чытаецца неўразуменне, чаму гэта такая вялікая праблема.

Гэта рэальная гісторыя, якую расказаў ­удзельнікам калегіі пракурор вобласці. Другі выпадак — з той жа праверкі. Школьны аўтобус з раніцы стаіць пад хатай ва­дзіцеля. Тут транспарт стаяў і ўсю ноч. У абазначаны час, калі неабходна везці дзяцей ў школу за некалькі кіламетраў, вадзіцель не спяшаючыся выходзіць з хаты, са­дзіцца за руль і пачынае рабочы дзень, вядома, ні на які медыцынскі і тэхнічны агляд не заязджаючы. А ў яго руках жыццё дзяцей! І няма ніякай гарантыі, акрамя толькі “а можа, абміне”.

— Мы чамусьці часцяком не паспяваем прадухіліць праблему, чакаем, пакуль нешта здарыцца, а потым ліхаманкава пачынаем аналізаваць і дзейнічаць, — заўважыў Віктар Марозаў і прывёў некаторыя прыклады здарэнняў, якія адбываюцца ва ўстановах адукацыі не толькі Гомельшчыны, а ўсіх рэгіёнаў.

Гэта жахліва, але ёсць выпадкі педафіліі і распаўсюджання наркотыкаў самімі настаўнікамі. Калі і дзе “выстраліць” такая праблема — прадбачыць цяжка. Віктар Мікалаевіч выказаў думку, што, магчыма, прымаючы чалавека на працу ў сістэму адукацыі, неабходна праводзіць з ім пэўныя тэсты, як робяць пры прыёме на службу ў праваахоўныя органы. Аднак наколькі гэта будзе выніковым?

— Наўрад ці магчыма нейкімі тэстамі вызначыць мараль­насць, дысцыплінаванасць чалавека або тое, як ён будзе паводзіць сябе ў пэўнай сітуацыі, — выказала меркаванне першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава.

Ірына Анатольеўна адзначыла таксама, што многія пытанні маюць комплексны характар, і тут якраз важна міжведамаснае ўзаемадзеянне. Ні адна галіна дзейнасці не можа існаваць сама па сабе, заўсёды ёсць нейкае дачыненне іншых сфер.

Сёлетняя выніковая калегія атрымалася змястоўнай, на ёй закраналася шмат ­актуальных, хвалюючых пытанняў, абазначаліся задачы, даваліся сур’ёзныя даручэнні. Штосьці неабходна вырашыць ужо да канца навучальнага года, штосьці бу­дзе абмяркоўвацца на жнівеньскай нарадзе. Сфера адукацыі не церпіць мітусні, тут усё павінна ісці зладжана, паслядоўна. І атрыманыя ўчора даручэнні сёння ўжо ў дзейнасці. Вынікі ж хаваюцца ў прафесійнай і асабістай адказнасці кожнага кіраўніка, кожнага педагога.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

P.S. Стандарт бяспекі навучальных ­устаноў рознага тыпу ў рэгіёне распрацавалі яшчэ ў 2015 годзе. У адпаведнасці з ім і праводзяцца рэгулярныя праверкі. Сёння, на фоне трагічных абставін, якія адбыліся ў школах, ёсць нагода ўзмацніць кантроль за дзіцячай бяспекай.

Першы сумесны рэйд галоўнага ўпраўлення па адукацыі Гомельскага аблвыканкама і ўпраўлення ўнутраных спраў адбыўся на пазамінулым тыдні. Наведалі гомельскую сярэднюю школу № 72, якая з’яўляецца ­адной з найбуйнейшых у абласным цэнтры, у ёй займаецца амаль 1900 вучняў. Варта сказаць, што ва ўстанове даўно ўдзяляецца сур’ёзная ўвага бяспецы дзяцей, устаноўлены камеры відэаназірання, а трапіць у будынак можна праз сістэму пропуску пры дапамозе электронных картак.

Як расказала журналістам намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Жанна Ждановіч, падчас рэйдаў часта даводзіцца назіраць адсутнасць належнай пільнасці ў вахцёраў, слабую інфармаванасць бацькоў. Ёсць праблемы і з арганізацыяй дзяжурстваў настаўнікаў. Сёння галоўная задача — растлумачыць важнасць і неабходнасць жорсткай сістэмы бяспекі.

Да канца лютага спецыялісты аддзелаў і ўпраўленняў па адукацыі разам з міліцыяй правераць кожную школу ў рэгіёне. Асаблівая ўвага будзе накіравана на ўстановы адукацыі, дзе вучыцца больш як 1000 чалавек.

У спісе патрабаванняў да школ: строгі прапускны рэжым, функцыянаванне турнікетаў, камер відэаназірання, праца вахт згодна з рэгламентам, наяўнасць схемы эвакуацыі і інфармацыйных стэндаў аб правілах бяспекі.