Прафесійны навігатар

Правільны прафесійны выбар для кожнага чалавека з’яўляецца асноватворным, бо, па сутнасці, вызначае паспяховасць жыццёвага шляху. Сёння імкліва расце колькасць і разнастайнасць прафесій, і разабрацца ў тым, якую выбраць, вельмі цяжка. На дапамогу навучэнскай моладзі прыходзіць прафарыентацыя, якую ажыццяўляюць як самі школы, так і ўстановы прафесійнай і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Увогуле прафарыентацыйная работа праводзілася заўсёды і мае свае традыцыі, багаты вопыт. Але час не стаіць на месцы, і многія формы прафарыентацыі страчваюць сваю значнасць і ўжо не аказваюць уплыву на прафесійнае станаўленне нашых навучэнцаў. Таму ідзе пошук новых, сучасных, больш эфектыўных форм прафарыентацыі, якія б дапамагалі маладым людзям вызначыцца са сваім далейшым жыццёвым шляхам.

Не выпадкова, а ўсвядомлена

Актуальнасць прафарыентацыйнай дапамогі моладзі ўзрастае ў сувязі з павышэннем патрабаванняў сучаснага рынку працы да маладога спецыяліста. Своечасова аказаная старшакласнікам прафарыентацыйная падтрымка выступае асновай гарманічнага развіцця асобы. З пункту гледжання дзяржаўных інтарэсаў прафарыентацыя спрыяе развіццю кадравага патэнцыялу нашай краіны, які фарміруецца з ліку высокакваліфікаваных спецыялістаў. Сёння і само паняцце прафарыентацыі набывае больш шырокі і грунтоўны сэнс. Прафарыентацыйная работа ў школе заключаецца ў яе нацэленасці не толькі на выбар канкрэтнай прафесіі навучэнцамі, але і на фарміраванне ўніверсальных якасцей, якія дазваляюць ажыццяўляць свядомы, самастойны прафесійны выбар, быць адказным за яго, быць мабільным і ажыццяўляць прафесійны рост на працягу свайго жыцця.

 Асноўныя задачы, прынцыпы і формы прафарыентацыйнай работы з моладдзю выкладзены ў Канцэпцыі развіцця прафесійнай арыентацыі моладзі ў Рэспубліцы Беларусь. Разнастайныя напрамкі гэтай работы, якія выкарыстоўваюцца ў шосты школьны дзень, прыведзены ў Метадычных рэкамендацыях па арганізацыі работы з навучэнцамі, іх бацькамі (законнымі прадстаўнікамі) па вучэбных прадметах, мерапрыемстваў прафарыентацыйнай накіраванасці ў шосты школьны дзень, якія распрацаваны Міністэрствам адукацыі.

Арганізацыя і змястоўнае напаўненне мерапрыемстваў прафарыентацыйнай тэматыкі ў шосты школьны дзень, умелае выкарыстанне сучасных тэхналогій — задача, што стаіць перад педагогамі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, які штогод рэалізуе праекты прафарыентацыйнага профілю. На гэты раз было праведзена новае прафарыентацыйнае мерапрыемства пад назвай “ПрафНавігатар”.

Што можа “ПрафНавігатар”? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да дырэктара сталічнага палаца Ганны Лявонаўны Аверынай.

— З дапамогай гэтага праекта мы імкнёмся сфарміраваць у дзяцей з ранняга ўзросту станоўчае стаўленне да працы, актыўную пазіцыю ў выбары будучай прафесіі,

папулярызаваць рабочыя прафесіі, навучыць падлеткаў суадносіць патрабаванні, што прад’яўляюцца прафесіяй, з уласнымі інтарэсамі, схільнасцямі, здольнасцямі, а таксама прагназуемым попытам на сучасным рынку працы, — расказала Ганна Лявонаўна. — Праект накіраваны на сацыялізацыю навучэнскай моладзі, павышэнне эфектыўнасці прафарыентацыйнай работы ва ўстановах адукацыі, на дапамогу ў тым ліку групе рызыкі ў працаўладкаванні. Вельмі спадзяёмся, што наша мерапрыемства дапаможа моладзі зрабіць не выпадковы, а ўсвядомлены прафесійны выбар.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі сталічныя старшакласнікі, а таксама выхаванцы гурткоў і студый Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Падключылася да свята прафесій  і псіхалагічная служба палаца, спецыялісты якой  праводзілі тэсціраванне ўдзельнікаў “ПрафНавігатара” па выяўленні схільнасцей і магчымасцей падлеткаў і іх адпаведнасці прадстаўленым прафесіям.

Асаблівасць “ПрафНавігатара” заключаецца ў тым, што, акрамя інтэрактыўнай прафарыентацыйнай пляцоўкі, на якой кожную вучэбную чвэрць прадстаўнікі сталічных прафесійна-тэхнічных каледжаў будуць прэзентаваць свае творчыя праграмы, штомесяц на базе рэсурснага цэнтра маладзёжных ініцыятыў “Прыступкі” для старшакласнікаў будуць праходзіць практычныя заняткі з элементамі трэнінгу “Крок у прафесію”. У ходзе заняткаў старшакласнікі атрымаюць практычныя навыкі ў складанні рэзюмэ, пазнаёмяцца з тэндэнцыямі на сучасным рынку працы і інш.

Ірына Васільеўна Камельчык, кіраўнік крэатыўна-інавацыйнага цэнтра мінскага палаца, які стаў распрацоўшчыкам “ПрафНавігатара”, расказала:

— Кожная новая сустрэча на інтэрактыўнай пляцоўцы “ПрафНавігатара” — гэта тэматычнае падарожжа ў тую ці іншую галіну эканомікі (гэта можа быць лёгкая або будаўнічая прамысловасць, машынабудаванне або бытавое абслугоўванне). Старшакласнікі даведваюцца пра асаблівасці прафесій па прынцыпе “роўны — роўнаму”. Гэта азначае, што навучэнцы самі, без дапамогі дарослых, сваіх педагогаў, на свой лад прадстаўляюць прафесіі, якія яны асвойваюць у навучальнай установе. Прафесійныя навыкі яны дэманструюць падчас майстар-класаў, а прафесійныя веды — у віктарынах.

У час работы інтэрактыўнай прафарыентацыйнай пляцоўкі “ПрафНавігатар” было праведзена тэматычнае мерапрыемства “З любоўю да людзей і прафесіі”, дзе былі прадстаўлены прафесіі лёгкай прамысловасці, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва.

Свае прэзентацыйныя праграмы прадставілі мінскія прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі, прафесійна-тэхнічны каледж гандлю, прафесійна-тэхнічны каледж швейнай вытворчасці, прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва, прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі.

Выбіраць было з чаго: ад кухараў і кандытараў, барменаў і афіцыянтаў да швачак і мадэльераў, цырульнікаў і візажыстаў, ад прадаўцоў і страхавых агентаў да лагістаў і аператараў ПЭВМ. Цэлы калейдаскоп актуальных і запатрабаваных сёння прафесій быў яскрава прадстаўлены на сцэне Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі.

Сёння мы прывыклі карыстацца навігатарам у дарозе, калі неабходна пралажыць аптымальны маршрут ці знайсці месца прыбывання. Вельмі сімвалічна было назваць навігатарам сённяшнюю прафарыентацыйную работу. Выбар прафесіі — складаная задача, гэта доўгая дарога, якую трэба прайсці нашай навучэнскай моладзі, каб сарыентавацца, зразумець, пачуць сябе і, у рэшце рэшт, спыніць свой выбар на любімым занятку. Дзякуючы педагогам сталічнага палаца, цяпер у Мінску ёсць свой прафарыентацыйны навігатар.

Каму паддаўся капкейк

Сярод удзельнікаў праекта Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі. Дырэктар установы В.В.Дзянініс расказала, што падчас прэзентацыі навучэнцы каледжа ў творчай форме пазнаёмілі школьнікаў з асаблівасцямі навучання ў каледжы, перспектывамі прафесійнага росту. Асаблівай папулярнасцю ў гасцей праекта карыстаўся майстар-клас па ўпрыгожванні капкейкаў (маленькіх кексікаў).Каб паглядзець, як іх стварае навучэнец каледжа Глеб Рудзько, сабраўся цэлы натоўп дзяцей і дарослых. Кожная з прафесій, па якіх вядзецца падрыхтоўка ў каледжы, па-свойму цікавая і ўнікальная, падразумявае развіццё творчасці, фантазіі, дае магчымасці для самарэалізацыі.

Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі мае багатую гісторыю. Заснаваная ў 1954 годзе як школа кулінарнага вучнёўства, цяпер гэта сучасная ўстанова, якая рыхтуе прафесіяналаў самага высокага класа. На працягу больш як 65 гадоў ва ўстанове адукацыі ажыццяўляецца падрыхтоўка кадраў па прафесіях сферы “Грамадскае харчаванне” з прысваеннем кваліфікацый “кухар”, “кухар дзіцячага харчавання”, “кандытар”, “афіцыянт”, “бармен”, “пекар”, “кулінар мучных вырабаў”. За гады свайго  існавання ўстанова падрыхтавала тысячы высокакваліфікаваных кадраў для аб’ектаў грамадскага харчавання нашай сталіцы. Многія з выпускнікоў дасягнулі пэўных поспехаў у кар’еры і займаюць кіруючыя пасады ў сферы грамадскага харчавання.

Цеснае супрацоўніцтва каледжа з аб’ектамі грамадскага харчавання сталіцы, знаёмства з навінкамі кулінарнай індустрыі спрыяюць падрыхтоўцы спецыяліста, які ўмее працаваць з сучасным абсталяваннем, валодае найноўшымі тэхналогіямі ў гатаванні і афармленні страў. Кіраўнікі аб’ектаў грамадскага харчавання горада, многія з якіх з’яўляюцца выпускнікамі каледжа, ствараюць усе неабходныя ўмовы для забеспячэння якаснай прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў. Сучаснае паняцце “культура харчавання” ўключае веды аб паўнавартасным рацыянальным харчаванні (сюды ўваходзяць высокія смакавыя якасці страў, эстэтыка іх гатавання, афармленне і падача). Іншымі словамі, кулінарыя — гэта сапраўднае мастацтва, і яго творцамі з’яўляюцца кухары, кандытары, афіцыянты, бармены. Атрымліваць гэтыя прафесіі ў каледж прыходзяць тыя, у каго ёсць прызванне і жаданне стаць кваліфікаваным канкурэнтаздольным спецыялістам сваёй справы.

— Паступіўшы ў нашу ўстанову адукацыі, вы трапіце ў атмасферу творчасці і натхнення, — адзначыла Вера Віктараўна Дзянініс. — Вось ужо на працягу дзясяткаў гадоў тут працуюць мэтанакіраваныя, вопытныя педагогі, якія пастаянна павышаюць свой прафесійны ўзровень і гатовы перадаць свой багаты вопыт навучэнцам.

Такая патрэбная лагістыка

Мінскі дзяржаўны ПТК лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі прыняў удзел у гэтым праекце з радасцю.

— Усім удзельнікам праекта мы прапанавалі здзейсніць невялікае падарожжа па нашым каледжы, акунуцца ў свет нашых прафесій. У гэтым годзе каледжу споўнілася 55 гадоў, і нам ёсць што расказаць, — паведаміла дырэктар каледжа М.Б.Мушніцкая. — Цвёрдае імкненне быць паспяховым, заяўляць пра сябе кожны дзень — творчае крэда нашага каледжа.

Праграма выступлення ўстановы, прадстаўленая ў палацы, была распрацавана і рэалізавана педагогам-арганізатарам каледжа Н.Сцяпанавай. Вядучыя праграмы, удзельнікі гуртка “Творчая гасцёўня” А.Ганчароў і А.Лапцэвіч, пазнаёмілі гасцей з прафесіямі ў гульнявой форме, бо гэта намнога цікавей, чым звычайны аповед аб  прафесіі. Кастамайзінг “Мая прафесія ў будучыні”, дзелавыя і інтэрактыўная гульні “Твой выбар”, “Я — дызайнер”, “Якасць дастаўкі” прыйшліся даспадобы дзецям і дарослым. Створаны відэаролік “Паспяховы прафесіянал!” расказаў пра агітбрыгаду каледжа. Яркую і маляўнічую атмасферу выступлення стварылі тэатр моды “Новы погляд” (кіраўнік С.Івашына) і вакальны калектыў Star (кіраўнік М.Пашук).

Як паведаміла М.Б.Мушніцкая, прафесіі, па якіх рыхтуюць у навучальнай установе, уваходзяць у спіс самых запатрабаваных: агент страхавы; аператар механізаваных і аўтаматызаваных складоў; агент па абслугоўванні аўтамабільных перавозак і інш. Навучанне арганізоўваецца пасля 9 і 11 класаў. Сёння ў разнастайных кампаніях — транспартных, будаўнічых, гандлёвых — адкрываюцца лагістычныя цэнтры, і выпускнікі каледжа маюць магчымасць уладкавацца там на працу. Пасля заканчэння навучання выпускнікі першай ступені могуць перайсці на другую ступень адукацыі — ССА — і атрымаць спецыяльнасць “Аперацыйны лагіст”. Цяпер цяжка ўявіць сабе развіццё гандлю і іншага бізнесу без лагістыкі. Таму ў эру развіцця гэтай галіны прафесіі лагістычнага напрамку з’яўляюцца вельмі запатрабаванымі.

Кожны з нас марыць аб гардэробе з мноствам прыгожага адзення, асабліва калі кожны ўбор індывідуальны і вельмі табе пасуе. Такое пажаданне выканаюць спецыялісты, якія атрымалі ў каледжы прафесіі швачкі, краўца, дэманстратара швейных вырабаў. Гэта менавіта тыя прафесіі, якія робяць свет ярчэйшым, прыгажэйшым, ствараюць чалавеку добры настрой, фарміруюць густ.

— Па ўсіх напрамках навучання нашым выхаванцам дапамагаюць педагогі, майстры вытворчага навучання, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце С.Р.Бутрым. — У сваю чаргу педагогі дадатковай адукацыі арганізоўваюць вольны час навучэнскай моладзі, каб і за межамі каледжа іх жыццё было цікавым і карысным. Ва ўстанове створаны ўсе ўмовы для актыўнага паўнавартаснага творчага жыцця, станаўлення прафесійнай асобы. У каледжы працуе школа лідараў “Залаты парастак”, гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, тэатральны гурток, вакальная студыя, тэатр моды.

— Нашы навучэнцы пакуль толькі асвойваюць выбраныя імі прафесіі, але ўжо выразна ўяўляюць, якіх прафесійных вышынь хочуць дасягнуць, — адзначыла дырэктар каледжа. — Яны выбіраюць тое, што выклікае ў іх найбольшы энтузіязм, і, нягледзячы на юны ўзрост, робяць правільны выбар. З прафесіямі, атрыманымі ў нашым каледжы, нідзе не прападзеш. Толькі любімая прафесія зробіць цябе шчаслівым і паспяховым, сапраўдным прафесіяналам.

Ала КЛЮЙКО.