Прафесійная пракачка з “Настаўнікам для Беларусі”

- 13:56Адукацыйная прастора

Сумесная адукацыйная праграма Міністэрства адукацыі і БПС-Ашчадбанка “Настаўнік для Беларусі” дала старт новаму набору ўдзельнікаў на 2020 год. Падводзячы вынікі 2019-га, арганізатары абвясцілі пра мэты на бягучы год — павелічэнне колькасці ўдзельнікаў, далучэнне да праекта новых школ з розных раёнаў рэспублікі.

“Запускаючы праект “Настаўнік для Беларусі”, мы найперш кіраваліся тым, каб кожнаму дзіцяці была даступна якасная школьная адукацыя і каб у кожнага была магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял. Праграма нацэлена на вырашэнне доўгатэрміновых задач. Для банка гэта перш за за ўсё магчымасць зрабіць нашу дабрачынную дзейнасць больш адраснай і структурнай. Мы бачым у гэтым свой уклад ва ўстойлівае развіццё краіны. Сутнасць пра­грамы ў тым, каб адабраць таленавітых і ініцыятыўных выкладчыкаў, даць ім новыя веды і накіраваць на працу ў рэгіянальныя школы. Вядома, такі праект можна рэалізаваць толькі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі”, — адзначыла падчас прэзентацыі “Настаўніка для Беларусі” на старце рэалізацыі праекта летам 2019 года намеснік старшыні праўлення ААТ “БПС-Ашчадбанк” Лілія Астаповіч.

Для ажыццяўлення праекта быў створаны мясцовы адукацыйны фонд “Новая школа”, да ініцыятывы могуць далучыцца любыя кампаніі-донары, якія жадаюць зрабіць уклад у развіццё якаснай адукацыі ў рэгіёнах. На дадзены момант партнёрамі праграмы сталі Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, анлайн-гіпермаркет “21 стагоддзе”, інстытут Гётэ , кампанія Вайзар Геймс.

У праект запрашаюць ініцыятыўных і смелых педагогаў і выпускнікоў педагагічных універсітэтаў. Вітаюцца высокая матывацыя, вялікае жаданне развівацца самім, шукаць новыя падыходы ў навучанні дзяцей з рэгіёнаў і раскрываць іх таленты. Абавязковая ўмова — наяўнасць прафесійнай педагагічнай адукацыі. Удзельнікамі праграмы могуць стаць як учарашнія студэнты, маладыя спецыялісты, так і ўжо вопытныя педагогі.

Для ажыццяўлення ідэі праекта БПС-Ашчадбанкам ствараюцца адпаведныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў: і для педагогаў, і для вучняў. Перад педагогамі адкрываюцца ўнікальныя магчымасці для асабістага і прафесійнага росту праз удзел у метадычных і арганізацыйных інтэнсівах, дзе яны асвойваюць сучасныя падыходы да педагогікі і выкладання, удасканальваюць асабістыя і лідарскія якасці, атрымліваюць веды ў праектным менеджменце. Кожны становіцца часткай прагрэсіўнай настаўніцкай супольнасці, стварэнне якой таксама важная частка праекта.

Усе ўдзельнікі праграмы на працягу двух гадоў (менавіта на столькі разлічаны кожны новы набор) атрымліваюць, акрамя зарплаты, стыпендыю ад фонда, кампенсацыю выдаткаў на жыллё, калі давялося пераехаць. Таксама ім выдаецца ноўтбук.

Першым крокам для жадаючых паспрабаваць свае сілы ў праграме з’яўляецца запаўненне анкеты на сайце teach4.by. Прыём анкет першай хвалі заканчваецца 10 лютага, другой — 4 мая. Пасля разгляду анкеты пры ўмове яе адпаведнасці крытэрыям удзелу ў праграме, з саіскальнікам звяжацца прадстаўнік каманды “Настаўнік для Беларусі” для правядзення дыстанцыйнага інтэрв’ю. Пры паспяховым яго праходжанні педагог атрымае запрашэнне на ўдзел у вочным туры адбору ў Мінску. Для таго каб найбольш аб’ектыўна падысці да выбару будучых удзель­нікаў “Настаўніка для Беларусі”, камандай праекта з дапамогай спецыялістаў па падборы персаналу была распрацавана “Мадэль кампетэнцый”, якая заснавана на місіі і каштоўнасцях праекта і акумулюе ў сабе вопыт аналагічных праграм па ўсім свеце.


 Летась удзельнікамі праграмы “Настаўнік для Беларусі” сталі дзевяць педагогаў, якія працуюць у школах Кобрынскага (аграгарадок Павіцце), Бярэзінскага (Паплаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа), Чэрвеньскага (Лядзенскі дзіцячы сад — сярэдняя школа) раёнаў, у гімназіі Дзяржынска і Негарэльскай сярэдняй школе № 1.

Першым і, напэўна, самым яркім арганізацыйна-метадычным мерапрыемствам для адабраных педагогаў стаў летні інтэнсіў, на які запрашалі розных экспертаў (не толькі з галіны адукацыі). Гэта былі настаўнікі-метадысты, бізнесмены, псіхолагі і трэнеры. У прыватнасці, настаўнікі-метадысты (ці з вышэйшай катэгорыяй) праводзілі прадметныя майстар-класы. Напрыклад, па англійскай мове майстар-клас праводзіла Інеса Зубрыліна. Падчас інтэнсіву ўдзельнікі праграмы наведалі таксама Акадэмію паслядыпломнай адукацыі, дзе пазнаёміліся з Мікалаем Іванавічам Запрудскім, Галінай Іванаўнай Нікалаенка, якія засяродзіліся на магчымасцях павышэння кваліфікацыі ў АПА.

У выніку тры тыдні былі адведзены на інтэнсіўную падрыхтоўку, а ў чацвёрты настаўнікі працавалі ў лагеры для дзяцей з малазабяспечаных, шматдзетных сем’яў Барысава і раёна. За месяц летні інтэнсіў даў яго ўдзельнікам добрую метадычную  падрыхтоўку, псіхалагічную загартоўку, заклаў асновы эмацыянальнага інтэлекту, уменні працаваць у камандзе. У далейшым метадычныя сустрэчы актыўна практыкаваліся як на базе тых школ, дзе працуюць настаўнікі, так і на іншых пляцоўках.

З педагогамі праекта цесна працу­юць ментары: псіхолаг гімназіі № 10 Мінска Вольга Ткачук, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гэтай жа гімназіі Ганна Марынкевіч, настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 61 Мінска Паліна Супрановіч, настаўнік рускай мовы і літаратуры Сяргей Бародзіч, выкладчыкі Ліцэя БДУ Іван Колтун (фізічная культура) і Ілья Бондар (хімія), настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 94 Любоў Сардалішвілі. Метадыстам па гісторыі з’яўляецца Яўген Луферчык, па робататэхніцы — Глеб Карней (абодва — прадстаўнікі прыватных школ).

Дырэктары школ, у якіх працуюць удзельнікі праекта, выказалі гатоўнасць да больш цеснага супрацоўніцтва, а ментары праграмы — да пашырэння сувязей і правядзення майстар-класаў, трэнінгаў для шырокага кола педагогаў. Так, восенню быў створаны клуб дырэктараў праекта “Настаўнік для Беларусі”. Дарэчы, у найбліжэйшыя дні ўдзельнікі клуба будуць працаваць на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Аналагі праграмы “Настаўнік для Беларусі” ў іншых краінах перш за ўсё накіраваны на зняцце паблемы адукацыйнай няроўнасці. У нашай краіне гэтая праблема ярка не выяўлена, але розніца паміж магчымасцямі гарадскіх і сельскіх вучняў існуе. Напрыклад, дырэктар Лядзенскай сярэдняй школы Ірына Змачынская пераканана, што праекты кшталту “Настаўнік для Беларусі” будуць спрыяць не толькі прыцягненню таленавітых і неабыякавых настаўнікаў у аддаленыя школы краіны, але і дапамагаць развівацца такім навучальным установам.


Як адзначыла адзін з каардынатараў пра­грамы педагог гімназіі № 10 Мінска Таццяна Квяцінская, кожны, хто стаў удзельнікам пра­грамы, павінен быў прыдумаць і рэаліза­ваць праект, што ўпішацца ў мясцовы кантэкст і зробіць школу цэнтрам лакальнай супольнасці. Гэта можа быць класны ці агульнашкольны праект, у які будуць уцягнуты і бацькі школьніка, і педагогі, і жыхары навакольных населеных пунктаў. Тэматыка можа быць шырокай: ад стварэння школьнага тэатра да вырашэння экалагічных задач. А затым  гэты вопыт будзе  трансліравацца на іншыя рэгіёны.

Сёння падобныя праекты рэалізоўваюцца ва ўсіх школах, дзе працуюць педагогі-ўдзельнікі “Настаўніка для Беларусі”. У Павіцьеўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе (дырэктар Аляксандр Радковіч) працуюць дзве ўдзельніцы праекта — настаўніца пачатковых класаў Наталля Іванаўна Цецярук і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Васільеўна Цецярук. Яны вырашылі правесці фестываль кнігі, для чаго былі адкрыты палічкі буккросінгу, праведзены два майстар-класы, створана школьная тэатральная студыя. Фестываль адбудзецца 28 сакавіка. На ім будуць працаваць тэатральныя пляцоўкі, пройдуць майстар-класы, літаратурны стэндап, а таксама аўтограф-сесія сучасных пісьменнікаў. Акрамя таго, настаўніцы адкрылі збор сродкаў на MolaMola на сучасны дзіцячы гарадок, якога так не хапае мясцовым дзецям.

У Паплаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе (дырэктар Алена Жалняровіч) працуюць настаўніца біялогіі Наталля Верына і настаўніца хіміі Настасся Самец. Тут рэалізоўваюцца два праекты: “Азбука харчавання” і “У мірным суседстве з птушкамі”. У рамках першага разам з вучнямі праводзіліся доследы з кока-колай, чыпсамі, жвачкамі, быў зняты міні-фільм пра шкоду кока-колы, праведзена акцыя “Малочныя кактэйлі для здароўя”.  Другі праект натхніў на арганізацыю і правядзенне конкурсаў малюнкаў “Казачная птушка”, фотаздымкаў “Птушыная фотамадэль”, казак. Рабіліся кармушкі для птушак, ладзілася акцыя па зборы птушынага корму.

У Лядзенскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе рэалізоўваецца праект па школьным радыё “Вялікі перапынак”, які вядзе настаўнік фізічнай культуры Васіль Гембіцкі. Працуючы над чарговым выпускам, школьнікі з задавальненнем прымяраюць на сябе ролі рэдактараў, журналістаў, вядучых.

У гімназіі Дзяржынска (дырэктар Людміла Паўхлеб) працуюць педагог-псіхолаг Ксенія Гаршкова і настаўніца гісторыі Ала Галубковіч. Гімназісты ўпадабалі праект “Па шляху” — незвычайныя экскурсіі па Дзяржынску, якія прыдумляюць і вядуць самі дзеці. Для настаўнікаў у навучальнай установе задуманы праект “Дадай лёгкасці”.

У негарэльскай сярэдняй школе № 1 (дырэктар Таццяна Кудзіна) працуюць настаўніца інфарматыкі Людміла Рыбчынская і настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Аляхно. У школе прайшоў Еўрапейскі ты­дзень кода (больш за 500 удзельнікаў, больш за 100 мерапрыемстваў), вучні пастаянна ўдзельнічаюць у конкурсах і спаборніцтвах, звязаных з праграмаваннем. З дапамогай MolaMola тут збіраюць дадатковыя сродкі на сталы і палі для спаборніцтваў, на датчыкі, дэталі, блокі. Акрамя таго, у навучальнай установе запусцілі праект “Школьны прэс-цэнтр”, у рамках якога пачаўся выпуск школьнай газеты “Хітры ліс”. Удзельнікі праекта пабывалі ў Мінску на Міжнародным форуме па медыяадукацыі, а цяпер працуюць над стварэннем інфацэнтра. Асобна хочацца адзначыць праект “Праз тэатр”, да якога далучыліся ў негарэльскай школе № 1 у канцы мінулага года. У рамках праекта настаўнік разам з дзецьмі прыдумляе тэму спектакля, дзеці самі пішуць сцэнарый  — бяруць за аснову вядомыя ім творы мастацтва або асабістыя гісторыі з жыцця настаўніка ці дзяцей. Зараз у школе актыўна рыхтуюцца да тэатральнага фестывалю, а падчас навагодніх свят правялі квест “Па слядах Дзеда Мароза” і віншавальную акцыю “Таямнічы Дзед Мароз”. 


Некаторыя ўдзельнікі праекта (асабліва маладыя настаўнікі) не раз адзначалі, што ён стаў для іх стартавай пляцоўкай, а камусьці адкрыў другое дыханне ў прафесіі. Настаўніца пачатковых класаў Павіцьеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Наталля Цецярук — самы вопытны ўдзельнік (мае больш за 20 гадоў стажу). “Праект дапамог мне зразумець, што надышла пара нешта мяняць. Я атрымала добры штуршок для самаразвіцця. Праект — выдатны шанс для маладых настаўнікаў, бо тут яны атрымаюць добрую прафесійную пракачку. Я цесна працую са сваім метадыстам Любоўю Сардалішвілі, якая мне вельмі дапамагае, узбагачаючы сваім вопытам. Акрамя таго, дзякуючы падказцы свайго куратара Таццяны Квяцін­скай, цяпер я плённа вучуся на курсах па актыўнай ацэнцы, што мне вельмі падабаецца. І мае ўрокі сталі больш жывымі. Таксама я адвучылася на дыстанцыйным курсе Парка высокіх тэхналогій па Scratch-праграмаванні. Планую з наступнага навучальнага года весці адпаведны факультатыў (або гурток) у пачатковых класах”, — расказала Наталля Іванаўна.

Новы этап у прафесіі пачаўся і для настаўніцы інфарматыкі негарэльскай сярэдняй школы № 1 Людмілы Рыбчынскай. “Настаўнік для Беларусі” дапамог яшчэ больш зблізіцца з вучнямі. Мы сталі ладзіць больш сумесных праектаў. Цяперашні мой праект заснаваны на каманднай рабоце і прызваны аб’яднаць настаўнікаў у школе. Мы разам працуем над развіццём стэм-кірунку. Гэтая сумесная дзейнасць накіравана на развіццё сучасных кампетэнцый вучняў. Яны развіваюць свае камунікатыўныя навыкі, навыкі каманднай работы, крытычнае мысленне. Дзякуючы супрацоўніцтву са сваім метадыстам Глебам Карнеем, я пачала больш актыўна развівацца ў робататэхніцы. А мой куратар Алёна Мельчанка — гэта сапраўдны генератар ідэй. Дзякуючы ёй, спіс маіх дадатковых рэсурсаў для развіцця пастаянна пашыраецца. Апошні час нават пачала вучыцца прадпрымальніцтву”, — падзялілася Людміла Міхайлаўна. Дарэчы, яна пакуль адзіная ў Беларусі настаўніца, якая выйграла грант ад Google.

А маладая настаўніца біялогіі Паплаў­скага дзіцячага сада — сярэдняй школы Наталля Верына бярэ максімум інфармацыі і ад метадыста, і ад куратара. Для яе вельмі важнай з’яўляецца як метадычная падтрымка, так і псіхалагічная. “У школе я працую толькі другі год, таму для мяне актуальнай з’яўляецца любая падтрымка. Акрамя навыкаў па арганізацыі ўрока, мне важна было ўпісацца ў новы калектыў. Цесна працую са сваім метадыстам Палінай Супрановіч. Вопыт настаўніка-практыка куды лепшы, чым тэорыя з падручніка. Мне падабаецца арганізоўваць розныя біялагічныя квесты. Цяпер гэта папулярны метадычны напрамак. Мне вельмі падабаецца тое, што нам нічога не навязваюць, а прапануюць, даючы неабходны інструментарый”, — адзначыла настаўніца.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.