Прафесія дбайная, творчая, вечная

- 11:54Выбар прафесіі

Колькі б ні мінула часу, як бы ні мяняўся свет, пакуль будуць існаваць эканамічныя адносіны, будзе запатрабавана прафесія бухгалтара. Менавіта бухгалтар вызначае фінансавую стратэгію развіцця бізнесу і трымае ўсе даходы і расходы прадпрыемства пад кантролем. Яму даводзіцца пастаянна прымаць важныя рашэнні і несці за іх адказнасць. Зразумела, для эфектыўнай работы ад бухгалтара патрабуецца актыўны творчы падыход, кампетэнтнае меркаванне, арганізатарская ініцыятыва.

Пра тое, што вызначае бухгалтара сярод іншых прадстаўнікоў эканамічных спецыяльнасцей, нам расказала загадчык кафедры бухгалтарскага ўліку, аналізу і камерцыйнай дзейнасці эканамічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Вікторыя КАВАЛЬЧУК.

— Вікторыя Валер’еўна, наколькі папулярна зараз прафесія бухгалтара? Ці карыстаецца попытам спецыяльнасць “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” сярод абітурыентаў?

— Ніводнае камерцыйнае прадпрыемства, як і дзяржаўнае (нават грамадскія арганізацыі), не можа працаваць без бухгалтара. Многія лічаць згаданую прафесію недастаткова прэстыжнай сярод эканамічных спецыяльнасцей. Але гэта памылковая думка, таму што, па-першае, у выпускнікоў ёсць добрыя перспектывы кар’ернага росту. Пачынаючы з самай простай пасады — памочніка бухгалтара — можна вырасці да галоўнага бухгалтара або фінансавага дырэктара буйнога прадпрыемства. Па-другое, патрэба ў такіх кадрах заўсёды высокая, знайсці работу можна не толькі ў буйным горадзе, але і ў невялікім населеным пункце. Па-трэцяе, ёсць магчымасць пры жаданні перайсці ў блізкую прафесію — аўдытара, эканаміста, фінансіста, падатковага кансультанта. Па-чацвёртае, у бухгалтара, як правіла, добрая зарплата, якая расце разам з вопытам і атрыманнем дадатковых навыкаў (напрыклад, валоданне замежнай мовай, сучаснымі камп’ютарнымі праграмамі). І, нарэшце, заўсёды існуе магчымасць дадатковага заробку (разавыя справаздачы для невялікіх фірм і г.д.).

Атрымаўшы прафесію бухгалтара, можна не хвалявацца, што застанешся без работы. Кожны год дзейнасці дабаўляе бухгалтару каштоўнасці як спецыялісту.

Выпускнікі нашай кафедры, што атрымалі спецыяльнасць “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт”, валодаюць усімі неабходнымі ведамі і навыкамі для паспяховага старту ў прафесійнай і навуковай дзейнасці. Самае галоўнае — тое, што яны ў кароткія тэрміны знаходзяць працоўныя месцы на прадпрыемствах нашага рэгіёна і краіны, пачынаюць самастойную прадпрымальніцкую дзейнасць. Выпускнік кафедры можа працаваць бухгалтарам, аўдытарам, рэвізорам, супрацоўнікам падатковай службы, эканамістам, фінансістам, выкладчыкам або навуковым супрацоўнікам у галіне бухгалтарскага ўліку, аўдыту, аналізу, падаткаабкладання і фінансаў, супрацоўнікам дзяржаўных і муніцыпальных устаноў і арганізацый, спецыялістам у аўтсорсінгавых кампаніях па бухгалтарскім уліку. Набытыя навыкі работы ў праграмах “1С: прадпрыемства” значна пашыраюць сферу далейшага працаўладкавання такіх спецыялістаў. Веданне міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасці дазваляе нашым выпускнікам працаваць у сумесных прадпрыемствах і філіялах вядучых сусветных аўдытарскіх фірм.

Што да абітурыентаў, то ў апошнія гады карыстаецца папулярнасцю завочная адукацыя са скарочаным тэрмінам навучання. Студэнты праходзяць навучанне ў каледжах, размяркоўваюцца на работу ў арганізацыі і потым паступаюць ва ўніверсітэт для атрымання вышэйшай адукацыі. Тэрмін навучання на завочнай форме складае для іх 3 гады. Сёлета на завочнае аддзяленне са скарочаным тэрмінам навучання на спецыяльнасць “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” і “Камерцыйная дзейнасць” да нас паступілі 75 чалавек.

— Студэнты ўніверсітэта, акрамя навучання, вядуць вялікую грамадскую работу. Як адбіваецца інтэнсіўнае студэнцкае жыццё на вучэбным працэсе?

— Я думаю, самым станоўчым чынам. Навука дапамагае творча мысліць, вучыць студэнта не баяцца прымаць самастойныя смелыя рашэнні, што вельмі важна для будучай прафесіі бухгалтара і аўдытара. Грамадская дзейнасць развівае творчыя здольнасці студэнта, спрыяе фарміраванню яго лідарскіх якасцей.

На нашай кафедры створаны дзве студэнцкія навуковыя лабараторыі — “Капітал” і “Інавацыйная камерцыя”. Студэнты прымаюць актыўны ўдзел у асвятленні дзяржбюджэтных навуковых тэм, выступаюць з дакладамі на міжнародных і ўнутрыўніверсітэцкіх канферэнцыях і навуковых форумах у Беларусі і за мяжой. Толькі за апошнія пяць гадоў студэнтамі было апублікавана больш за 200 артыкулаў у навуковых выданнях і матэрыялах студэнцкіх канферэнцый.

З кожным годам якасць арганізацыі навучання на эканамічным факультэце павышаецца. Зараз кафедра бухгалтарскага ўліку, кантролю і камерцыйнай дзейнасці выкарыстоўвае сучасныя лабараторыі і лекцыйныя аўдыторыі, аснашчаныя мультымедыйным абсталяваннем. У адпаведнасці з патрабаваннямі стандартаў вышэйшай школы вучэбны працэс студэнтаў забяспечаны ліцэнзійным пакетам прыкладных праграм “1С: прадпрыемства”, сістэмай электроннага навучання Moodle. Праграмы тэсціравання, якія дазваляюць праводзіць прамежкавы і выніковы кантроль ведаў засвоенага матэрыялу студэнтаў, складзены выкладчыкамі кафедры. Студэнты спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” вучацца абагульняць і сістэматызаваць інфармацыю пра аперацыйную дзейнасць арганізацыі, аналізаваць і абгрунтоўваць кіраўніцкія рашэнні і выбіраць гаспадарчыя аперацыі, якія будуць вызначаць паспяховасць развіцця бізнесу. Яны набываюць навыкі работы з фінансавай інфармацыяй, вучацца правяраць яе дакладнасць, прадухіляць скажэнні і фальсіфікацыю.

— Якія вы бачыце перспектывы кафедры бухгалтарскага ўліку, аналізу і камерцыйнай дзейнасці?

— Зараз пераважная большасць сучасных арганізацый укараняе аўтаматызаваныя сістэмы бухгалтарскага ўліку, фінансавага аналізу, унутранага кантролю. Адпаведна, узрастае патрэба арганізацый у кваліфікаваных кадрах, якія валодаюць навыкамі кіравання інфармацыйнымі сістэмамі і тэхналогіямі. Улічваючы сучасныя тэндэнцыі развіцця эканомікі, мы вельмі разлічваем (і многае для гэтага робім), што ў нас атрымаецца адкрыць спецыяльнасць “Эканамічная інфарматыка”.

— Што б вы пажадалі студэнтам, якія вырашылі звязаць свой жыццёвы шлях з прафесіяй бухгалтара і аўдытара?

— Студэнтам жадаем, каб усе жыццёвыя экзамены былі вытрыманы на выдатна, гады навучання былі напоўнены новымі адкрыццямі і дасягненнямі, а атрыманыя веды і навыкі сталі запатрабаванымі і дапамагалі ў дасягненні прафесійных і кар’ерных вяршынь. І, як гавораць бухгалтары, каб дэбет сыходзіўся з крэдытам не толькі ў будучай рабоце, але і ў асабістым жыцці!

Размаўляла Наталля БАРТАШЭВІЧ.