Мы працягваем назіраць за падзеямі конкурсу WorldSkills Belarus — 2018, у якім будучыя прадстаўнікі розных прафесій дэманструюць сваё майстэрства. На Міншчыне ў спаборніцтвы ўключыліся маляры.
У Барысаўскім дзяржаўным будаўнічым прафесійным ліцэі адбыўся абласны этап Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018 па кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”. За званне лепшага спаборнічалі пяцёра канкурсантаў. Кожны атрымаў у якасці задання эскіз, які трэба было ператварыць у жыццё, стварыўшы цвёрдую фрэску. Каб выраб адпавядаў заданню, канкурсантам неабходна было правільна зрабіць разметку рабочай паверхні, пафарбаваць выраб дакладна падабранымі адценнямі фарбаў. Пры гэтым суддзі пільна сачылі за выкананнем тэхналогіі работ і патрабаванняў правіл аховы працы. У выніку журы былі прадстаўлены пяць выяў будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Пераможцай конкурсу стала навучэнка Барысаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя Настасся Нікіціна. Менавіта яна прадставіць Мінскую вобласць на рэспубліканскім этапе конкурсу.
Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена МАІРА.