У Нацыянальным прэс-цэнтры прайшоў экспертна-медыйны семінар па тэме ўніфікацыі падыходаў ва ўдасканаленні нацыянальных сістэм кваліфікацыі ў Рэспубліцы Беларусь і Расійскай Федэрацыі. У размове прынялі ўдзел прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, кіраўніцтва міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны абедзвюх краін, супрацоўнікі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі (Беларусь), Федэральнага інстытута адукацыі (Расія), іншыя эксперты.
Сёння нашы краіны, аб’яднаныя ў Саюзную дзяржаву, будуюць адзіную адукацыйную, працоўную і эканамічную прастору, таму пытанне аб уніфікацыі падыходаў ва ўдасканаленні нацыянальных сістэм кваліфікацый у Рэспубліцы Беларусь і Расійскай Федэрацыі ўзнікае само сабой. Цяпер у нашай краіне і Расійскай Федэрацыі назіраецца аднолькавая сітуацыя на рынках працы. Пры ўсіх станоўчых тэндэнцыях, якія характэрны для сённяшняга развіцця прафесійнай адукацыі Беларусі і Расіі, усё ж застаецца дысбаланс паміж попытам і прапановай рабочай сілы, паміж патрэбай у неабходным узроўні падрыхтоўкі кадраў і тымі ведамі і навыкамі, якія атрымліваюць навучэнцы ўстаноў прафесійнай адукацыі. Нярэдка разрыў паміж запытамі рынку працы і сістэмай адукацыі настолькі значны, што заказчыкам кадраў прыходзіцца перавучваць учарашніх выпускнікоў устаноў і затрачваць немалыя дадатковыя сродкі. Нярэдка неабходны і пэўны час для таго, каб адаптаваць маладых рабочых і спецыялістаў да сучасных патрабаванняў вытворчасці. Мала таго, істотнае пашырэнне інавацыйных працэсаў у эканамічнай сферы патрабуе паскарэння абнаўлення ведаў тых кадраў, якія там задзейнічаны. Даследаванні апошніх гадоў паказалі, што пасля заканчэння ўстановы адукацыі ў сярэднім штогод губляецца да 20 працэнтаў атрыманых ведаў, а хуткасць састарэласці ведаў прыкладна ў 4 разы перавышае хуткасць іх абнаўлення. Таму відавочна, наколькі сёння патрэбны новыя механізмы ў развіцці прафесійнай адукацыі і непасрэдна ва ўдасканаленні нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. Пэўныя крокі ў гэтым ужо зроблены. Асабліва прыкметныя зрухі зрабілі нашы расійскія калегі, іх вопыт неабходна выкарыстоўваць і ў Беларусі. Безумоўна, уніфікацыя падыходаў да ўдасканалення нацыянальных сістэм кваліфікацый абедзвюх краін дазволіць забяспечыць развіццё прафесійнай адукацыі дзвюх краін і аператыўна рэагаваць на тыя змяненні, якія адбываюцца сёння ў эканамічнай сферы.
А.В.Лабовіч, першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, пацвердзіў, што ў арганізацыі палітыкі на рынку працы нашых краін важна пастаянна звяраць курс рэфармавання, абменьвацца вопытам работы па розных кірунках нашай дзейнасці. Ва ўмовах дынамічнага развіцця сучаснай вытворчасці і забеспячэння яе кваліфікаванымі кадрамі ўзнікае неабходнасць пошуку новых падыходаў да развіцця і ўдасканалення нацыянальных сістэм кваліфікацый, якія б павысілі яе гібкасць і адаптаванасць, дазволілі стварыць добранадзейныя ўмовы для атрымання чалавекам кампетэнцый, сарыентаваных на патрэбы і запыты рынку працы, выкаранілі б дысбаланс паміж попытам і прапановай рабочай сілы.
— Сёння ў нас дзейнічае сістэма кваліфікацый, асновы якой былі закладзены яшчэ ў савецкія часы, — адзначыў А.В.Лабовіч. — У гэтую сістэму ўваходзяць Агульнадзяржаўны класіфікатар, кваліфікацыйныя даведнікі прафесій рабочых і пасад служачых, адукацыйныя стандарты. Мы займаемся рэгламентацыяй падрыхтоўкі кадраў ва ўстановах адукацыі і арганізацыі працы работнікаў у наймальнікаў.
А.В.Лабовіч заўважыў, што дзейнасць механізма ў сістэме кваліфікацый у нашай краіне ў апошнія гады прыкметна зніжаецца. Назіраецца неадпаведнасць узроўню падрыхтоўкі кадраў сучасным патрабаванням рынку працы, павялічваецца дэфіцыт кваліфікаваных кадраў, адбываецца імклівае старэнне атрыманых ведаў і навыкаў. Усе гэтыя паказчыкі сведчаць аб недастатковай эфектыўнасці нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, якая павінна забяспечваць цесную сувязь паміж сістэмай адукацыі і рынкам працы.
Л.Ю.Яльцова, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Расійскай Федэрацыі, ахарактарызавала сітуацыю, якая складваецца ў Расіі. Па яе словах, улічваючы істотную колькасць кваліфікаваных спецыялістаў, якія заняты ў эканоміцы, нізкае беспрацоўе ў краіне, на першы погляд сітуацыя здаецца спакойнай і добранадзейнай. Але калі прааналізаваць баланс попыту і прапановы на рынку працы, то моладзь больш выбірае гуманітарныя навукі, эканоміку кіравання, а рабочыя прафесіі ў яе не ў пашане. Калі выпускнікі прафесійных устаноў прыходзяць працаваць на вытворчасць, то доўга не могуць адаптавацца, існуе істотны разрыў у іх падрыхтоўцы паміж тэорыяй і практыкай, выпускнікі не могуць прызвычаіцца да работы ў калектыве, у іх адсутнічае адказнасць і дысцыпліна. Як жа выправіць гэтую сітуацыю?
Важным крокам у гэтым, адзначыла Л.Ю.Яльцова, з’яўляецца стварэнне механізма ўзгаднення попыту і прапановы на рынку працы. У яго аснову павінен быць закладзены прафесійны стандарт. Ён прадстаўляе патрабаванні да кваліфікацыі работніка, якія могуць прад’яўляцца да яго прафесійнай дзейнасці. Прафесійныя стандарты стануць асновай для распрацоўкі адукацыйных стандартаў. Усяго ў найбліжэйшыя два гады будуць распрацаваны 800 нацыянальных прафесійных стандартаў.
Л.Ю.Яльцова паведаміла, што ідзе фарміраванне даведніка прафесій, запатрабаваных на рынку працы, перспектыўных і новых прафесій. Цяпер туды уваходзяць 1600 прафесій. У топ-50 увайшлі тыя прафесіі, падрыхтоўка па якіх будзе весціся на перспектыву развіцця эканомікі. У рамках падрыхтоўкі даведніка праведзена даследаванне сітуацыі на рынку працы, а таксама анкетаванне сярод работадаўцаў звыш 13 тысяч арганізацый, аб’яднанняў заказчыкаў кадраў, прафсаюзаў, органаў улады, адукацыйных структур. Для пастаннага ўзнаўлення даных даведніка плануецца фарміраванне пастаянна дзеючай сістэмы маніторынгу запатрабаванасці прафесій з улікам галіновай і рэгіянальнай спецыфікі і стварэнне спецыяльнага інтэрнэт-рэсурсу, які акумулюе інфармацыю аб запатрабаваных прафесіях і іх змесце, магчымасцях працаўладкавання, атрымання адукацыі і ацэнкі кваліфікацый па гэтых прафесіях.
Па словах Л.Ю.Яльцовай, фарміраванне такой базы прафесій, запатрабаваных на рынку працы, новых і перспектыўных прафесій, дасць магчымасць вызначаць стратэгію сацыяльна-эканамічнага развіцця Расійскай Федэрацыі, прагнозы кадравага забеспячэння, выяўляць прыярытэты рынку працы, забяспечваць адпаведнасць патрэбы эканомікі ў працоўных рэсурсах і структуры падрыхтоўкі кадраў ва ўстановах адукацыі, бесперапыннасць і збалансаванасць працэсу падрыхтоўкі кадраў, у тым ліку апераджальнай.
Апошнім часам адбыліся станоўчыя зрухі і ў нашай краіне па ўдасканаленні нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. Дырэктар НДІ працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Т.М.Міронава паведаміла аб асноўных канцэптуальных падыходах, якія створаны для яе ўдасканалення. У першую чаргу дырэктар назвала правядзенне інавацыйнага праекта, мэтай якога стала выпрацоўка новай метадалогіі пабудовы НСК. Для практычнай апрабацыі яе новых элементаў былі вызначаны пілотныя сектары эканомікі — сектар інфармацыйных тэхналогій і сфера кіраўніцкай дзейнасці. У выніку рэалізацыі праекта распрацавана новая мадэль НСК Рэспублікі Беларусь, якая ўключае Нацыянальную рамку кваліфікацый, прафесійныя стандарты, сектаральныя саветы кваліфікацый, сістэму незалежнай ацэнкі і сертыфікацыі кваліфікацый.
Нацыянальная рамка кваліфікацый заклікана выконваць шэраг функцый, у тым ліку быць асновай для прафесійных стандартаў, а таксама можа выкарыстоўвацца як інструмент дыялогу паміж прадстаўнікамі сістэмы адукацыі і рынку працы для вызначэння таго, што павінен ведаць і ўмець выпускнік установы прафесійнай адукацыі.
Акрамя таго, важнай часткай работы ў рамках інавацыйнага праекта стала стварэнне ўпершыню ў нашай краіне сектаральных саветаў кваліфікацый. Яны былі арганізаваны на базе Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій.
Задачай гэтых саветаў стала распрацоўка сектаральных рамак кваліфікацый і пераліку ключавых прафесій і пасад, распрацоўка прафесійных стандартаў і тыпавых карт прафесійнага развіцця і кар’ернага росту. Прафесійныя стандарты, распрацаваныя гэтымі саветамі пры навукова-метадычнай дапамозе НДІ працы, з’яўляюцца найважнейшым інструментам нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. Прафесійны стандарт уключае ў сябе апісанне спецыфікі і зместу працоўнай дзейнасці работнікаў і патрабаванні да кваліфікацыі, неабходнай для яе ажыццяўлення.
Як адзначыла дырэктар НДІ, прафстандарты могуць выкарыстоўвацца наймальнікамі пры прыёме на працу, сістэмай адукацыі — пры вызначэнні кваліфікацый, па якіх неабходна падрыхтоўка кадраў, пры распрацоўцы адукацыйных стандартаў, пры ацэньванні ўзроўню ведаў і ўменняў навучэнцаў. Акрамя таго, у прафесійным стандарце мае патрэбу сістэма незалежнай ацэнкі і сертыфікацыі кваліфікацый.
Сектаральнымі саветамі былі распрацаваны тры праекты прафесійных стандартаў і дзве сектаральныя рамкі кваліфікацый для пілотных сектараў экономікі. Так, для інфармацыйных тэхналогій распрацаваны два праекты прафесійных стандартаў — “Распрацоўка праграмнага забеспячэння” і “Тэсціраванне праграмнага забеспячэння”, для сферы кіраўніцкай дзейнасці — праект прафесійнага стандарту “Кіраванне арганізацыяй”. Згодна з вызначэннем асноўных кампанентаў прафесійнага стандарту быў падрыхтаваны праект метадычных рэкамендацый па распрацоўцы прафесійных стандартаў, у які ўвайшоў макет прафесійнага стандарту.
— У працэсе фарміравання і развіцця новай мадэлі нацыянальнай сістэмы кваліфікацый прафесійны стандарт паступова заменіць сістэму тарыфна-кваліфікацыйных даведнікаў, якія ўтрымліваюць кваліфікацыйныя характарыстыкі прафесій рабочых і пасад служачых, — адзначыла Т.М.Міронава. — У адрозненне ад даведнікаў прафесійныя стандарты будуць утрымліваць, напрыклад, больш падрабязнае апісанне кваліфікацыйных патрабаванняў, якія прад’яўляюць наймальнікі да работнікаў, і будуць распрацоўвацца па ініцыятыве і з удзелам прадстаўнікоў рынку працы.
— Паколькі прафесійныя стандарты будуць апісваць спецыфіку і змест працоўнай дзейнасці на больш высокім, абагульненым, узроўні, іх колькасць будзе значна меншай, чым колькасць тарыфна-кваліфікацыйных характарыстык прафесій рабочых і пасад служачых, — падкрэсліла Таццяна Мікалаеўна. — Гэта вельмі важна з пункту погляду забеспячэння большай гібкасці і актуальнасці. Аднак гэта не азначае, што ў рэальнасці будзе выкарыстоўвацца менш прафесій. У гэтым выпадку наймальнікі атрымаюць больш свабоды ў вызначэнні іх найменняў, у змесце працоўнай дзейнасці, кіруючыся пры гэтым адпаведнымі прафесійнымі стандартамі.
Рэктар РІПА А.Х.Шкляр прызнаў своечасовасць удасканалення нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, стварэння макета прафесійнага стандарту і непасрэдна прафстандартаў для інфармацыйных тэхналогій і сферы кіраўніцкай дзейнасці. Пачатак зроблены, адзначыў А.Х.Шкляр, і наперадзе новыя крокі для развіцця сістэмы прафесійнай адукацыі згодна з тымі патрабаваннямі, якія прад’яўляюць рынак працы, наша эканоміка. У многім беларускі бок будзе выкарыстоўваць здабыткі расійскіх калег, асабліва ў частцы стварэння прафесійных стандартаў. Выклікае, напрыклад, вялікую ўвагу расійскі прафесійны стандарт па падрыхтоўцы зваршчыкаў. Яго па праву можна назваць дасягненнем у сферы прафесійных стандартаў, таму было б нерацыянальна ствараць свой і траціць на гэта яшчэ частку фінансавых сродкаў. Мэтазгодным было б адаптаваць яго да нашай сістэмы адукацыі і прымяняць у падрыхтоўцы кадраў, улічваючы нацыянальныя інтарэсы нашай краіны.
Сапраўды, не заўсёды заказчыкі кадраў задаволены тымі кадрамі, якія рыхтуе сістэма прафесійнай адукацыі, попыт і прапанова яшчэ маюць нестыкоўку, таму відавочна, што, каб дасягнуць неабходнага выніку, патрэбен механізм, які б рэгуляваў адносіны паміж прафесійнай адукацыяй і заказчыкамі кадраў. Менавіта такім механізмам і стане новая мадэль НСК, якая дазволіць весці прафесійную падрыхтоўку кадраў згодна з рэальнымі патрэбамі эканомікі, стварыць перадумовы для больш эфектыўнага выкарыстання працоўнага патэнцыялу рабочых і спецыялістаў і павышэння вытворчасці працы, дапаможа забяспечыць прафесійнае развіццё кадраў ва ўмовах мадэрнізацыі эканомікі і супастаўнасць нацыянальнай сістэмы кваліфікацый з міжнароднай.
Рэалізацыя мерапрыемстваў па ўдасканаленні НСК прадугледжана на перыяд 2016—2020 гадоў. Распрацаваныя і апрабаваныя ў рамках інавацыйнага праекта новыя элементы нацыянальнай сістэмы кваліфікацый могуць стаць асновай для распаўсюджвання вопыту пілотных сектараў на іншыя сектары эканомікі. Удзельнікамі семінара былі вызначаны далейшыя крокі ўніфікацыі сістэм кваліфікацый Беларусі і Расіі і практычнай іх рэалізацыі.
Ала КЛЮЙКО.
Фота прадастаўлены Нацыянальным прэс-цэнтрам Рэспублікі Беларусь.