Прафесія аб’ядноўвае

- 15:19World Skills

У рамках міжнароднага супрацоўніцтва ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ў Слуцкім дзяржаўным каледжы прайшоў Міжнародны конкурс прафесійнага майстэрства навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі па кампетэнцыі “Майстар малочнай вытворчасці”. Конкурс стаў трэцім па ліку, і да ранейшых яго ўдзельнікаў далучыўся яшчэ адзін — Пінскі аграрна-тэхналагічны каледж. З расійскага боку на спаборніцтвы зноў прыехалі прадстаўнікі Міжнароднага каледжа сыраробства і прафесійных тэхналогій Барнаула, Тэхналагічнага каледжа Савецка (Калінінградская вобласць). Чацвёртай камандай, якая прыняла ўдзел у спаборніцтве, стала каманда навучэнцаў Слуцкага дзяржаўнага каледжа, які  выступае ў ролі гаспадара гэтага конкурсу на працягу некалькіх гадоў.

Традыцыйна ўдзельнікам спаборніцтва трэба было прай­сці праз выпрабаванні двух этапаў — тэарэтычнага і практычнага. Каманды, у склад якіх уваходзіла па 2 навучэнцы, адказвалі на пытанні тэхналогіі вырабу малака і малочных прадуктаў падчас індывідуальнага камп’ютарнага тэсціравання. Потым канкурсанты азнаёміліся з вытворчай базай каледжа, дзе павінен быў адбыцца практычны этап спаборніцтва, з тым, як будуць выконвацца патрабаванні бяспекі, санітарных норм і правіл пры рабоце на абсталяванні ў вучэбнай лабараторыі сыраробства. У час практычнага этапу канкурсантам трэба было правесці даследаванне якасці зыходнай сыравіны, вырабіць мяккі сыр “Адыгейскі”, вызначыць якасныя паказчыкі гатовага прадукту, упакаваць, зрабіць маркіроўку, узважыць сыр. Ацэньвала работу канкурсантаў кампетэнтнае журы пад старшынствам Н.М.Малышкі, інжынера-мікрабіёлага Слуцкага сыраробнага камбіната. У ролі незалежнага эксперта выступіла В.Г.Сотчанка, інжынер Інстытута мяса-малочнай пра­мысловасці пры Нацыянальнай акадэміі навук.

Вынікі конкурсу падведзены ва ўрачыстай абстаноўцы, пераможцам былі ўручаны ўзнагароды. Дыпломы І ступені атрымалі каманды Слуцкага дзяржаўнага каледжа і Міжнароднага каледжа сыраробства і прафесійных тэхналогій. Слуцкі дзяржаўны каледж прадстаўлялі неаднаразовыя пераможцы конкурсаў выдатнікі вучобы Валерый Піліпенка і Дзяніс Курыла. Дыпломы  ІІ ступені — у Пінскага аграрна-тэхналагічнага каледжа і Тэхналагічнага кале­джа Савецка. У склад каманды Пінска ўваходзілі Дзмітрый Хведанцэвіч і Дзмітрый Мацейчык. Адпаведныя ўзнагароды атрымалі навучальныя ўстановы і ў намінацыях конкурсу. Усім удзельнікам уручаны каштоўныя падарункі ад спонсараў, у ролі якіх выступілі Слуцкі сыраробны камбінат, Слуцкі хлебазавод, універмаг “Слуцк”, Слуцкі дзяржаўны каледж.

Пасля ўрачыстага закрыцця конкурсу ўдзельнікі ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу ў Слуцку.

Як расказаў дырэктар Слуцкага дзяржаўнага каледжа Барыс Браніслававіч Блахін, акрамя самога конкурсу, яго ўдзельнікі і госці азнаёміліся з арганізацыяй адукацыйнага працэсу каледжа, была праведзена навукова-практычная канферэнцыя па абмене вопытам паміж установамі адукацыі. На любанскім філіяле Слуцкага сыраробнага камбіната ўдзельнікі спаборніцтва, педагогі, навучэнцы даведаліся шмат цікавага пра тэхналогію вырабу тварожных дэсертаў і масла, а таксама наведалі заняткі выкладчыкаў Слуцкага дзяржаўнага каледжа.

Намеснік дырэктара каледжа Ала Мікалаеўна Матусевіч паведаміла, што вынікам мерапрыемства стаў не толькі абмен прафесійным вопытам, але і ўмацаванне адносін паміж дзвюма краінамі. У праграму знахо­джання расійскіх калег былі ўключаны экскурсіі па Міншчыне, наведванне гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна”. Сёлетні конкурс быў прысвечаны 70-годдзю Слуцкага дзяржаўнага каледжа, і, па меркаванні кіраўніцтва каледжа, такія спаборніцтвы будуць праводзіцца рэгулярна на карысць прафесійнай адукацыі дзвюх краін.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Дар’і РЭВА.