Прафесійны выбар, які прыносіць перамогу

У музеі Вялікай Айчыннай вайны прайшлі ўрачыстыя провады нацыянальнай каманды Беларусі на 45-ы Міжнародны чэмпіянат прафесійнага майстэрства WorldSkills Kazan — 2019, у якіх прынялі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь І.В.Петрышэнка, міністр адукацыі І.В.Карпенка, прадстаўнікі БРСМ, ветэраны вайны, педагогі і кіраўнікі сістэмы прафесійнай адукацыі нашай краіны.

У звароце да моладзі І.В.Пет­рышэнка адзначыў, што прафесійная адукацыя развіваецца вельмі імкліва. На дзяржаўным узроўні прафесійнай падрыхтоўцы спецыя­лістаў удзяляецца вялікая ўвага.

— Гэта аснова асноў развіцця нашай эканомікі і ў цэлым нашай краіны, — падкрэсліў І.В.Пет­рышэнка. — Для нас вельмі важна ўкараняць сучасныя тэхналогіі, новыя методыкі ў падрыхтоўцы кадраў, і ў гэтым нам дапамагае рух WorldSkills, які стаў для сістэмы прафесійнай адукацыі своеасаблівым брэндам. Дзякуючы яму, расце прэстыж рабочых прафесій сярод нашай моладзі, узнімаецца на больш высокі ўзровень прафесійнае майстэрства працоўных рэсурсаў.

Як адзначыў І.В.Петрышэнка, сёння дзяржава клапоціцца аб тым, каб установы прафесійнай адукацыі мелі сучаснае матэ­рыяльна-тэхнічнае аснашчэнне, каб укараняліся новыя перадавыя тэхналогіі, адсочваліся міжнародныя тэндэнцыі і тым самым наша краіна была супастаўна ў прафесійнай падрыхтоўцы кадраў з сусветнымі трэндамі, у тым ліку і на пляцоўках WorldSkills.

І.В.Петрышэнка пажадаў членам нацыянальнай зборнай выступіць у Казані на самым высокім узроўні.

У тэатралізаваным паказе, прысвечаным ганаровым провадам беларускай каманды, прынялі ўдзел навучэнцы з многіх навучальных устаноў Мінска і рэгіёнаў, якія прадставілі спектр рабочых прафесій, найбольш запатрабаваных сёння на рынку працы.

WorldSkills — самы буйны міжнародны рух, які на працягу больш як 60 гадоў аб’ядноўвае маладых прафесіяналаў усяго свету. Гэта спаборніцтвы, дзе маладыя май­стры з сотні краін свету маюць магчымасць заявіць пра сябе і прадэманстраваць свае прафесійныя навыкі. WorldSkills — гэта павышэнне прэстыжу рабочых прафесій, дэманстрацыя важнасці ўменняў і навыкаў для эканамічнага росту і асабістага поспеху, гэта ўкараненне ў сістэму падрыхтоўкі кадраў інавацыйных тэхналогій і высокатэхналагічнага абсталявання, гэта трывалы механізм узаемадзеяння ўстаноў адукацыі і высокатэхналагічных прадпрыемстваў рэальных сектараў эканомікі, магчы­масць прыцягнення ўдзельнікаў міжнародных спаборніцтваў у сістэму прафесійнай адукацыі ў якасці выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання. Такія ўзнёслыя словы гучалі на провадах у выступленнях прадстаўнікоў сістэмы прафесійнай адукацыі, вытворцаў-спонсараў, экпертаў, былых канкурсантаў міжнародных спаборніцтваў, педагогаў і кіраўнікоў устаноў прафесійнай адукацыі.

Усе яны жадалі паспяховага выступлення членам нацыянальнай зборнай на чэмпіянаце ў Казані.

— Вы ўжо нашы пераможцы, — заявіў С.А.Касцючэнка, старшыня праўлення адкрытага акцыянернага таварыства “Пріорбанк”, які выступае спонсарам нацыянальнай каманды Беларусі на чэмпіянатах WorldSkills.— І не толькі таму, што вы пераможна прайшлі ўсе адборачныя этапы гэтага руху, сталі пераможцамі Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills у 2018 годзе, а яшчэ і таму, што зрабілі правільны прафесійны выбар, знайшлі сваю прафесію, у якой сталі выдатнымі майстрамі. Гэта дарагога варта.

На сёлетні чэмпіянат свету ў Казань накіроўваецца каманда, члены якой прымуць удзел у 33 прафесійных кампетэнцыях. Некаторыя з іх будуць прадстаўлены нашымі канкурсантамі ўпершыню. Акрамя таго,беларусы ва ўзросце ад 10 да 17 гадоў будуць удзельнічаць у JuniorSkills. Адной з прыярытэтных ініцыятыў руху WorldSkills, накіраваных на апераджальную падрыхтоўку кадраў, з’яўляецца FutureSkills, дзе таксама будуць прымаць удзел прадстаўнікі Беларусі ў трох кампетэнцыях.

Сёлетнія ўрачыстыя провады праводзіліся пад знакам юбілейнай для нашай краіны даты — 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яскравым увасабленнем баявой славы, пераможнага духу нашага народа стаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, баявы афіцэр, работнік прафесійнай адукацыі з вялікім стажам, стагадовы жыхар Мінска П.Я.Вардамацкі. Ён звярнуўся да маладых людзей з пажаданнямі паспяховага выступлення на чэмпіянаце.

Мерапрыемства завяршылася ўскладаннем вянка ля стэлы “Мінск — горад-герой” і фатаграфаваннем удзельнікаў сустрэчы з нацыянальнай зборнай Беларусі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.