Прафесія абаронцы Айчыны заўсёды карысталася павагай у нашага народа

Выпускнікі ваенных ВНУ павінны выкарыстоўваць усе свае веды і вопыт для павышэння эфектыўнасці і гарантавання нацыянальнай бяспекі краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўшанавання выпускнікоў ваенных ВНУ і вышэйшага афіцэрскага складу.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што “мы забяспечваем не толькі свой суверэнітэт, але і цесна ўзаемадзейнічаем з партнёрамі па Саюзнай дзяржаве і Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы”.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў цяперашніх умовах як ніколі важна вывучаць новыя формы ваенных дзеянняў, адсочваць зменлівую абстаноўку ў свеце. “Мы бачым, што ўзброеныя сутыкненні адбываюцца на Блізкім Усходзе, у Паўночнай Афрыцы, у нашай брацкай Украіне. Сур’ёзную заклапочанасць выклікае актыўнасць Паўночнаатлантычнага альянсу ва Усходняй Еўропе”, — канстатаваў прэзідэнт. Ён дадаў, што цяпер спосабы і формы вядзення вайны істотна змяніліся і сілавыя структуры Беларусі павінны дынамічна развівацца і ісці ў нагу з часам. “Таму сістэма абароны нашай краіны мае патрэбу ў пастаянным удасканаленні. Калі вы прыйдзеце на новае месца службы, у свае падраздзяленні, вырашэнне гэтай задачы стане вашым непасрэдным абавязкам і вашай штодзённай работай”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да выпускнікоў, якія, паводле яго слоў, павінны выкарыстоўваць усе свае веды і вопыт для павышэння эфектыўнасці і гарантавання нацыянальнай бяспекі краіны.
Прэзідэнт адзначыў, што карпатлівае выбудоўванне надзейнай сістэмы абароны, стварэнне мабільнай, высокапрафесійнай, баяздольнай арміі, якая можа процістаяць любым пагрозам сучаснасці, застаецца задачай першараднай важнасці на працягу двух дзясяткаў гадоў суверэннага развіцця Беларусі.
Эфектыўнасць і якасць навучання ў айчынных ваенных ВНУ прызнаны далёка за межамі краіны, адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Аб гэтым сведчыць запатрабаванасць падрыхтоўкі ў Беларусі прадстаўнікоў Узброеных Сіл блізкага і далёкага замежжа. “Няма той міжнароднай сустрэчы, дзе мае калегі-прэзідэнты не звярталіся б з просьбай дапамагчы ў падрыхтоўцы нацыянальных кадраў Узброеных Сіл. І гэта не толькі постсавецкая прастора. Гэта буйнейшыя дзяржавы нашай планеты. Ім падабаецца ўзровень падрыхтоўкі, парадак, адсутнасць усялякага фармалізму”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Пэўную ролю адыгрывае і кошт навучання, але “галоўнае — гэта якас ць і ўзровень падрыхтоўкі тых, хто прыязджае да нас па веды”, дадаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што якаснай падрыхтоўцы афіцэрскага корпуса ў краіне ўдзяляецца асаблівая ўвага. “Прафесія абаронцы Айчыны заўсёды карысталася павагай у нашага народа. Асабліва яскрава гэта відаць у год 70-годдзя Вялікай Перамогі, калі мы ўсенародна ўшаноўвалі воінаў-вызваліцеляў, наследнікамі слаўных традыцый якіх вы цяпер з’яўляецеся”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.