Прафесійны стандарт: неабходнасць і каштоўнасць

Сёння ў нашай краіне рэалізуецца праект Еўрапейскага Саюза “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі”, які скіраваны на павышэнне прывабнасці прафесійнай адукацыі, паляпшэнне перспектыў працаўладкавання моладзі і дарослага насельніцтва. Ключавой задачай для выканання гэтых напрамкаў з’яўляецца ўдасканаленне Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый за кошт укаранення прафесійных стандартаў. Менавіта гэтыя стандарты павінны стаць асновай новых адукацыйных стандартаў, вучэбных планаў і праграм, якія будуць прымяняцца ў сістэме адукацыі нашай краіны.

Савет Міністраў прыняў рашэнне аб удасканаленні Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый Рэспублікі Беларусь. З моманту прыняцця пастановы ўрада прайшоў больш як год. Сёння можна падвесці некаторыя вынікі, наколькі інтэнсіўна вядзецца работа ў гэтым напрамку. У гутарцы прынялі ўдзел прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Ю.С.Сычова і міжнародны эксперт Ёве Янкулоўскі.

Распрацаваная стратэгія па ўдасканаленні Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый стала першым сістэмным дакументам, які вызначае палітыку нашай краіны ў забеспячэнні эканомікі кадрамі ў адпаведнасці з яе запытамі.

Сістэма адукацыі не ў поўнай меры валодае інфармацыяй аб рэальных запатрабаваннях рынку працы, колькасным і якасным складзе працоўных рэсурсаў. У большай меры адсутнічае інфармацыя аб патрэбных кампетэнцыях, кірунках і маштабах падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. Усё большае значэнне набывае неабходнасць ведаў, уменняў і навыкаў, якія чалавек атрымлівае сам на працягу жыцця.

Існуючая Нацыянальная сістэма кваліфікацый прадстаўлена ключавымі класіфікатарамі і даведнікамі. Сярод іх — Агульнадзяржаўны класіфікатар Рэспублікі Беларусь (АКРБ) 014-2017 “Заняткі”, Адзіны тарыфна-кваліфікацыйны даведнік работ і прафесій рабочых (АТКД) і Адзіны кваліфікацыйны даведнік пасад служачых (АКДП). Міністэрства адукацыі ўносіць змяненні ў Агульнадзяржаўны класіфікатар Рэспублікі Беларусь (АКРБ) 011-2009 “Спецыяльнасці і кваліфікацыі” і адукацыйныя стандарты. У гэтых дакументах закладзены кваліфікацыйныя характарыстыкі галін эканомікі і сацыяльнай сферы. Але яны больш схематычныя, і недакладна вызначаюць, якім павінен быць работнік для той ці іншай сферы. Кваліфікацыйныя характарыстыкі для работнікаў некаторых галін не абнаўляліся шмат гадоў. На сённяшні момант нават 5 гадоў для іх — гэта вельмі вялікі тэрмін. Актуальнасць стварэння новага механізма выклікана імклівым развіццём эканомікі, сфер вытворчасці, укараненнем новых сучасных тэхналогій.

— Прафесійныя стандарты маюць больш гнуткую структуру, яны больш мабільныя і могуць абнаўляцца хутка і часта, што вельмі  актуальна для сучаснай эканомікі, дзе ўкараняюцца ў тым ліку інфармацыйныя тэхналогіі, — адзначыла Ю.С.Сычова. — Прафесійны стандарт распрацоўваецца на від працоўнай дзейнасці і дазваляе наймальнікам ства­раць службовыя (рабочыя) інструкцыі, арганізоўваць далейшае прафесійнае развіццё работнікаў праз профільныя курсы, семінары і г.д. Работнікам і будучым абітурыентам, а таксама іх бацькам прафесійны стандарт дазволіць планаваць напрамкі навучання і прафесійнай падрыхтоўкі, вызначаць, якія працоўныя функцыі работніку трэба засвоіць дадаткова, каб выйсці на новы прафесійны ўзровень і тым самым забяспечыць кар’ерны рост. З улікам пастаўленых задач сістэма адукацыі распрацоўвае адукацыйныя стандарты згодна з патрэбамі галіны, ацэньвае ўзроўні ведаў, уменняў і навыкаў выпускнікоў.

Упершыню ў стратэгіі ўдасканалення НСК вызначана паняцце нефармальнага навучання. Прафесійныя стандарты дазволяць праз незалежную ацэнку і сертыфікацыю кваліфікацый ацаніць веды, уменні і навыкі работніка, сфарміраваныя ў выніку такога навучання. У адрозненне ад кваліфікацыйных характарыстык, прафесійны стандарт больш насычаны, дае больш поўную інфармацыю аб тым, чым павінен займацца работнік у той ці іншай сферы, характарызуе працоўныя дзеянні, акрэслівае больш дакладна патрабаванні да неабходных ведаў і ўменняў з улікам запытаў эканомікі, канкрэтнай галіны. Адным словам, у кваліфікацыйнай характарыстыцы прадстаўлены больш агульныя патрабаванні, а ў прафесійным стандарце —  больш канкрэтныя. Напрыклад, кваліфікацыйная характарыстыка такой спецыяльнасці, як тэхнік, з’яўляецца агульнай для ўсіх галін. Яна не мае канкрэтызацыі ведаў і ўменняў, характэрных для адной пэўнай галіны. Пры існаванні прафесійнага стандарту такога не будзе.

Акрамя таго, у прафесійным стандарце, улічваючы імклівасць развіцця прадпрыемстваў і арганізацый, закладваюцца тыя працоўныя функцыі, якія з’яўляюцца апераджальнымі. Асаблівасцю прафесійнага стандарту з’яўляецца тое, што ён забяспечыць не толькі дзяржаўны сектар эканомікі, але і прыватны. Улічваючы гэта, да распрацоўкі прафесійных стандартаў далучаны прадстаўнікі як дзяржаўнага сектара, так і прыватнага.

На змест прафесійнага стандарту ўплываюць і інвестыцыйныя праекты, якія рэалізуюцца ў нашай краіне разам з міжнароднымі партнёрамі. Праекты дазваляюць вызначыць перспектывы развіцця той ці іншай галіны, запазычыць сусветны вопыт у тым, якія патрабаванні прад’яўляюцца да падрыхтоўкі спецыялістаў з улікам укаранення ў вытворчасць найноўшых тэхналогій.

Прафесійны стандарт распрацоўваецца сектаральнымі саветамі, якія створаны пры галіновых міністэрствах. На сённяшні дзень у краіне функцыянуюць сектаральныя саветы кваліфікацый пры Міністэрстве адукацыі, Міністэрстве прамысловасці, Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва, Дзяржкаммаёмасці, Міністэрстве эканомікі, Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, Адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій, Міністэрстве інфарматызацыі і сувязі, у IT-сектары. Цяпер іх 9, яшчэ 2 будуць створаны ў найбліжэйшы час. На сённяшні дзень распрацаваны 3 прафесійныя стандарты, якія будуць укаранёны ў сацыяльнай сферы, прамысловасці, у сферы дзяржмаёмасці. Гэтыя стандарты прахо­дзяць узгадненне ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Як адзначыла Юлія Сяргееўна Сычова, сапраўды, з выхадам прафесійнага стандарту стане больш зразумела, якія спецыялісты патрэбны на рабочым месцы, што будзе выконваць кожны з іх, якія веды і ўменні яму спатрэбяцца. Паралельна гэта дазволіць зрабіць невялікую рэвізію існуючых вучэбных праграм, адукацыйных стандартаў. Педагог зможа зразумець, якіх ведаў яму не хапае для якаснага правядзення вучэбных заняткаў, і, згодна з гэтым, можна будзе падаб­раць месца і змест яго стажыроўкі, павышэння кваліфікацыі.

У рамках праекта “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі” да канца 2020 года плануецца распрацаваць 45 прафесійных стандартаў.

— Мы павінны разумець, што работа гэтая цяжкая. Гэта першы наш вопыт, і хутка мы гэтую справу не зробім, — адзначыла Ю.С.Сычова. — Але ў гэтай рабоце ёсць шмат станоўчых момантаў. Распрацоўка прафесійнага стандарту істотна актывізавала нашых вытворцаў, заказчыкаў кадраў, аб’яднала іх намаганні, стала адной з актуальных задач галіновых міністэрстваў і ведамстваў.

Аб гэтым сведчыць той факт, што сектаральныя саветы ўзначальваюць намеснікі міністраў профільных міністэрстваў, а ў склад рабочых груп, якія займаюцца распрацоўкай прафесійных стандартаў, у асноўным уваходзяць прадстаўнікі вытворчасці, спецыялісты, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у вытворчым працэсе, і тыя, хто адказвае за кадравую палітыку сваіх прадпрыемстваў і арганізацый. Прадстаўнікі сістэмы адукацыі падключаюцца да гэтага працэсу ў асноўным для таго, каб аказаць дапамогу ў непасрэдным прапісванні ведаў і ўменняў у прафесійны стандарт.

У зацверджаным пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны макеце прафесійнага стандарту прадстаўлена характарыстыка дзейнасці работніка і коратка апісана, чым ён павінен займацца. Далей у прафесійным стандарце праз апісанне абагульненых працоўных функцый і дзейнасці работніка на канкрэтным рабочым месцы больш дакладна апісваецца, чым павінен займацца работнік на кожным этапе сваёй дзейнасці. Затым ідзе апісанне таго, якімі ведамі і ўменнямі павінен валодаць работнік, для таго каб выканаць пэўную працоўную функцыю. Гэтыя патрабаванні да ведаў і ўменняў будуць укладзены ў адукацыйны стандарт. На аснове макета прафесійнага стандарту сістэма адукацыі распрацоўвае макет адукацыйнага стандарту. Спачатку Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі распрацаваў пробны макет, і першае яго абмеркаванне праходзіла на пасяджэнні вучэбна-метадычнага аб’яднання ў галіне будаўніцтва. Затым макет быў перада­дзены на экспертызу ў адпаведныя органы. З улікам заўваг і прапаноў макет дапрацоўваецца і будзе паўторна прадстаўлены на грамадскае абмеркаванне.

— Важна, што ўжо на этапе распрацоўкі прафесійных стандартаў мы можам укараняць у адукацыйны працэс новыя тэхналогіі праз вучэбныя праграмы — адзначыла Ю.С.Сычова.

РІПА будзе рэагаваць на змяненні, звязаныя з укараненнем прафесійных стандартаў. Інстытут будзе акумуляваць вакол сябе ўсе ўстановы адукацыі і арганізацыі — заказчыкі кадраў і тым самым спрыяць абнаўленню адукацыйных стандартаў, унясенню адпаведных змяненняў у вучэбныя планы і праграмы з улікам зместу прафесійных стандартаў.

У рамках ужо згаданага еўрапейскага праекта ідзе навучанне нацыянальных экспертаў, работадаўцаў па распрацоўцы прафесійных стандартаў у трох сектарах эканомікі: машынабудаванні, будаўніцтве і сферы паслуг. Да гэтага падключаны міжнародныя эксперты з вялікім вопытам работы ў гэтым кірунку. ­Адзін з іх — Ёве Янкулоўскі. Ён мае магістарскую ступень у сферы адукацыі, а таксама доктарскую — у тэхнічных навуках: інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў сферы адукацыі.

— Пры стварэнні прафесійных стандартаў вельмі важна ўлічваць патрабаванні вытворцаў, — падкрэсліў Ёве Янкулоўскі. — На гэта, па сутнасці, і скіраваны прафесійны стандарт, у аснове якога будзе знаходзіцца заказ работадаўцаў. А ў сектаральныя саветы павінны быць прыцягнуты вядучыя прадпрыемствы і арганізацыі з мэтай вызначэння асноўных патрабаванняў да спецыялістаў. 

Як паведаміў міжнародны эксперт, у 2017 годзе Навукова-даследчы інстытут Міністэрства працы і сацыяльнай абароны разам з іншымі зацікаўленымі структурамі распрацаваў метадычныя рэкамендацыі па распрацоўцы прафесійных стандартаў. На аснове гэтага дакумента разам з рабочымі групамі была пачата распрацоўка прафесійных стандартаў. Перш-наперш была падрыхтавана метадалогія іх распрацоўкі, у якой прадстаўлена дэталёвае апісанне ўсяго працэсу распрацоўкі стандарту ў адпаведнасці з яго макетам. Акрамя таго, гэтая метадалогія можа служыць і дапаможнікам па распрацоўцы прафесійных стандартаў, бо раскрывае, як працаваць з кожным элементам прафесійнага стандарту. У ёй закладзены ідэі, прапановы аб падыходзе да розных элементаў прафесійнага стандарту, які адлюстроўвае міжнародны вопыт. У навучанні выкарыстоўваюцца розныя перадавыя практыкі, што было пацверджана ў час адукацыйнага візіту прадстаўнікоў будаўнічай і машынабудаўнічай галіны, прадпрыемстваў і арганізацый Беларусі ў Славенію.

Сфера выкарыстання прафесійных стандартаў даволі шырокая, зазначыў міжнародны эксперт. Прафесійныя стандарты будуць выкарыстоўваць работадаўцы пры працаўладкаванні работнікаў і рэгламентацыі іх працоўнай дзейнасці, арганізацыі іх прафесійнага развіцця. Самі работнікі бу­дуць выкарыстоўваць гэты стандарт пры выбары кваліфікацый, планаванні напрамкаў навучання і прафесійнай падрыхтоўкі, вызначэнні перспектыў працаўладкавання і кар’ернага росту. У сваю чаргу, сістэма адукацыі будзе выкарыстоўваць прафесійныя стандарты пры вызначэнні кваліфікацый, па якіх неабходна падрыхтоўка кадраў, пры распрацоўцы адукацыйных стандартаў, ацэньванні ўзроўню ведаў, уменняў і навыкаў. Прафесійныя стандарты будуць прымяняцца таксама пры незалежнай ацэнцы і сертыфікацыі кваліфікацый, для вызначэння якасці ведаў, уменняў і навыкаў работніка, сфарміраваных нефармальна.

Работадаўцы, спецыялісты-практыкі вельмі актыўна займаюцца распрацоўкай прафесійных стандартаў. Яны сталі лідарамі ў гэтай справе. Гэта сведчыць аб тым, што наймальнікі кадраў асэнсавана падыхо­дзяць да распрацоўкі і ўкаранення прафесійных стандартаў, бачаць у гэтым каштоўнасць і неабходнасць. Па сутнасці, вытворцы сёння сталі праваднікамі змен у эканоміцы, забеспячэння сацыяльнага прызнання прафесійных стандартаў. А гэта вельмі важна.

Ала КЛЮЙКО.