Прафесійны выбар — новая мадэль

- 11:19World Skills

Згодна з рашэннем Міністэрства адукацыі нашай краіны, Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці з’яўляецца каардынатарам руху JuniorSkills у нашай краіне і ажыццяўляе дзейнасць па арганізацыйна-тэхнічным, метадычным забеспячэнні падрыхтоўкі і правядзення Рэспубліканскага конкурсу JuniorSkills, падрыхтоўцы рэспубліканскай каманды для ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах. З гэтай мэтай у цэнтры быў праведзены рэспубліканскі семінар “Фарміраванне і развіццё прафесійных кампетэнцый сярод навучэнцаў у рамках Рэспубліканскага конкурсу JuniorSkills”. У размове прынялі ўдзел работнікі ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, кіраўнікі і спецыялісты ўстаноў адукацыі ўсіх узроўняў. Вёў пасяджэнне дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці С.М.Сачко.

Зменлівая структура эканомікі прадугледжвае сёння і змены ў складзе прафесій, і не толькі ў колькасным, але і зместавым сэнсе. Многія з прафесій адміраюць, на іх месца прыходзяць новыя, пашыраюцца функцыі ўжо існуючых. З’яўленне сучасных матэрыялаў, крыніц энергіі, тэхналогій, новай арганізацыі вытворчасці ставіць мэту забяспечыць галіны эканомікі і сацыяльнай сферы высокакваліфікаванымі кадрамі. Для вырашэння гэтай задачы неабходна актывізацыя работы па ранняй прафарыентацыі вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Найбольш дзейсным крокам у гэтым стане рух JuniorSkills, накіраваны на прыцягненне ўвагі дзяцей і моладзі да свету прафесій, аказанне дапамогі ў выбары далейшага прафесійнага шляху. Гэты рух, безумоўна, будзе садзейнічаць удасканаленню сістэмы прафарыентацыйнай работы ў нашай краіне, дазволіць павысіць матывацыю ў школьным асяроддзі для засваення ў далейшым высокатэхналагiчных iнжынерных і рабочых прафесій. Напэўна, настаў час, калі ў гэты працэс найбольш актыўна і з большай адказнасцю павінны ўключацца работадаўцы, без прапаноў якіх нельга зрабіць выбар нашай моладзі больш матываваным. Прадстаўляць прафесію трэба з розных бакоў. Сёння ж звычайна гэта робіць установа адукацыі, якая дэманструе школьнікам, як вучаць прафесіі. Такое мерапрыемства, як дзень адкрытых дзвярэй у навучальных установах, стала ўжо мерапрыемствам з доўгай гісторыяй, затое дзверы на свае прадпрыемствы заказчыкі кадраў не вельмі імкнуцца адчыняць. Але, відавочна, што без гэтага пражыць і зрабіць прафарыентацыю найбольш дзейснай не ўдасца, таму мэтазгодна з боку прадпрыемстваў і арганізацый паказваць школьнікам, дзе будуць працаваць маладыя рабочыя і спецыялісты, якія там умовы працы, якое абсталяванне прыйдзецца засвойваць, які клімат у рабочым калектыве і ўвогуле якія сацыяльныя гарантыі атрымае малады чалавек пасля працаўладкавання.
Прыкметай часу апошніх гадоў стала рэалізацыя новых ідэй у развіцці прафесійнай адукацыі. Перш за ўсё гэта выхад на міжнародны ўзровень, што істотна павысіла прыцягальнасць прафесійнай адукацыі. Асабліва павысілася якасць прафарыентацыйнай работы, у тым ліку за кошт новага аргумента — магчымасці школьнікаў паўдзельнічаць у маштабных міжнародных спаборніцтвах JuniorSkills, а навучэнскай моладзі — у WorldSkills. Магчыма, самым эфектыўным спосабам у прафарыентацыйнай рабоце па фарміраванні прафесійнага выбару і ўвогуле на шляху самавызначэння, усведамлення таго, хто я і на што я здольны, адыгрывае жывы прыклад — нашы пераможцы. Іх можна назваць нашымі героямі, перамогі якіх сталі першай старонкай у гісторыі нацыянальнага руху JuniorSkills. У мінулым годзе наша каманда, сфарміраваная ў Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, прывезла першыя ўзнагароды з Екацярынбурга. Пад кіраўніцтвам свайго трэнера загадчыка лабараторыі робататэхнікі С.Г.Кулакова Арцемій Вахрамееў і Ілья Лісіца паказалі высокі клас на спаборніцвах. Іх робаты называлі жывымі з-за вялікай функцыянальнасці, якая здзівіла нават строгіх суддзяў. У кампетэнцыі “Прататыпаванне” выступалі гімназісты сталічнай гімназіі № 2 Аляксандр Яфімчык і Макар Чыждзенка, выхаванцы інжынера-канструктара педагога адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій Юрыя Альшаніка. Хлопцы прынеслі нашай камандзе залатыя ўзнагароды. Усе пераможцы чэмпіянату JuniorSkills 2015 года атрымалі імянныя пуцёўкі на спецыялізаваную змену ва Усерасійскім дзіцячым цэнтры Анапы. Там удзельнікі спаборніцтваў змогуць не толькі адпачыць на моры, але і прайсці прафесійную падрыхтоўку ў рамках softskills.Чым не прыклад для іншых нашых школьнікаў, чым не самы лепшы стымул для развіцця сваёй асобы?!
Сяргей Міхайлавіч Сачко, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, пацвердзіў, што прафесійная арыентацыя заклікана вырашаць задачу фарміравання асобы работніка новага тыпу, што забяспечыць эфектыўнае выкарыстанне кадравага патэнцыялу ў нашым сацыяльна-эканамічным комплексе і рацыянальнае рэгуляванне рынку працы. Падрыхтоўка школьнікаў да свядомага выбару будучай прафесіі вырашаецца сёння перш за ўсё ўстановамі адукацыі, у тым ліку ўстановамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Па сутнасці, сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі адведзена адна з галоўных роляў. Сёння ўстановы дадатковай адукацыі ствараюць для дзяцей тое нефармальнае асяроддзе, якое спрыяе раскрыццю асобы кожнага дзіцяці і развіццю яго талентаў. Школьнікі могуць знайсці ў такой установе занятак па душы і вызначыцца, кім стаць у будучым.
Але замкнуцца толькі на адной сістэме дадатковай адукацыі нельга, наадварот, трэба аб’ядноўвацца з установамі агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, і не толькі ў зместавым насычэнні прафарыентацыйнай работы, але і ў выкарыстанні іх матэрыяльна-тэхнічнай базы для падрыхтоўкі школьнікаў. Такім чынам установы ўсіх узроўняў будуць працаваць на забеспячэнне падрыхтоўкі будучых удзельнікаў JuniorSkills.
Ала Сцяпанаўна Герасімук, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, тэхнiчны дэлегат JuniorSkills Bеlarus, раскрыла сутнасць мадэлі прафарыентацыйнай работы, якая з улікам правядзення спаборніцтваў новага фармату павінна мець больш эфектыўныя формы ўздзеяння на прафесійны выбар школьнікаў.
У прадстаўленні новых кірункаў прафарыентацыйнай работы Ала Сцяпанаўна паведаміла, што традыцыйная мадэль прафарыентацыі ў нашых навучальных установах уключае ў сябе ўзаемадзеянне педагога, вучня і бацькоў, якое скіравана на прафесійнае вызначэнне дзяцей. Задача педагога — весці прафарыентацыйную работу як на ўроках, так і ў пазаўрочны час, як у школе, так і за яе межамі. Паралельна павінна весціся павышэнне кваліфікацыі педагагічнага складу, наведванне адпаведных курсаў, самаадукацыя, пошук новых шляхоў прафарыентацыі школьнікаў, раскрыццё здольнасцей дзяцей, іх схільнасцей да таго ці іншага віду дзейнасці і тым самым матывацыя іх на ўсвядомлены выбар. Нельга ажыццявіць пастаўленую мэту без дапамогі бацькоў, якія звычайна аказваюць асноўны ўплыў на выбар сваіх дзяцей. Каб не пашкодзіць, каб не зрабіць памылку, бацькі павінны ўнікаць, а не пасіўна сузіраць, чым цікавіцца іх дзіця, да чаго імкнецца.
Сёння ёсць сэнс развіваць інтэрактыўную мадэль прафарыентацыі. Ажыццявіць інтэрактыўнасць дазваляюць новыя інфармацыйныя тэхналогіі, якія нясуць не толькі інфармацыйны паток, а заснаваны на ўзаемадзеянні з самім спажыўцом гэтай інфармацыі, што дазваляе наладжваць паміж імі зваротную сувязь. Такімі новымі сродкамі можна правесці прафесійнае інфармаванне, кансультаванне, прафдыягностыку. Новым напрамкам з’яўляецца стварэнне так званых зон бяспечнай памылкі — гэта аб’яднанні па інтарэсах, прафесійныя пробы, конкурсы прафесійнага майстэрства, нарошчванне прафесійных кампетэнцый і, безумоўна, рух JuniorSkills, які адкрывае новыя гарызонты прафарыентацыйнай работы. Iнтэрактыўная мадэль фарміравання прафесійнага самавызначэння для вучняў школ, гімназій, ліцэяў заклікана стварыць умовы для практычнага асваення той ці іншай прафесіі, набыцця вопыту той прафесійнай дзейнасці, якую кожны з іх збіраецца выбіраць ці ўжо выбраў, і спрабуе вызначыць, ці адпавядае характар гэтай дзейнасці яго здольнасцям і ўменням. Механізм рэалізацыі інтэрактыўнай прафарыентацыйнай мадэлі найбольш яскрава быў прадстаўлены на II Нацыянальным чэмпіянаце рабочых прафесій высокатэхналагічных галін прамысловасці, які прайшоў у Екацярынбургу (Расійская Федэрацыя) і дзе нашы юныя робататэхнікі, як ужо адзначалася, праявілі сябе з самага лепшага боку. Выхаванцы Сяргея Генадзьевіча Кулакова паказвалі сваё майстэрства на многіх рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах, а разам з гэтым у іх педагога расло майстэрства трэнера і эксперта.
Цяпер лабараторыя робататэхнікі развіваецца з улікам міжнародных тэндэнцый, жаданне займацца ў ёй расце ў дзяцей з кожным годам. Сяргей Генадзьевіч, акрамя работы ў лабараторыі, удзельнічае ў профільнай змене ў лагеры “Зубраня”, дзе арганізоўвае майстар-класы, працуе са сваімі выхаванцамі над рэалізацыяй міні-праектаў па мабільнай робататэхніцы. Дзякуючы свайму аўтарытэту, С.Г.Кулакоў прызнаны галоўным экспертам JuniorSkills Bеlarus. А стварыць экспертнае таварыства — задача не менш важная, чым сфарміраваць склад удзельнікаў JuniorSkills. Педагог неаднойчы ўдзельнічаў са сваімі выхаванцамі ў міжнародных спаборніцтвах, мае пэўны вопыт у гэтым і падзяліўся сваімі ведамі ў арганізацыі і правядзенні спаборніцтваў такога высокага ўзроўню. С.Г.Кулакоў паведаміў аб структуры і змесце конкурсных заданняў, крытэрыях іх ацэньвання.
Безумоўна, важным момантам у арганізацыі конкурсу з’яўляецца набыццё сучаснага абсталявання, ад выкарыстання якога залежыць поспех удзельнікаў. Неабходны метадычны складнік павінен суправаджаць увесь этап падрыхтоўкі канкурсантаў. А кадравы патэнцыял, які будзе забяспечваць падрыхтоўку ўдзельнікаў спаборніцтва, павінен быць асноватворным і адпавядаць самаму якаснаму, высокаму ўзроўню. Вельмі значным з’яўляецца прыцягненне спонсараў, партнёраў з іншых галін эканомікі і сацыяльнай сферы, для якіх у значнай меры і разгарнулася работа па ранняй прафарыентацыі дзяцей і моладзі і далейшым вызначэнні іх працоўнага шляху.
Гаворачы больш канкрэтна аб кампетэнцыях, С.Г.Кулакоў адзначыў, што сфера мабільнай робататэхнікі патрэбна ў эканоміцы. Перш-наперш гэта інтэлектуальныя транспартныя сродкі, беспілотныя аўтамабілі, якія пры стварэнні патрабуюць істотнага аб’ёму ведаў, асабліва ў праграмаванні, канструяванні, лагістыцы. У сферы прамысловай робататэхнікі адбываецца аўтаматызацыя вытворчасці на аснове робатаў-маніпулятараў, таму відавочна, што мадэрнізаваная вытворчасць мае патрэбу ў адпаведна падрыхтаваных спецыялістах, здольных працаваць на абсталяванні самага высокага ўзроўню.
З улікам арганізацыі руху JuniorSkills у Беларусі сёння вядзецца фарміраванне адпаведнай нарматыўнай базы. Актыўна працуе аргкамітэт, які заняты парадкам рэгламентавання спаборніцтваў. Вядзецца пошук партнёраў, якія маглі б выступаць у ролі экспертаў, рыхтаваць каманды для выступленняў. Наладжваецца супрацоўніцтва з інвестарамі, спонсарамі і ўвогуле аднадумцамі, якім неабыякавы гэты конкурс і якія могуць яго падтрымаць, а значыць, выгадна ўкласці свае сродкі ў развіццё нашай эканомікі.
Сёння работа па арганізацыі JuniorSkills у Беларусі заснавана на такой нарматыўнай базе, як Загад Мiнiстра адукацыi Рэспублiкi Беларусь ад 04.02.2015 № 98 “Аб падрыхтоўцы да конкурсаў па ранняй прафарыентацыі і асновах прафесійнай падрыхтоўкі і развіцці руху JuniorSkills сярод навучэнцаў устаноў адукацыі”, План мерапрыемстваў па арганізацыі работы па ранняй прафарыентацыі і асновах прафесійнай падрыхтоўкі вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па методыцы JuniorSkills, зацверджаны 11.11.2015 міністрам адукацыі М.А.Жураўковым, і Інструктыўна-метадычнае пісьмо “Асаблівасці арганізацыі і правядзення Рэспубліканскага конкурсу сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі JuniorSkills Belarus у 2016 годзе”, зацверджанае 21.01.2016 намеснікам міністра адукацыі В.В.Якжыкам. Згодна з гэтымі дакументамі, Рэспубліканскі конкурс JuniorSkills Belarus праводзіцца ў рамках Рэспубліканскага конкурсу па прафесійным майстэрстве сярод рабочых (служачых), спецыялістаў і навучэнцаў, якія атрымліваюць прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую адукацыю WorldSkills Belarus. Рэспубліканскі этап будзе праводзіцца 17—19 мая 2016 года.
На гэты дзень ужо сфарміраваны конкурсныя кампетэнцыі JuniorSkills Belarus. У іх пералік уваходзяць: мабільная робататэхніка, прамысловая робататэхніка, тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў, прататыпаванне, нейрапілатаванне, сістэмнае адміністраванне, інжынерны дызайн CAD. Для прадстаўленых кампетэнцый маюць месца асаблівасці ў правядзенні спаборніцтваў. Так, напрыклад, рэспубліканскі конкурс па кампетэнцыях “Мабільная робататэхніка”, “Сістэмнае адміністраванне”, “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў” праводзіцца ў тры этапы: першы этап — гэта раённыя і гарадскія спаборніцтвы, другі — спаборнітцтвы ў абласцях і ў Мінску, трэці этап — рэспубліканскі. Рэспубліканскі конкурс па кампетэнцыях “Прамысловая робататэхніка”, “Прататыпаванне”, “Інжынерны дызайн CAD”, “Нейрапілатаванне” праводзіцца ў два этапы: першы — ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і іншых арганізацыях, якія прынялі рашэнне аб правядзенні спаборніцтва, другі этап — рэспубліканскі. Удзельнікамі рэспубліканскага конкурсу стануць навучэнцы ва ўзросце ад 10 да 17 гадоў. Рэспубліканскі этап JuniorSkills Belarus — 2016 пройдзе 17—19 мая гэтага года на базе спартыўнага комплексу “Футбольны манеж” у Мінску.
Для павышэння папулярнасці сярод школьнікаў рабочых прафесій, запатрабаваных на рынку працы, пашырэння ведаў навучэнцаў аб свеце прафесій і фарміравання іх станоўчага іміджу ў рамках конкурсу будзе арганізавана работа інтэрактыўных прафарыентацыйных пляцовак “Усе грані прафесіі”.
Арганізацыя такіх пляцовак мае мэтай павышэнне цікавасці гледачоў да разнастайных прафесій праз выкарыстанне інтэрактыўных форм прафарыентацыйнай работы, такіх як рэкламная прома-акцыя, флэш-моб, творчая майстэрня, віртуальная экскурсія, ролевая або дзелавая гульня, майстар-клас, конкурсы і інш. Такі падыход да арганізацыі работы пляцовак дазволіць раскрыць творчы патэнцыял навучэнцаў, стварыць прывабны імідж прафесій.
З мэтай развіцця руху JuniorSkills у Рэспубліцы Беларусь запланаваны шэраг рэспубліканскіх адукацыйных мерапрыемстваў, у ліку якіх — вучэбны семінар для экспертаў JuniorSkills “Правілы правядзення Рэспубліканскага конкурсу JuniorSkills і сістэма ацэньвання CIS у адпаведнасці з патрабаваннямі WorldSkills International, які адбудзецца 17 лютага 2016 года ў Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. У сакавіку гэтага года таксама на базе цэнтра пройдзе Рэспубліканскі турнір-спаборніцтва па робататэхніцы сярод навучэнскай і студэнцкай моладзі.
Без сумнення, рух JuniorSkills, які сёння набірае тэмп у нашай краіне, не толькі ўнясе важкі ўклад у папулярызацыю прафесійнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, але і будзе спрыяць павышэнню яе прэстыжу на міжнароднай арэне.

Ала КЛЮЙКО.